Пагоня
| «Пагоня» — герб ВКЛ | |
|---|---|
|
|
|
| Версіі | |
|
Сярэдні герб ВКЛ (1555). |
|
| Дэталі | |
| Носьбіт | Вялікае Княства Літоўскае |
| Зацверджаны | XIV стагоддзе |
| Заснаванне | 1918 |
| Выкарыстанне | былы дзяржаўны герб Беларусі |
«Пагоня» — асабісты герб польскага караля Уладзіслава Ягайлы, пазней агулам роду Гедзімінавічаў, атрымаў дзяржаўны статус у Вялікім Княстве Літоўскім[1] ва ўладарства вялікага князя Вітаўта[2]. Традыцыйны нацыянальны герб беларусаў[3]. Дзяржаўны герб Беларускай Народнай Рэспублікі (1918—1919) і Рэспублікі Беларусь (1991—1995), пад назвай «Віціс» дзяржаўны герб Літвы.
Уяўляе сабою выяву ўзброенага воіна на белым кані на чырвоным полі шчыта. Вершнік трымае ва ўзнятай правай руцэ меч, у левай — белы, чырвоны або сіні шчыт з залатым шасціканцовым крыжам. На левым баку ў вершніка похвы мяча, з-пад сядла звісае трохканцовая гунька (чапрак), яе колер у розныя часы мяняўся ад сіняга да залаціста-жоўтага[4].
Вытокі
[правіць | правіць зыходнік]
На ўзнікненне герба «Пагоня» і замацаванне яго на землях Вялікага Княства Літоўскага ўплываў шэраг чыннікаў, кожны з іх асобна не быў вырашальным[6]:
- Уплыў агульнаеўрапейскай сфрагістычнай традыцыі конных пячатак — пячатак феадальных уладароў з іх коннымі выявамі-партрэтамі (у тым ліку ў Польшчы, Чэхіі, германскіх землях, гэты ўплыў заўважны і на пячатках наўгародскага князя Аляксандра Яраславіча[7], полацкага князя Нарымонта-Глеба і іншых).
- Атаясненне герба «Пагоня» з асобай абаронца Айчыны і адлюстраванне тагачаснага жыцця краю, пад сталай ваеннай пагрозай.
- Уплыў грэка-хрысціянскіх культаў — святых Дзімітрыя Салунскага і Георгія Пераможцы, адаптацыя іх да мясцовай традыцыі і фарміраванне культу ўласных заступнікаў, у спалучэнні з постацямі святых князёў Барыса і Глеба.
- Выказвалі таксама думку пра персаніфікацыю паганскага бога Ярылы, аднак яго культ з’явіўся толькі ў XVIII ст. і лакальна, а шырокавядомы стаў як адзін з «кабінетных багоў» яшчэ пазней. Тлумачэнне крыжа з «Пагоні» як сімвала паганскага бога Ярылы лічаць неверагодным[2].
Вершнік на пячатцы — спачатку конны партрэт уладара, пазней пераасэнсаваны як сімвал пагоні — даўняй традыцыі агульнага пераследу ворага. На думку Міхася Ткачова, сімвалізм «Пагоні» сягае ў даўніну да племянной ваеннай арганізацыі, калі кожны быў адказны за жыцці супляменнікаў. У выпадку нападу кожны мужчына, які мог насіць зброю, быў абавязаны ўдзельнічаць у абароне і пагоні за ворагам. Традыцыя агульнай пагоні з’явілася ў часы ваеннай дэмакратыі, захоўвалася ў часы дзяржавы Рурыкавічаў і потым Вялікага княства Літоўскага. Пад уплывам еўрапейскай геральдыкі і рыцарскіх традыцый ідэя абароны Айчыны, спалучаная з традыцыяй агульнай пагоні, увасобілася ў разуменні графічнага сімвала — герба «Пагоня»[8].
Кароль і вялікі князь Ягайла ў прывілеі ад 20 лютага 1387 года пісаў: «У тым выпадку, калі прыйдзецца пераследаваць ворагаў, непрыяцеляў нашых, якія б збягалі з нашай літоўскай зямлі, то дзеля гэтага роду пераследавання, якое па-народнаму завецца пагоняй (pogonia), абавязаны адпраўляцца не толькі рыцары, але і кожны мужчына, якога б ён ні быў паходжання або стану, толькі б ён быў здольны насіць зброю».[9]
Працяглы час герб не меў уласнай назвы і падаваўся апісальна, напрыклад як «чоловека на кони з мечом» у Хроніцы Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага[10]. Назва герба як «Пагоня» зафіксавана толькі з канца XVI ст.[2]. Версія пра ўжыванне такой назвы ўжо ў 1282 годзе, якую можна сустрэць у літаратуры[11], ідзе ад Тэадора Нарбута.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Выява вершніка — папулярная сімволіка розных народаў з глыбокай старажытнасці. Непасрэдны папярэднік «Пагоні» — конная пячатка — заходнееўрапейскі сфрагістычны сімвал і іканаграфія тытула князь (dux) у XI—XIII ст. — выявы рыцара ў зброі, з мячом, кап’ём або прапарцом і са шчытом, на кані, які крочыць або бяжыць галопам[12]. Пячаткамі такого тыпу карысталіся ўладары суседніх зямель, у тым ліку Рурыкавічы ў XIII—XIV ст.
