Шаркамедзь

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Шаркамéдзь[1] (польск. Szarkomedź[2], літ. Šarkãmedis / Šarkãmedė) — былы засценак на тэрыторыі Жупранскага сельсавета ў Ашмянскім раёне, знаходзіўся за 500 м на захад ад в. Клеі.

Назва[правіць | правіць зыходнік]

Назва балцка-літоўскага паходжання, утвораная з дзвюх асноў: šarka «сарока» і medis «дрэва» або medė «лес», і значыць «Сарочае дрэва» або «Сарочы лес». На тэрыторыі Ашмянскага раёна быў таксама засценак Шаркі. Ад šarka паходзіць таксама і назва Шаркаўшчыны[3].

Падобным чынам, праз складанне дзвюх асноў, у гэтым рэгіёне на левабярэжжы ракі Ашмянкі утвораныя тапонімы Гудагай, Пелегрында, гідронімы Лэйлубка, Індрубка.

Назва магла ўзнікнуць ад дрэва, якое сарокі ўпадабалі былі для гнездавання або на якім людзі часцей бачылі сарокаў, або ад леса, дзе гнездавалі сарокі. Так жа сама ў старажытных прусаў была вядомая зафіксаваная пад 1331 годам падчас апісання межаў мясцовая назва Iwogarge (*īvagarian) «Савінае дрэва»[4]. У літоўцаў, латышоў, старажытных прусаў і сарока, і сава былі птушкамі-вешчунамі, з’яўленне і голас якіх прадказваў чалавеку тыя ці іншыя падзеі.

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Паводле звестак, пададзеных у «Геаграфічным слоўніку Каралеўства Польскага» (адпаведны том выдадзены ў Варшаве ў 1890 годзе), у «шляхецкім засценку» Шаркамедзі была адна сядзіба, у якой было 15 жыхароў.

Зноскі

  1. https://radzima.net/be/map/szarkomiedz.html
  2. Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XI. Warszawa, 1890. S. 797.
  3. Адамковіч А. Літоўскія назвы ў тапаніміцы нашага рэгіёна. Паставы, 2018. С. 9-12.
  4. Топоров В. Н. Прусский язык. A-D. М., 1975. С. 101.