Перайсці да зместу

Царква Святой Ефрасінні Полацкай (Саўт-Рывер)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Царква Святой Ефрасінні Полацкай
40°26′25″ пн. ш. 74°21′55″ з. д.HGЯO
Краіна  ЗША
Месцазнаходжанне
Канфесія Канстанцінопальская праваслаўная царква
Епархія Амерыканская карпата-русінская праваслаўная епархія
Дата заснавання 1951
Будаўніцтва 1972
Сайт steuphrosynianj.info
Мапа
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Царква Святой Ефрасінні Полацкай — праваслаўны храм у горадзе Саўт-Рывер, штат Нью-Джэрсі, ЗША. Настаяцель царквы станам на студзень 2026 года — айцец Канстанцін Гаўрылкін[1]. Прыход у юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярхата[2]. Асвечана ў імя святой Ефрасінні Полацкай.

У пачатку 1950-х гадоў з лагераў для перамешчаных асоб у Рэгенсбургу, Міхельсдорфе і Бакнангу (Германія) у Саўт-Рывер перасялілася некалькі дзясяткаў беларускіх эмігрантаў. У 1951 годзе яны абралі парафіяльны савет і першага настаяцеля айца Мікалая Лапіцкага.

Першыя набажэнствы адбываліся на другім паверсе Конклінскай метадысцкай царквы, якой прападобны Нэльсан Мур дазволіў карыстацца. Парафія стала членам Грэчаскай праваслаўнай архідыяцэзіі Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі[3].

У верасні 1952 года парафія набыла дзялянку зямлі на Хілсайд-авеню для будаўніцтва новай царквы. Адбылося ўрачыстае пасвячэнне — працэсія з крыжам і харугвамі прайшла вуліцамі горада. Але будаўніцтва царквы ў гэтым месцы не адбылося — нехта з парафіян памёр і было пастаноўлена пахаваць яго на нованабытай дзялянцы. Такім чынам тут з’явіліся парафіяльныя могілкі[4][4].

Летам 1953 года парафія купіла былую сінагогу на Уайтхед-авеню 187 і пераўтварыла яе ў праваслаўную царкву. Царква была асвечана 14 кастрычніка 1953 года архіепіскапам Міхаілам[ru][3][4].

З ростам колькасці парафіян стала відавочна, што будынак былой сінагогі не адпавядае патрэбам абшчыны. У выніку шматгадовай працы настаяцеля айца Мікалая Лапіцкага і парафіяльнага савета ў 1968 годзе ўлады горада Саўт-Рывер выдзелілі прыходу вялікі незабудаваны зямельны ўчастак у паўднёвай частцы Уайтхед-авеню. За кошт ахвяраванняў і з удзелам валанцёраў былі пабудаваныя храм, зала грамадска-культурнага цэнтра і дом настаяцеля. 30 ліпеня 1972 года царква і грамадска-культурны цэнтр былі асвечаны епіскапам Філафеем[ru][3][4][4].

У 1974 годзе на кургане за Беларускай праваслаўнай царквой Святой Ефрасінні ўсталявалі помнік «Змагарам за вольную Беларусь» з афіцыйнай пячаткай Беларускай цэнтральнай рады на адным баку стэлы і надпісам: «Слава змагарам за вольную Беларусь». Стэла ўвенчана роўнаканцовым лапчатым крыжам, у круглым сяродкрыжжы якога змешчаны меншы васьміканцовы крыж, які адначасова крыж святой Еўфрасінні і цэнтральная фігура герба «Пагоня».

  1. Clergy and Staff (англ.). St. Euphrosynia Orthodox Church. Праверана 5 студзеня 2026.
  2. Беларускія Каляды адсвяткавалі ў амерыканскім Саўт-Рыверы + фота . Наша Ніва (9 студзеня 2013). Праверана 5 студзеня 2026.
  3. а б в History of the St. Euphrosynia Belarusian Orthodox Church Архівавана 21 ліпеня 2022.
  4. а б в г д Лапіцкі 2005.