Магчыма, першым з Гедзімінавічаў, хто ўжываў конную пячатку еўрапейскага ўзору быў уласна вялікі князь Гедзіміна (1316—1341)[13][14], вершнік на яго пячатцы узброены кап’ём, цяпер яна захоўваецца ў гістарычным музеі ў Вільні, але яе аўтэнтычнасць сумнеўная. Пэўна ж першым з Гедзімінавічаў коннай пячаткай карыстаўся полацкі князь Нарымонт-Глеб Гедзмінавіч, яна прывешана да акта 1330 года[15][16]. Часта сцвярджаюць, што конную пячатку меў вялікі князь Альгерд, яна вядома толькі як сведчанне Тадэвуша Чацкага, што была прывешана да дагавора 1366 года з польскім каралём Казімірам і мела кругавы «рускі» надпіс, з апісання Чацкага рэканструкцыю пячаткі зрабіў Мар’ян Гумоўскі[17], але Чацкі не мог бачыць пячатку, калі яна і была, то загінула раней яго часу[18][19]. Варыяцыяй — пешай пячаткай — карыстаўся князь Кейстут, яна была прывешана да акта 1353 года.
-
Конная пячатка князя люцічаў Багуслава I, 1170 год
-
Конная пячатка саўладара бодрычаў Мікалая I, 1189 год
-
Конная пячатка князя апольскага Казіміра I, 1226 год
-
Конная пячатка князя наўгародскага Аляксандра Яраславіча, пасля 1236 года
-
Конная пячатка князя полацкага Нарымунта Гедзімінавіча, 1338 год
-
Не геральдычная конная пячатка князя Лугвена Альгердавіча да акта 1379 года.
-
Не геральдычная конная пячатка вялікага князя Ягайлы Альгердавіча да акта 1382 года (не «Пагоня»).
-
Не геральдычная конная пячатка князя Скіргайлы Алягердавіча да акта 1382 года (таксама не "Пагоня").
-
Не геральдычная конная пячатка князя Вітаўта Кейстутавіча да акта 1385 года.
-
Не геральдычная пячатка вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча, з «Калюмнамі» на тарчы, да акта 1432 год. «Пагоня» тым часам ужо была, але Жыгімонт выбраў архаічны тып пячаткі.
Стварэнне герба
[правіць | правіць зыходнік]
Герб створаны польскімі герольдамі пасля абрання Ягайлы польскім каралём у 1386 годзе, праз геральдызацыю (змяшчэнне яе на шчыце) яго ранейшай коннай пячаткі[20], напэўна, іншай прыдатнай ранейшай сімволікі для гэтага герольды мелі, відавочна, у спалучэнні з геральдычнымі сімваламі кралевы Ядвігі. Ці меў герб уласную назву, прынамсі не вядома. Асноўнай фігурай герба была тарча з падвойным крыжам — пазней вядомая пад уласным імем «Бойча» або «Ягелонскі крыж» — практычна як прыватны герб Ягайлы, а потым яго нашчадкаў. Вядомы негеральдычныя, свецкія выявы Ягайлы з ужываннем геральдычнай выявы падвойнага крыжа. Упершыню геральдызаваная выява вершніка і тарча з падвоеным крыжам[16] выяўлены на малой і вялікай каралеўскіх пячатках, вядомых з 1386 і 1388 года адпаведна. Такім чынам аформіўся герб, пазней вядомы як «Пагоня».
Вялікае Княства Літоўскае
[правіць | правіць зыходнік]
Першая геральдызаваная выява вершніка на пячатцы вялікага князя Вітаўта вядома з 1401 года, але на яе тарчы быў не падвоены крыж, а «Калюмны». Пазней менавіта герб створаны польскімі герольдамі для Ягайлы, стаў гербам Вялікага Княства Літоўскага, яшчэ пазней атрымаў назву «Пагоня».
