Чатырохевангелле Івана Аляксандра

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Цар Іван Аляксандр са сваёй сям'ёй. Мініяцюра з Чатырохевангелля.
Цар Іван Аляксандр са сваёй сям'ёй. Мініяцюра з Чатырохевангелля.
Чатырохева́нгелле Іва́на Алякса́ндра. 1355–1356
балг.: Четвероевангелието на цар Иван Александър
Матэрыял пергамен, чарніла
Памеры 33 × 24,3 см
Брытанская бібліятэка, Лондан
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Чатыро́хева́нгелле Іва́на Алякса́ндра (балг.: Четвероевангелие на (цар) Иван Александър) — ілюмінаванае рукапіснае Евангелле, напісанае і ілюстраванае ў 1355—1356 гг. для цара Другога Балгарскага царства Івана Аляксандра. Рукапіс лічыцца адным з найбольш каштоўных літаратурных твораў сярэдневяковай балгарскай культуры.

Манускрыпт, які цяпер захоўваецца ў Брытанскай бібліятэцы, уключае тэкст чатырох Евангелляў і некаторыя іншыя тэксты. Рукапіс змяшчае 366 (або 352 у залежнасці ад групавання) мініяцюр і складаецца з 286 пергаментных фаліянтаў памерам 33 x 24,3 см, пазней пранумараваных алоўкам. Аркуш № 74 быў выразаны і выкрадзены ў пазнейшыя часы; найімаверней на ім была мініяцюра з выяваю Суднага дня.

Мова тэксту ў розных крыніцах апісваецца як балгарская[1], сярэднебалгарская, славянская[2], ці царкоўнаславянская[3].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Надпіс на пятай старонцы, які сведчыць аб набыцці манускрыпта Аляксандрам Добрым.

Рукапіс быў напісаны манахам Сімяонам у 1355—1356 гадах па загаду цара Івана Аляксандра; імаверна, кніга прызначалася для выкарыстання ў асабістай царскай капліцы. Манах упамінае сваё імя ў калафоне на 275 старонцы[4]. Няясна, ці ілюстраваў Сімяон Чатырохевангелле ўласнаручна, ці толькі займаўся перапісваннем. Над мініяцюрамі працавалі па меншай меры тры розныя мастакі, але, як звычайна, іх імёны нідзе не паведамляюцца. Почырк у рукапісе падобны на почырк у хроніцы Канстанціна Манасіі (1344—1345), якая адносіцца да твораў Тырнаўскай літаратурнай школы таго ж часу. Першапачаткова манускрыпт быў аздоблены золатам, каштоўнымі камянямі і жэмчугам, аднак пазней гэтыя пласціны зніклі і былі замененыя цяперашнімі.

Пасля захопу Вялікага Тырнава асманамі ў 1393 рукапіс быў перапраўлены ў Малдавію, магчыма балгарскім уцекачом. Праз некалькі гадоў яго выкупіў князь Аляксандр I Добры, што засведчана чырвоным запісам на аркушы № 5.

Далейшы лёс манускрыпта да моманту, калі ў XVII стагоддзі ён трапіў у манастыр Святога Паўлаberu на гары Афон, невядомы. У 1837 годзе настаяцель манастыра перадаў Чатырохевангелле англійскаму вандроўніку і калекцыянеру Роберту Курзану (англ.: Robert Curzon). Па словах самога Роберта Курзана, гэта быў падарунак, аднак Мілнер-Галанд апісвае рукапіс як «бесаромна прысвоены»[5]. Магчыма, гэта ўратавала рукапіс ад пажару, які цалкам знішчыў манастыр і ўсе яго зборы у канцы XIX стагоддзя.

Пасля Курзанавай смерці ў 1873 годзе яго дачка Дарыя ў 1917 перадала ўсю калекцыю ў Брытанскі музей. З 1973, пасля стварэння Брытанскай бібліятэкі, манускрыпт захоўваецца там.

Мініяцюры[правіць | правіць зыходнік]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Dimitrova, 23
  2. British Library Manuscripts Catalogue entry(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 6 студзеня 2023. Праверана 20 красавіка 2016.
  3. Milner-Gulland, 304
  4. Dimitrova, 23
  5. Milner-Gulland, 302

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Людмила Живкова. Четвероевангелието на цар Иван Александър. (балг.). — София, 1980.
  • Dimitrova, Ekaterina, The Gospels of Tsar Ivan Alexander, 1994, British Library, ISBN 0712303499
  • Milner-Gulland, R.R. «Review of The Gospels of Tsar Ivan Alexander by Ekaterina Dimitrova», The Slavonic and East European Review, Vol. 74, No. 2 (Apr., 1996), pp. 302—304, Modern Humanities Research Association and University College London, School of Slavonic and East European Studies, JSTOR

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]