Перайсці да зместу

Шыладзюб

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Шыладзюб
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Recurvirostra avosetta Linnaeus, 1758

Арэал
выява
  •      Гнездавы арэал
  •      Круглы год
  •      Міграцыі
Ахоўны статус

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  176723
NCBI  171275
EOL  45513585
FW  369521

Шыладзюб, шыладзюбка (Recurvirostra avosetta) — птушка сямейства шыладзюбавых,

Чорна-белы буйны кулік. Даўжыня цела 42-48 см, размах крылаў 77-81 см. Хударлявага выгляду птушка, з вельмі доўгімі, шэра-блакітнымі нагамі. Дзюба доўгая і тонкая, загнутая ўверх, чорная. Верх галавы і частка шыі чорныя, чорныя палосы на крылах. У палёце бачныя чатыры чорныя паласы на спіне і чорныя канцы крылаў. Маладыя больш карычневыя. Голас: чыстае, меладычнае, флейтавае «клю-ік, куйк, ліпіт».

Распаўсюджаны на спадзістых берагах вадаёмаў з салёнай або саланаватай вадой у Еўразіі, зрэдку ў Аўстраліі і Афрыцы.

Арэал разарваны. Лакальна сустракаецца ў Заходняй, Цэнтральнай і Паўднёвай Еўропе (таксама на поўдні Нарвегіі, Швецыі і Эстоніі) і ад паўднёва-ўсходніх раёнаў Еўропы праз Азію да поўначы Кітая і Ірака, у Малой Азіі, лакальна ў Паўночнай і Паўднёвай Афрыцы.

Паўднёвыя папуляцыі аселыя, паўночныя — пералётныя. Месца зімовак у межах гнездавога арэала, а таксама лакальна ў Вялікабрытаніі і Галандыі, ад раёна Міжземнага мора да паўднёвай часткі Каспійскага, у Афрыцы, Аравіі і Індыі. Залятае ў большасць краін Еўропы, у Беларусі вельмі рэдкі, выпадкова залётны від.

Асаблівасці біялогіі

[правіць | правіць зыходнік]
Шыладзюб над вадой, Англія.

Біятоп: мелкія і салёныя кантынентальныя вадаёмы з плоскімі, звычайна незарослымі, пясчанымі берагамі, часам мелкія марскія залівы; радзей — прэсныя вадаёмы. Таксама насяляе польдэры, арашаючыя вадаёмы і каналы, залітыя вадой рачныя даліны. Ахвотна плавае.

Сілкуецца пераважна воднымі беспазваночнымі, у тым ліку дробнымі рачкамі арцеміяй і казуркамі, якіх знаходзіць у вадзе або пласце глею.

Гняздуецца ў маі-чэрвені, калоніямі да 200 пар, у глейкіх бухтах недалёка ад вады. Гняздо ўладкоўваецца непадалёк ад вады, на адкрытым месцы сярод рэдкай расліннасці, у ямцы, высланай па краях рэшткамі раслін або невялічкімі галінкамі. У вільготных месцах высцілка багатая, у сухіх — часам зусім без высцілкі. Дыяметр гнязда каля 20 см, вышыня — каля 6 см.

Яйцо Recurvirostra avosetta.

У кладцы 3—5 яец. Яйкі грушападобныя або авальныя з вострым вузейшым канцом. Афарбоўка зменлівая: часцей за ўсё бура-гліністыя або аліўкава-гліністыя, часам бежавыя; глыбокія плямы — светлыя, шэрыя або папялістыя, паверхневыя — цёмна-карычневыя або чорныя. Памеры: 51,5 х 33,5 мм.