Цзягувэнь
Цзягувэнь, таксама гадальныя косткі, надпісы на гадальных костках (кіт. 甲骨文, піньінь jiǎgǔwén, англ. oracle bones, oracle bone script) — іерагліфічныя надпісы на костках чарапах і іншых жывёл часу дынастыі Шан XIV—XI ст. да н. э. Лічацца найбольш старажытнымі ўзорамі кітайскай пісьменнасці. Першыя гадальныя косткі знайшлі вучоныя Лю Тэюнь і Ван І-чжун каля горда Аньян правінцыі Хэнань у 1899 годзе. Пазней падобныя знаходкі адбываліся ў правінцыях Шаньдун, Шаньсі, Хубэй, Хэбей.
Значэнне надпісаў
[правіць | правіць зыходнік]Варта заўважыць, што для запісу паўсядзённых рэчаў выкарыстоўваліся менш даўгавечныя матэрыялы, якія не захаваліся. Таму, нягледзячы на каштоўнасць для вывучэння рэлігіі перыяду Шан, надпісы цзягувень не могуць лічыцца паўнавартасным адлюстраваннем пісьмовай культуры таго часу. Надпісы на костках звычайна ўключаюць дату, імя таго, хто гадае, пытанне, адказ духаў і адзнаку аб здзяйсненні.
Каб прыняць нейкае важнае рашэнне, ваны (уладары) дынастыі Шан зварочваліся да аракулу, каб спытаць савета ў звышнатуральных істот:
- На панцыры чарапахі альбо костцы аракул пісаў пытанне, таму шмат надпісаў пачынаюцца з іерогліфа 貞 zhēn «гадаць, пытацца». Пасля гэтага ўказвалі імя аракула, імя вана, дата гадання і месца.
- Панцыр альбо костку клалі ў полымя, і па расколінам адзначалі вынік варажбы. Пасля гэтага на костку нанасілі яшчэ адзін надпіс з тлумачэннем выніку.
- Калі жа здзяйснення таго, што прадказалі, адбываліся нейкія прыметныя з'явы (навальніца, лівень, моцны вецер), гэта адзначалі на костцы.
- Пасля некаторага часу на костцы адзначалі, ці здзейснілася гаданне.
Колькасць розных іерогліфаў на панцырах і касцях налічвае каля 5000 знакаў. З іх атаясамлены з сучаснымі іерогліфамі каля 1500. Астатнія (пераважна асабістыя імёны і геаграфічныя назвы) або ўнікальныя і характэрныя толькі для перыяду Шан, альбо не расшыфраваныя.
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]-
Гадальная костка з пытаннем, ці здарыцца з уладаром нейкае няшчасце ў наступныя дзесяць дзён
-
Чарапахавы панцыр з расколінамі
-
Костка з пытаннем "Будзе лі сёння дождж?"
-
Разбор іерогліфаў на костцы з пытаннем
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Tsuen-Hsuin Tsien. Written on bamboo & silk: the beginnings of Chinese books & inscriptions (англ.). — 2nd ed.. — Chicago: University of Chicago Press, 2004. — 323 p. — ISBN 978-0-2268-1418-6.
- Boltz, William G. (1994; revised 2003). The Origin and Early Development of the Chinese Writing System. American Oriental Series, vol. 78. American Oriental Society, New Haven, Connecticut, USA. ISBN 0-940490-18-8
- Roderick Campbell “Animal, Human, God: Pathways of Shang Animality and Divinity”