Цела даўжынёй 3 — 5 см, лісцепадобнае, укрытае шыпікамі[1]. Мае 2 прысоскі. Кішэчнік двухгаліністы. Нервовая сістэма складаецца з каляглотачнага кальца і 3 пар нервовых ствалоў. Выдзяляльная сістэма протанефрыдыяльнага тыпу. Гермафрадыт. Яйцы (даўжыня 0,12 — 0,149, шырыня 0,07 — 0,09 мм) жоўтыя або жоўта-карычневыя. Лічынка (мірацыдый) праходзіць стадыі развіцця — спарацысты, рэдыі, цэркарыя і адалескарыя[1].
Характарызуецца складаным жыццёвым цыклам. Частка гэтага цыклу адбываецца ў целе прамежкавага гаспадара — прэснаводнага малюска — балацяніка малога (Galba truncatula), у целе якога паразіт размнажаецца бясполым шляхам. Мікраскапічныя мірацыдыі (раснічастая лічынка), якія трапляюць у цела слімака, дзе і развіваюцца да стадыі хвастатай лічынкі і распаўсюджваюцца па вадаёмах і вільготных лугах, фарміруючы адаляскарыі на паверхні раслін або ў вадзе. Гэтыя адаляскарыі часта паядаюцца жывёламі, часам чалавекам, які спажывае зялёныя часткі раслін без тэрмічнай апрацоўкі. Кантакт з кіслым асяроддзем страўніка спрыяе працэсу выхаду з абалонкі. У дванаццаціперснай кішцы паразіт цалкам вызваляецца з абалонкі і прагрызае праз сценку шлях да брушной поласці. Чарвяк не патрабуе харчавання на гэтай стадыі, але як толькі яму ўдасца знайсці парэнхімупечані, на што звычайна траціцца некалькі дзён, ён пачынае жывіцца крывёю. Няспелая стадыя ў печані выклікае развіццё анеміі і з’яўленне іншых сімптомаў. Паразіт перамяшчаецца праз печань на працягу 5-6 тыдняў, пакуль не знойдзе жоўцевую пратоку, дзе ён дасягае дарослай стадыі і пачынае адкладаць яйцы. Адзін чарвяк адкладае да 25 тысяч яец у дзень, а ў прыплодзе авечкі з лёгкай формай заражэння налічваюць каля 500 тысяч яец[крыніца?].