Хімба

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Хімба
Ovahimba
Агульная колькасць 15000 (2008)
Рэгіёны пражывання Намібія, Ангола
Мова герэра
Рэлігія монатэізм, культ продкаў
Блізкія этнічныя групы герэра, дхімба, авамба

Хімба (саманазва Ovahimba) — народ банту ў паўнёва-заходняй Афрыцы. Насяляюць поўдзень Анголы і поўнач Намібіі. Агульная колькасць (2008 г.) — каля 15 000 чал.[1]

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Лічыцца, што хімба маюць агульнае паходжанне з герэра[2]. У XIX ст. продкі сучасных герэра перасяліліся на поўдзень, у той час як продкі хімба працягвалі займаць папярэднія тэрыторыі. Але нават пасля гэтага кантакты паміж двума народамі цалкам не перарываліся, пра што сведчыць мова хімба, якая разглядаецца лінгвістамі як дыялект мовы герэра[3].

У сярэдзіне XIX ст. хімба сталі ахвярамі нападаў з боку суседніх афрыканскіх народаў, што мелі агнястрэльную зброю. Яны былі вымушаны пакінуць свае землі і перасяліцца на поўнач у партугальскія каланіяльныя валоданні, дзе займаліся збіральніцтвам і паляваннем, а таму пачалі называцца мясцовымі жывёлагадоўцамі хімба, што значыла «жабракі»[4]. У 1920-я гг. большасць хімба вярнулася на радзіму.

Традыцыйная культура[правіць | правіць зыходнік]

Хімба лічаць сваім асноўным заняткам жывёлагадоўлю. Яны трымаюць коз і авечак, аднак найбольш каштоўнай свойскай жывёлай з’яўляюцца каровы, паколькі іх колькасць вызначае багацце. Хімба амаль не ўжываюць ялавічыну, хаця п’юць скіслае каровіна малако. На працягу года жывёлу пераганяюць ад адной пашы да іншай. Разам з гэтым, яны здаўна знаёмы з ручным земляробствам . Непадалёк ад паселішчаў многія сем’і вырошчваюць кукурузу, маніёк, проса і іншыя сельскагаспадарчыя культуры.

Звычайна кожная пашыраная сям’я мае некалькі паселішчаў, што будуюцца каля сезонных пашаў. Цэнтральная частка паселішча ўяўляе сабою загон для свойскай жывёлы. Паабапал яго ўзводзяцца канічныя драўляныя хаціны, часцяком абмазаныя сумессю гліны, сухой травы і гною. Паселішчы акаляе тын з адзіным уваходам. Насупраць яго знаходзіцца хаціна правадыра, каля якой ладзяць свяшчэннае вогнішча акарува.

Мужчынская і жаночая вопратка, якой хімба карыстаюцца да нашых дзён, вельмі простая — насцегнавая повязь накшталт саронга, звычайна з казінай скуры. На скуру і валасы наносяць атжызэ, сумесь з тлушчу, расліннай смалы і охры, што ахоўвае ад спякотнага сонца, сухога ветру і паразітаў. У жанчын прычоскі адлюстроўваюць сямейнае становішча, узрост, багацце і статус у групе, і, паколькі разглядаюцца як сімвал урадлівасці, іх гушчыня паказвае на здольнасць нараджаць здаровых дзяцей. Таму блізкія сваячкі марнуюць гадзіны на стварэнне складаных касічак, у якія ўплятаюць травы і казіную поўсць. Замужнія жанчыны часцяком апранаюць эрэмбэ, скураны капялюшык з доўгімі пасмамі ў скураной абалоне. Яны абавязкова носяць шыйныя каралі ахумба — яшчэ адзін сімвал урадлівасці. Наяўнасць іншых упрыгожванняў у жанчын і мужчын вітаецца, паколькі падвышае іх статус сярод супляменнікаў.

Галоўны традыцыйны сацыяльны інстытут — пашыраная сям’я, якая кантралюе пэўныя пашы і валодае некалькімі сезоннымі паселішчамі. Сярод хімба пашырана палігінія. Муж абавязаны ўнесці за жонку выкуп у выглядзе свойскай жывёлы, пасля чаго яна пераходзіць у яго сям’ю. Не забаронены дзіцячыя шлюбы. Жонкі аднаго мужа жывуць разам са сваімі непаўналетнімі дзецьмі ў асобных хацінах, могуць мець асобную земляробчую гаспадарку, распараджацца часткай сямейнай маёмасці і ў некаторых выпадках — мець пазашлюбныя зносіны з іншымі мужчынамі, што стала прычынай міфа, быццам бы ў хімба існуе звычай прапановы сваёй жонкі гасцям. Часцяком пазашлюбныя зносіны прыводзяць да разводу і паўторных шлюбаў. Лічыцца, што яны адбываюцца па каханню, а таму болей устойлівыя. Хімба вядуць адлік сваяцтва як па мужчынскай, так і па жаночай лініі, а таму адносяць сябе адначасова да роду бацькі аруза і роду маці эанда. Ад бацькі яны ўспадкуюць грамадскае становішча, ад дзяцькі па матчынай лініі — маёмасць. Хаця ў хімба няма выразнай племянной структуры, прынята вылучаць спадчынных правадыроў родаў.

Хімба знакаміты спеўным і танцавальным мастацтвам. Гэтыя віды творчасці шырока папулярызуюцца дзякуючы развіццю турызму. Распаўсюджаны музычныя інструменты ў форме лука і барабаны.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Хімба вераць у існаванне адзінага бога Мукуру — стваральніка і трымальніка сусвету. Непасрэдная сувязь з ім магчыма дзякуючы свяшчэннаму вогнішчу акарува насупраць уваходу ў паселішча. Аднак найбольш трывалая сувязь з Макуру ладзіцца праз продкаў, якія пры ўмове пашаны ад жывых выступаюць іх заступнікамі перад богам. Таксама распаўсюджана вера ў магію аміці.

Зноскі

  1. World Directory of Minorities and Indigenous Peoples — Namibia: Himba
  2. Himba and Herero Tribes of Namibia
  3. Addition of Himba as a dialect of Herero
  4. The Himbas' history(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 21 верасня 2022. Праверана 21 верасня 2022.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]