Спачатку выява герба не была стабільнай, напрыклад, вершнік мог глядзець у левы (геральдычны) бок, але з 1-й паловы XV ст., паводле правілаў еўрапейскай геральдыкі, яго стабільна выяўлелі павярнутым у правы бок.
Першая згадка ўласнай назвы герба — «Пагоня», вядома з беларуска-літоўскага летапісання 1-й паловы XVI ст., у кантэксце неверагоднай легендарнай часткі пад 1278 годам у сувязі з міфічным князем Нарымонтам, малодшым братам такога самага міфічнага вялікага князя літоўскага Трайдзеня. Аднак, гэта сведчыць, што ў час складання гэтых твораў, назва ўжо ўстаялася і ўжывалася пэўны час.
| Той Наримунт мел герб, або клейнот, рицерства своего таковый, и тым печатовался, Великому князству Литовскому зоставил его, а то такий: в гербе муж збройный, на коню белом, в полю червоном, мечъ голый, яко бы кого гонячи держал над головою, и есть оттоля названый «погоня». Хроніка Літоўская і Жамойцкая[21][22] |
Легенда ў змененых варыянтах падавалася і пазнейшымі летапіснымі зводамі, напрыклад, Густынскі летапіс XVII ст. прыпісваў стварэнне герба, які ў яго час называлі «Пагоняй», вялікаму князю Віценю. Аднак, такая літаратурная апрацоўка не дае новых звестак пра час з’яўлення ўласнай назвы герба.
| А Витен нача княжити над Литвою, измысли себе герб и всему князству Литовскому печать: рыцар збройный на коне з мечем, еже ныне наричут Погоня. [23] |

- Пячаткі вялікіх князёў літоўскіх
-
Вітаўт (1385)
-
Вітаўт (1426)
-
Аляксандр (1501)
-
Жыгімонт Аўгуст (1539)
Паводле Статута 1588 года, усе паветы мусілі мець пячатку з выявай «Пагоні», якой замацоўваліся гаспадарскія (вялікакняжацкія) судовыя позвы да абывацеляў, іншыя дакументы замацоўваць гэтымі пячаткамі забаранялася:

| Тежъ мы, господаръ, даемъ подъ геръбомъ того паньства нашого, великого князства литовъского, «Погонею» печать до кожъдого повету, на которой естъ написани около геръбу имя того повету. А тую печать писаръ земъский присяжный у себе самъ, а не хъто инъшый, ховати маеть, которою печатью и под тытуломъ нашымъ позвы мають быти печатованы и выдаваны. А иные никоторые листы, выписы и сознанья, кроме только самыхъ позвовъ, тою печатю не маеть быть печатованы. РАЗДЗЕЛ 4, АРТЫКУЛ 12 // Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года |
На працягу XV—XVIII ст. «Пагоню» змяшчалі на брамах гарадоў і замкаў[16]. Гэта знайшло адлюстраванне ў гарадской геральдыцы — напрыклад, на гербе Магілёва. Таксама «Пагоня» была часткай гербаў Беластока, Дрысы, Лепеля, Магілёва, Пулаў, Рэчыцы, Седльцаў і Суража.
Розныя версіі «Пагоні» сталі гербамі шэрага ваяводстваў Вялікага Княства Літоўскага — Віленскага, Менскага, Берасцейскага, Новагародскага, Мсціслаўскага, Полацкага. На думку Цітова, гербы з выявай «Пагоні» прыпадаюць на этнічную тэрыторыю беларусаў, а суседнія землі мелі іншыя[25].
- Гербы ваяводстваў Вялікага Княства Літоўскага
-
Мсціслаўскае
-
Берасцейскае
-
Віцебскае
-
Менскае
-
Полацкае
Агулам, вядома пяць варыянтаў[26] сярэдневяковай «Пагоні»:

- Класічная — у чырвоным полі збройны рыцар на белым кані, дзясніцаю ўздымае голы меч над галавой, на левым плячы шчыт з падвойным залатым крыжам. Конь накрыты трохканцовай гунькай. На найбольш старажытных каляровых малюнках конская збруя і тарча рыцара — блакітныя.
- «Руская Пагоня» — такі самы яздок, але ва ўзнятай руцэ дзіда, якую ён рыхтуецца кінуць або нанесці ўдар.
- «Голая Пагоня» — без засцерагальнага ўзбраення: яздок на кані без сядла, узнімае над галавою меч. Іканаграфія такога варыянта не сустракаецца, але вядома падобная версія XVII ст. з герба Маскоўскай дзяржавы.
