Шаблон:Выбраны змест/Лоўрэнс Альма-Тадэма

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аўтапартрэт 1896 года
Аўтапартрэт 1896 года

Сэр Лоўрэнс Альма-Тадэма (1836—1912) — брытанскі мастак нідэрландскага паходжання, які пісаў карціны пераважна на гістарычныя сюжэты. Адзін з найбольш вядомых і высокааплатных мастакоў віктарыянскай эпохі.

Вучыўся ў Бельгіі, адразу пазіцыянаваўшы сябе як мастака гістарычнага жанру. У 1860-я гады сюжэты карцін браў пераважна з гісторыі эпохі Меравінгаў, затым пераключыўся на тэмы Старажытнага Егіпта, далей перайшоў на антычную тэматыку. У 1870 годзе перасяліўся ў Вялікабрытанію, у 1873 годзе па асабістым распараджэнні каралевы Вікторыі атрымаў брытанскае падданства. Стварыў 408 палотнаў, з якіх больш за 300 былі выявамі антычнасці. Персанажамі яго карцін былі сучаснікі-віктарыянцы, пастаўленыя ў класічныя дэкарацыі, карціны дакладна ўзнаўлялі дэталі мінулай эпохі і карысталіся вялікай папулярнасцю ў Англіі, пра што сведчыць і факт прысваення мастаку рыцарскага звання ў 1899 годзе і ўзвядзенне яго ў членства ордэна Заслуг у 1904 годзе. Пахаваны ў Саборы Св. Паўла (далей…).