Кітайскае пісьмо
Кітайскае пісьмо | |
---|---|
|
|
Тып пісьма | ідэаграфічнае |
Мовы | Кітайская, японская, раней таксама в'етнамская і карэйская |
Тэрыторыя | Кітайская Народная Рэспубліка, Кітайская Рэспубліка, Японія, Сінгапур, Малайзія |
Гісторыя | |
Месца ўзнікнення | Кітай |
Стваральнік | Цан Цэ[d] |
Дата стварэння | каля 2000 года да н. э. |
Перыяд | Прыкладна з 2000 года да н. э. — дагэтуль |
Найстаражытны дакумент | цзягувэнь |
Роднасныя | Карэйскае (хангыль), японскае пісьмо |
Уласцівасці | |
Напрамак пісьма | злева направа, зверху ўніз, раней — справа налева |
Знакаў | Каля 60 тыс. |
Дыяпазон Юнікода | U+4E00…U+9FA5, U+20000…U+2A6D6 і інш. |
ISO 15924 | Hani |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Кіта́йскае пісьмо́ (кіт. трад. 漢字, спр. 汉字, піньінь hànzì, пал. ханьцзы; в’етн.: Chữ Hán, цьы-хан) — слоўна-складовае пісьмо для запісу кітайскай мовы і некаторых іншых азіяцкіх моў. Асновай кітайскага пісьма з'яўляюцца асаблівыя знакі — іерогліфы, якія абазначаюць словы ці марфемы.
Кітайскае пісьмо таксама выкарыстоўваецца ў японскай (kanji — кандзі), радзей у карэйскай (hanja — ханча), і ў в'етнамскай (hán tự — хан ты), а таксама ў іншых мовах. Кітайскія іерогліфы таксама вядомы як сінаграфы, а кітайская пісьменнасць — як сінаграфія. У кантэксце інтэрнацыяналізацыі, пісьменнасці, заснаваныя на кітайскай, называюць CJK (англ.: Chinese, Japanese, Korean) або CJKV (з дабаўленнем англ.: Vietnamese).
Кітайскую пісьменнасць звычайна называюць іерагліфічнай або ідэаграфічнай. Яна карэнным чынам адрозніваецца ад алфавітнай тым, што большасць яе знакаў акрамя гукавога (фанетычнага) значэння дагэтуль захоўвае яшчэ і некаторую (часам вельмі аддаленую) сувязь з сэнсавым значэннем. Кітайскае пісьмо, як і ўвогуле большасць іерагліфічных пісьменнасцей, адметнае велізарнай колькасцю знакаў. У слоўніку Кансі налічваецца каля 47035 кітайскіх іерогліфаў, хоць большасць з іх рэдка ўжываецца і ў звычайных сучасных тэкстах амаль не сустракаецца. Такія рэдкаўжывальныя знакі назапашваліся на працягу гісторыі і ў свой час абазначалі рэчы і паняцці, якія пасля выйшлі з ужытку. Лічыцца, што для таго, каб разумець сучасныя кітайскія тэксты, дастаткова ведаць 3000—4000 найбольш ужывальных іерогліфаў[1].
Спіс ключоў Кансі — сістэма сімвалаў (ключоў) кітайскага пісьма, прынятая ў Японіі, Карэі, Тайвані, складаецца з 214 знакаў, якія расстаўлены ў парадку павелічэння колькасці рыс паводле слоўніка Цзыхуэй 1615 года. У Кітаі сістэмай карысталіся да рэформы 1949 года, а пасля быў уведзены спіс з меншай колькасцю рыс (170—180).
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Перадгісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Узрост кітайскай пісьменнасці пастаянна ўдакладняецца. У 1962 годзе пры раскопках неалітычнага паселішча Цзяху на рацэ Хуанхэ былі выяўлены надпісы на панцырах чарапах, якія нагадваюць па напісанні найстаражытнейшыя кітайскія іерогліфы. Піктаграмы адносяць да 4 тысячагоддзя да н.э., гэта значыць, што яны старажытнейшыя за шумерскую пісьменнасць[2]. Ранейшы вядомы даследчык кітайскай пісьменнасці Тан Лань выказваў здагадку, што кітайская іерогліфіка ўзнікла дзесьці 4—5 тысячагоддзяў назад[3].
Гістарычныя звесткі
[правіць | правіць зыходнік]Найбольш старажытныя знакі Кітайскага пісьма — «іньскія пісьмёны» (варажбітныя надпісы на бронзе, камянях, касцях, панцырах чарапах; 2-е тыс. да н. э). У 1066—771 да н. э. яны атрымалі развіццё ў выглядзе пісьма «чжоувэнь». У 221 да н. э. пачаўся працэс стандартызацыі іерогліфаў, з'явіліся стылі «вялікіх» («дачжуань») і «малых» («сяочжуань») пячатак, уведзена «дзелавое пісьмо» лішу (спрошчаны варыянт «малых пячатак»), У І ст. н. э. канчаткова сфарміраваўся сучасны стыль напісання іерогліфаў (кайшу — «узорнае пісьмо»). Побач з кайшу выкарыстоўваюць скарочаныя стылі цаошу — «травяное пісьмо» і сіншу — «хадавы скорапіс».
З 1956 у КНР вядзецца работа па спрашчэнні іерогліфаў. Поўныя абрысы іерогліфаў (фаньціцзы) выкарыстоўваюцца ў Сінгапуры, Японіі (з японскім складовым пісьмом), Паўднёвай Карэі (з карэйскай азбукай) і на Тайвані.
Сярод найстаражытнейшых кітайскіх літаратурных помнікаў «Шуцзін» («Кніга паданняў», 12—5 ст. да н. э.), «Іцзін» («Кніга перамен», 12—8 ст. да н. э.) і «Шыцзін» («Кніга песень», 11—6 ст. да н. э.).
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Norman, Jerry (2005). «Chinese Writing: Transitions and Transformations». От 2006-12-11
- ↑ Самые древние письмена давали прямую связь с небесами — Грани. Ру . Архівавана з першакрыніцы 9 снежня 2006. Праверана 20 студзеня 2013.
- ↑ Софронов М. В., Китайское языкознание в 50-80-хх гг.// Новое в зарубежной лингвистике, вып. XXII, Языкознание в Китае, М., 1989.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Кітайскае пісьмо // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. С. 310.
- Завьялова О.И. Иероглифическая письменность // Духовная культура Китая: энциклопедия: в 5 т.. — М.: Изд. фирма «Восточная литература» РАН, 2008. — Т. 3. Литература. Язык и письменность. — С. 656—664.
- Солнцев В. М. Китайское письмо // Лингвистический энциклопедический словарь. — М.: «Советская энциклопедия», 1990.
- Boltz, William G. (1994). The origin and early development of the Chinese writing system. New Haven: American Oriental Society. ISBN 978-0-940490-78-9.
- Galambos, Imre (2006). Orthography of early Chinese writing: evidence from newly excavated manuscripts (PDF). Budapest: Eötvös Loránd University. ISBN 978-963-463-811-7.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Кітайскае пісьмо
- Найбольш ужывальныя кітайскія іерогліфы (англ.)
- Кітайскі слоўнік з сістэмай распазнавання знакаў, напісаных ад рукі