- «Малая Пагоня» — на шчыце толькі адна з асноўных дэталей герба — збройная рука з голым мячом. Колер поля чырвоны або залаты. Ёсць дзве адрозныя версіі «Малой Пагоні».
- «Татарская Пагоня» — у зялёным полі яздок, які адстрэльваецца з лука ад пераследнікаў.
З мінімальнымі стылістычнымі зменамі «Пагоня» была дзяржаўным гербам Вялікага Княства Літоўскага і часткай герба Рэчы Паспалітай да 1795 года, калі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай тэрыторыя Беларусі апынулася ў складзе Расійскае імперыі.
У Расійскай імперыі
[правіць | правіць зыходнік]
Яшчэ па захопе ўсходняй часткі Вялікага Княства Літоўскага Расійскай імперыяй (1772) царскі ўрад пастанавіў стварыць Палявы гусарскі беларускі полк. У 1775 годзе ён быў укамплектаваны выхадцамі з Беларускай губерні. Гэты полк атрымаў у наступным годзе ўласны штандар з гербам, дзе шчыт падзелены на два полі: у верхнім, залатым, выява чорнага двухгаловага арла, а ў «дольнай чырвонай частцы выява Літоўскага ўзброенага ездака на белым кані з уздзетай шабляй». Прыкладна ў той жа час (1770-я[удакладніць]) утварыўся і Полацкі Мушкецёрскі полк. Ён атрымаў у якасці герба на баявы сцяг рассечаны шчыт: у правым залатым полі выява палавіны чорнага расійскага арла, у левай, чырвонай, — «Пагоня». Згодна з указам ад 19 верасня 1827 году «Пагоняй» упрыгожваліся сцягі лейб-гвардыі Гарадзенскага гусарскага палка.
Герб «Пагоня» знайшоў сваё адлюстраванне не толькі на штандарах вайсковых частак, што фарміраваліся з ураджэнцаў Беларусі, але і на гербах «беларускіх» (Полацкае намесніцтва, Магілёўскае намесніцтва, Віцебская губерня) ды «літоўскіх» (Гродзенская губерня і Віленская губерня) адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Расійскай імперыі.
- Гербы «беларускіх» і «літоўскіх» губерняў і намесніцтваў Расійскай імперыі
-
Гродзенская губерня (да 1845)
-
Магілёўская губерня (1781—1796, 1802—1878)
-
Полацкае намесніцтва (1781—1796)

Апроч таго, былы агульнадзяржаўны сімвал увайшоў у склад гербаў шэрага ўсходніх беларускіх гарадоў (Віцебск, Веліж, Гарадок, Дзвінск, Дрыса, Лепель, Магілёў, Невель, Полацк, Себеж, Сураж, Чэрыкаў). У кожным з нададзеных расійскімі ўладамі гербаў шчыт падзяляўся на дзве часткі: у верхняй, па геральдычных паняццях «пануючай», размяшчаўся двухгаловы арол, а ў дольнай, «падпарадкаванай» — «Пагоня».
У канцы 1850-х гадоў «Пагоню» змясцілі на дзяржаўным гербе Расійскай імперыі як сімвал былых зямель Вялікага Княства Літоўскага.
У час паўстання 1863—1864 гадоў герб «Пагоня» ў спалучэнні з польскім «Арлом Белым» зрабіўся сімвалам нацыянальна-вызваленчай барацьбы за дэмакратычную перабудову грамадства. Кіраўнік задушэннем паўстання Мураўёў-вешальнік аддаў распараджэнне аб забароне нашэння жалобных і рэвалюцыйных знакаў — чорных шапак з белымі султанамі, спражак з аб’яднаным гербам Польшчы і Літвы.
Такім чынам, герб «Пагоня» ў XIX ст. з аднаго боку быў афіцыйным сімвалам, а з іншага — неафіцыйным, рэвалюцыйна-дэмакратычным. Але ва ўсіх выпадках яго атаяснялі з пэўнай тэрыторыяй — тэрыторыяй сучаснай Беларусі[27].
Найноўшы час
[правіць | правіць зыходнік]

У пачатку XX ст. герб «Пагоня» актыўна выкарыстоўваўся беларускім нацыянальным рухам. Ідэю вяртання да гістарычнага дзяржаўнага сімвала ў паэтычнай форме выказаў Максім Багдановіч, які ўвосень 1916 года напісаў верш «Пагоня».
У 1918 годзе «Пагоню» абвясцілі дзяржаўным гербам Беларускай Народнай Рэспублікі, яе выява размяшчалася на пячатках беларускіх дзяржаўных устаноў. Нацыянальны беларускі герб ужываўся ў сімволіцы ўдзельнікаў Слуцкага збройнага чыну (1920).
У 1920 годзе літоўцы ўзялі за герб уласнай незалежнай дзяржавы варыянт герба Вялікага Княства Літоўскага — «Віціс». Пэўны час у літоўскай мове не было ўласнай назвы для «Пагоні», назву «Віціс» прапанаваў Сіманас Даўкантас у 1845 годзе[28]. Выкарыстанне герба Вялікага Княства Літоўскага мусіла падмацаваць прэтэнзіі Літоўскай Рэспублікі на гістарычную пераемнасць з ім. Аднак у 1920—1930-я гады многія дзяржаўныя дзеячы Літвы адзначалі неадпаведнасць гэтага герба менавіта літоўскай гістарычнай традыцыі. У 1935 годзе прэм’ер-міністр Літоўскай рэспублікі Тубаліс афіцыйна прызнаў не-літоўскае паходжанне «Пагоні» і паведаміў, што ідзе праца па стварэнні новага дзяржаўнага герба. Відавочна, гэтую працу спынілі падзеі 1939—1940 гадоў[29][30].
У міжваенны час «Пагоня» ўжывалася ў Заходняй Беларусі на гербах Віленскага, Палескага, Падляшскага і Навагрудскага ваяводстваў Польскай Рэспублікі. Тым часам у БССР герб «Пагоня» ніяк не выкарыстоўваўся.
Падчас Другой сусветнай вайны герб «Пагоня» разам з іншымі нацыянальнымі сімваламі вярнула да ўжытку Беларуская Цэнтральная Рада. Але, як сведчыць распараджэнне Рэйхсміністра па акупаваных усходніх тэрыторыях (14.6.1944)[31], гэтае выкарыстанне было неафіцыйным да апошніх дзён нямецкай акупацыі. Шырока вядомае распараджэнне, быццам падпісанае гаўляйтарам Беларусі Вільгельмам Кубэ і надрукаванае ў газеце «Раніца» (27 чэрвеня 1942), пра дазвол карыстацца «Пагоняй» побач з нямецкай сімволікай «пры святкаваннях або для абазначэння беларускай нацыянальнасці», аказалася, па выніках пазнейшых даследаванняў, тагачаснай дэзынфармацыяй, вінаватых у якой нямецкія акупацыйныя ўлады так і не знайшлі[29].
25 сакавіка 1946 года для цырымоніі прыняцця прысягі сяброў Саюза беларускіх патрыётаў на вернасць Беларусі дзеячка нацыянальна-вызваленчага руху Алеся Фурс намалявала «Пагоню», за што была асуджаная да 25 гадоў савецкіх канцэнтрацыйных лагераў.
У пасляваенны час беларускую нацыянальную сімволіку, у тым ліку і «Пагоню», выкарыстоўвала беларуская эміграцыя.
- Выкарыстанне Пагоні ў дыяспары
-
Медаль II з’езду «Згуртаваньня Беларускіх Скаўтаў на Чужыне»
-
Помнік «Змагарам за вольную Беларусь» у Саўт-Рыверы
-
Помнік загінулым у 1939—1945 беларусам у нямецкім горадзе Ляймен, усталяваны Ю. Жывіцам
-
Паштовая марка, выпушчаная ў 1950 годзе беларускай дыяспарай
А ў 1980-я гады напярэдадні распаду СССР герб «Пагоня» разам з бел-чырвона-белым сцягам сталі сімваламі нацыянальнага адраджэння Беларусі. Вяртанню беларускай нацыянальнай сімволікі спрыялі гістарычна-культурныя аб’яднанні і клубы («Талака», «Паходня», «Узгор’е» і інш.) і Беларускі Народны Фронт, а таксама партыі дэмакратычнага кірунку (БСДГ, НДПБ, Сялянская партыя, АДПБ і іншыя)[32].

Афіцыйнае прызнанне «Пагоні» і бел-чырвона-белага сцяга як нацыянальных сімвалаў беларусаў адбылося разам з прыняццем Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі (1990). Пад гэтай сімволікай прайшлі красавіцкія і майскія забастоўкі працоўных Беларусі 1991 года, якія адыгралі сваю ролю ў крушэнні таталітарызму ў краіне[32]. А 19 верасня 1991 года Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў законы «Аб Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь» і «Аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь»[33]. Дзяржаўным гербам Беларусі стаў старажытны беларускі герб «Пагоня», Дзяржаўным сцягам Беларусі — Бел-чырвона-белы сцяг[32].
Выгляд той рэдакцыі герба «Пагоня», якая была прынята як дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь у 1991 годзе, мае наступныя адметнасці:
- шчыт белы, з залатым крыжам (патрыяршым);
- старэйшы, чым традыцыйны, выгляд зброі рыцара (шалом);
- конь у статычнай (абарончай) позе.
Новы эталон «Пагоні» распрацаваны беларускімі мастакамі Яўгенам Куліком, Уладзімірам Крукоўскім і Львом Талбузіным[34].
Аднак у 1995 годзе Аляксандр Лукашэнка, які быў абраны прэзідэнтам краіны ў 1994 годзе, ініцыяваў рэферэндум, у выніку якога «Пагоню» пазбавілі статусу дзяржаўнага герба, і яна трапіла пад негалосную забарону.

У 2009 годзе герб «Пагоня» стаў гербам Віцебскай вобласці.
Падчас расійскага ўварвання ва Украіну, распачатага ў 2014 годзе, а таксама падчас поўнамаштабнага ўварвання з 2022 года, гербам «Пагоня» карыстаюцца беларускія добраахвотнікі на баку Украіны, у прыватнасці атрад «Пагоня», тактычная група «Беларусь», полк Каліноўскага і беларускі полк «Пагоня».
Сучаснасць
[правіць | правіць зыходнік]У наш час «Пагоняй» як нацыянальным гербам працягваюць карыстацца некаторыя апазіцыйныя беларускія арганізацыі. Акрамя таго, герб «Пагоня» актыўна выкарыстоўваецца ў спартыўных і культурных мерапрыемствах па-за межамі краіны.
Сёння «Пагоня» ёсць на эмблемах некалькіх беларускіх грамадскіх аб’яднанняў:
- Партыя БНФ
- Кансерватыўна-Хрысціянская партыя — БНФ
- Згуртаванне Беларусаў Свету «Бацькаўшчына»
- Беларускі Хельсінкскі камітэт

«Пагоню» маюць у сваім складзе гербы наступных населеных пунктаў:
Беласток
Бранск
Веліж
Дрыса
Ізяслаў
Лепель
Ліпнішкі
Людзвінавас
Магілёў
Невель
Пулавы
Рэчыца
Себеж
Седльцы
Наступныя адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі маюць «Пагоню» ў складзе сваіх гербаў:
Бельскі павет
Віцебская вобласць
Гомельская вобласць
Падляскае ваяводства
Жытомірская вобласць
Сямяціцкі павет
Таксама версія «Пагоні» з’яўляецца гербам Літвы.
Апроч гэтага, стылізаваная выява «Пагоні» як герба Вялікага Княства Літоўскага ёсць на найвялікшым у свеце фарфоравым пано «Шэсце князёў» у Дрэздэне.
Асабісты герб
[правіць | правіць зыходнік]Імаверна, стваральнікі герба — польскія герольды, меркавалі яго як зямельны для Вялікага Княства Літоўскага, менавіта як такі ён ужыты ўпершыню — на вялікай і малой каралеўскіх пячатках.
Аднак, на практыцы герб адразу пачалі ўжываць як асабісты родзічы і сваякі караля Ягайлы, такім чынам, ад пачатку ён стаў асабістым гербам дынастыі Гедзімінавічаў і яго ўжываюць розныя яе галіны.
-
Герб князёў Чартарыйскіх (спрэчных Гедзімінавічаў)
-
Трохчастны герб князёў Галiцыных (нашчадкаў Нарымонта Гедзімінавіча).
У філатэліі
[правіць | правіць зыходнік]-
Марка БНР з Пагоняй.
-
Марка БНР з Пагоняй.
-
Пагоня як дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь.
-
Стандартная марка з Пагоняй.
-
Стандартная марка з Пагоняй.
-
Стандартная марка з Пагоняй.
-
Стандартная марка з Пагоняй.
-
Стандартная марка з Пагоняй.
-
Стандартная марка з Пагоняй.
-
Стандартная марка з Пагоняй.
-
Стандартная марка з Пагоняй.
-
Стандартная марка з Пагоняй.
-
Стандартная марка з Пагоняй.
-
Стандартная марка з Пагоняй.
-
Стандартная марка з Пагоняй.
-
Стандартная марка з Пагоняй.
-
Стандартная марка з Пагоняй.
-
Стандартная марка з Пагоняй.
-
Стандартная марка з Пагоняй.
-
Міхал Клеафас Агінскі ў абрамленні вянка з Пагоняй.
-
Тадэвуш Касцюшка ў абрамленні вянка з Пагоняй.
-
Якуб Ясінскі ў абрамленні вянка з Пагоняй.
-
Тамаш Ваўжэцкі ў абрамленні вянка з Пагоняй.
-
Язэп Драздовіч з карцінай «Пагоня».
-
Прысвячэнне Грунвальдскай бітве.
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]- Гістарычныя выявы Пагоні
-
Фрэска XIV ст. у Сандаміры.
-
З Codex Bergshammar, 1441—1456
-
З Wappen besonders von deutschen Geshlchtern, 1475.
-
З Das Wappenbuch Conrads von Grünenberg, 1480
-
З Das Wappenbuch Conrads von Grünenberg, 1480
-
З гербоўніка 1-й паловы XVI ст.
-
З Sammelband mehrerer Wappenbücher, каля 1530
-
З Першага Статута, 1531
-
З Stemmata Polonica, каля 1555
-
Фрагмент шпалеры, каля 1555
-
З Arma regni Poloniae, 1572
-
З акта Жыгiмонта Вазы, 1588
-
З акта Жыгiмонта Вазы, 1588
-
З Маскоўскага тытулярніка, 1672
-
Харугва Аўгуста Моцнага, 1702
-
З Сенатарскай залы, 1720-я
- Сучасныя выявы Пагоні
-
Эталон Пагоні 1991 года
-
Герб БНР
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ ЭнцВКЛ 2005.
- ↑ а б в Насевіч В. Сімвал Вялікага княства Архівавана 18 красавіка 2010. // «Чырвоная Змена» № 33 (13891), 28 сакавіка 1995.
- ↑ М. А. Ткачоў. Беларускія нацыянальныя сімвалы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. С. 391.
- ↑ Дайнюс Разаўскас. Белы Вершнік з узнятым мячом на чырвоным фоне. Сімволіка герба Вялікага княства Літоўскага // DRUVIS №2. Almanach Centru etnakasmalohiji «Kryuja» / Пад. рэд. Тодара Кашкурэвіча. — Мн., 2008. — С. 137. — 242 с. — 299 экз.
- ↑ Сьцяг і герб // «Мастацтва» № 8, 1992.
- ↑ Цітоў А. К. Геральдыка Беларусі. — Мн.: МФЦП, 2010. С. 98.
- ↑ Хорошкевич А. Л. «Конные печати» Александра Невского и традиции средневековой сфрагистики // Князь Александр Невский и его эпоха. — С-Пб., 1995.
- ↑ М. А. Ткачоў. Беларускія нацыянальныя сімвалы
- ↑ Беларуская энцыклапедыя 2000, с. 479.
- ↑ ПРСЛ, т. XXXV.
- ↑ Цітоў А. К. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Мн.: РІВШ БДУ, 1999. — 176 с. — ISBN 985-6299-36-5. с.132
- ↑ Цітоў А. К. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Мн.: РІВШ БДУ, 1999. — 176 с. — ISBN 985-6299-36-5. с.131-132
- ↑ У. А. Юргенсон. Эвалюцыя дзяржаўнага герба Вялікага княства Літоўскага па дадзеных сфрагістыкі i нумізматыкі Архівавана 14 студзеня 2010. // «Беларускі гістарычны часопіс» № 8, 2003.
- ↑ Шаланда А. І. Генезіс «Пагоні» — дзяржаўнага герба Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага // Bialoruskie zeszyty historyczne. — 2001. — № 16.
- ↑ а б Цітоў А. К. Геральдыка Беларусі. — Мн.: МФЦП, 2010. С. 99.
- ↑ а б в М. А. Ткачоў. Беларускія нацыянальныя сімвалы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. С. 392.
- ↑ Gumowski M. Pieczecie Ksiazat Litewskich // Ateneum Wilenskie. R. VII. Z. 3—4, 1930. S. 709—710.
- ↑ Юрый Барэйша Пячатка Альгерда 1366 г. // З гісторыі беларускай сфрагістыкі XII-XIV стст.: пломбы з легендай “NОЪГРОДЪ”, свінцовыя булы “Міндоўга”, невядомая пячатка Андрэя Альгердавіча Полацкага. Дадатак 3.. — Мінск: 2024. — С. 177-191.
- ↑ Rimša E. Pieczẹcie Olgierda, wielkiego ksiẹcia litewskiego — dane histo- riograficzne a rzeczywistość. // Heraldyka i okolice. Warszawa, 2002. S. 201—215. S. 205—206.
- ↑ Kiersnowski 1988, s. 10.
- ↑ Хроника Литовская и Жемайтская // ПСРЛ. Т. 32 — М.: Наука, 1973.
- ↑ Хроника Быховца // ПСРЛ. Т. 32 — М.: Наука, 1973.
- ↑ Густынская летопись // ПСРЛ. Т. 40. — СПб., 2003.
- ↑ Цітоў А. К. Геральдыка Беларусі. — Мн.: МФЦП, 2010. С. 106.
- ↑ Цітоў А. Наш сімвал — Пагоня: Шлях праз стагоддзі. — Мн.: Полымя, 1993. С. 25—26.
- ↑ Цітоў А. К. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Мн.: РІВШ БДУ, 1999. — 176 с. — ISBN 985-6299-36-5. С. 144.
- ↑ Цітоў А. Наш сімвал — Пагоня: Шлях праз стагоддзі. — Мн.: Полымя, 1993. С. 36.
- ↑ Як здарылася, што Жамойць пачала называцца Літвою? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. І. Сверчанка, Зм. Занько. ― Мн.: рэдакцыя газета «Звязда», 1993. ― с. 54
- ↑ а б Цітоў А. К. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Мн.: РІВШ БДУ, 1999. — 176 с. — ISBN 985-6299-36-5. С. 155.
- ↑ Міхась Скобла. Анатоль Цітоў: «Гербу „Пагоня“ — 730 гадоў» Архівавана 11 жніўня 2011. // Радыё Свабода, 31 студзеня 2008.
- ↑ Цітоў А. К. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Мн.: РІВШ БДУ, 1999. — 176 с. — ISBN 985-6299-36-5. С. 156.
- ↑ а б в М. А. Ткачоў. Беларускія нацыянальныя сімвалы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. С. 393.
- ↑ s:Заканадаўчыя акты аб дзяржаўнай сімволіцы Рэспублікі Беларусь (1992)
- ↑ Артыкул С.Мікулевіча «Сапраўдныя беларускія сімвалы» ў «Нашай Ніве»
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Цітоў А. Наш сімвал — Пагоня: Шлях праз стагоддзі. — Мн.: Полымя, 1993.— 40 с.: іл. ISBN 5-345-00740-3.
- Цітоў А. К. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Мн.: РІВШ БДУ, 1999. — 176 с. — ISBN 985-6299-36-5.
- Цітоў А. К. Геральдыка Беларусі. — Мн.: МФЦП, 2010.— 144 с.: іл. ISBN 978-985-454-500-4.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2.
- Пагоня // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — С. 479. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).
- Шаланда А. І. Генезіс «Пагоні» — дзяржаўнага герба Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага // Bialoruskie zeszyty historyczne. — 2001. — № 16.
- Шаланда А. Пагоня // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 382. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Латышонак А. Дзяржаўная сымболіка Беларускай Народнай Рэспублікі Архівавана 13 мая 2009. // Жаўнеры БНР. Беласток-Вільня, 2009. С. 303—306.
- Лялькоў Ігар. Пытаньне дзяржаўнай сымболікі ў Беларусі: гісторыя і сучасны стан Архівавана 7 ліпеня 2007. // ARCHE № 1, 2002.
- Насевіч В. Сімвал Вялікага княства Архівавана 18 красавіка 2010. // Чырвоная Змена № 33 (13891), 28 сакавіка 1995.
- Юргенсон У. А. Эвалюцыя дзяржаўнага герба Вялікага княства Літоўскага па дадзеных сфрагістыкі і нумізматыкі Архівавана 14 студзеня 2010. // Беларускі гістарычны часопіс. 2003. № 8.
- Аляксей Шаланда. Генезіс «Пагоні» — дзяржаўнага герба Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага Архівавана 19 лістапада 2008. // Беларускі Гістарычны Зборнік — Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 16
- Як узніклі нашы дзяржаўныя сімвалы? // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002.— 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- Ryszard Kiersnowski Godła jagiellońskie // Wiadomości Numizmatyczne. — 1988. — Vol. XXXII.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]| Пагоня ў Вікіцытатніку | |
| Пагоня на Вікісховішчы |
- Нацыянальныя сімвалы Беларусі(недаступная спасылка) (27 кастрычніка 2010). Архівавана з першакрыніцы 20 красавіка 2017. Праверана 16 лютага 2015.
- Герб Беларусі ў фармаце Corel DRAW(недаступная спасылка) (27 кастрычніка 2010). Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2016. Праверана 16 лютага 2015.
- Гербы беларускай шляхты Архівавана 20 жніўня 2017. Герб Пагоня і яго карыстальнікі (бел.)
- Сяргей Мікулевіч. Сапраўдныя беларускія сімвалы. Наша Ніва (3 сакавіка 2012).
- «Пагоня» працягласцю восем вякоў / Загадкі беларускай гісторыі на YouTube
Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых артыкулаў беларускамоўнага раздзела Вікіпедыі. |