Эдыкт Каракалы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Трыўмфальная арка, узведзеная ў Валюбілісе ў памяць пра выданне эдыкта Каракалы

Эдыкт Каракалы, або «Антанінаў указ» (лац. Constitutio Antoniniana — «Канстытуцыя Антаніна») — указ рымскага імператара Каракалы 212 г., які падаваў рымскае грамадзянства ўсяму свабоднаму насельніцтву імперыі. Пераследваў у першую чаргу фіскальныя мэты, а менавіта ахапіць усіх падданых падатаковай сістэмай і павялічыць базу для камплектавання арміі, паколькі ў легіёнах мелі права служыць толькі поўныя рымскія грамадзяне.

Да 212 г. поўнае рымскае грамадзянства мелі толькі жыхары Італіі, аднак шэраг гарадоў і паселішчаў у іншых правінцыях мелі правы рымскага грамадзянства. Іншыя разглядаліся як лацінскія грамадзяне ці перэгрыны. Матывы, якія заахвоцілі імператара выдаць гэты ўказ, застаюцца незразумелымі, спробы звязаць іх са змовай Геты непераканаўчыя.

З сучаснікаў пра ўказ згадвае толькі Дыян Касій («Рымская гісторыя», кніга LXXVIII, глава 9), ганячы імператара. Тэкст указу захаваўся ў грэкамоўных папірусах, і рэканструюецца наступным чынам:

«Імператар Цэзар Марк Аўрэлій Север Антанін Аўгуст гаворыць: (цяпер жа…) варта адтэрмінаваць усякія скаргі, вусновыя і пісьмовыя, каб я падзякаваў бессмяротных багоў, што яны гэтай перамогай… мяне захавалі цэлым. Я мяркую, што я лепшым і найбольш набожным чынам задаволю веліч багоў, калі я ўсіх чужаземцаў, калі б яны не ўвайшлі ў круг маіх падданых, прылучу да шанавання нашых багоў. Такім чынам, я дарую ўсім чужаземцам ва ўсім сусвеце рымскае права грамадзянства, за выключэннем тых, хто паходзіць ад дэдытыцыяў. Пры гэтым я захоўваю ўсе дзяржаўна-прававыя адрозненні існых абшчын»[1].

У інтэрпрэтацыі гэтага тэксту цяжкасць выклікае тэрмін «дэдытыцыі» (лац. dediticii — якія здаліся). Меркаванні сучасных гісторыкаў наконт гэтага пытання падзяліліся. Паводле меркавання адных, усе карэнныя жыхары рымскіх правінцый былі ў прававым стаўленні дэдытыцыямі, таму эдыкт Каракалы іх практычна не датычыўся. Іншыя меркавалі, што гэты тэрмін тычыўся толькі да жыхароў тых тэрыторый, дзе рымляне не дазвалялі ствараць гарадскія саветы самакіравання. Гэтыя раёны кіраваліся непасрэдна рымскай адміністрацыяй і не ўяўлялі грамадскага цэлага ў прававым сэнсе. Там, дзе рымляне дазволілі стварэнне гарадскіх саветаў самакіравання, народ называўся не дэдытыцыямі, а «перэгрынамі», гэта значыць чужаземцамі, і ў адпаведнасці з эдыктам Каракалы меў правы на рымскае грамадзянства. Трэція лічылі, што імператарскі эдыкт падаваў рымскае грамадзянства ўсім жыхарам імперыі. Дэдытыцыямі, хутчэй за ўсё, маглі быць варвары, які насялялі памежныя вобласці, замежнікі, якія знаходзяцца ў межах Імперыі часова, а таксама тыя з вольнаадпушчанікаў, чыё вызваленне было не зусім празрыстым з прававога пункта гледжання.

У гэту ж катэгорыю ўваходзілі жыхары тэрыторый, дзе было мала полісаў (напрыклад, Палесціна ці рымскі Егіпет, дзе полісы страцілі самакіраванне), таму, па сутнасці, у становішчы жыхароў правінцый нічога не змянілася.[2] Гэта ж з'яўляецца прычынай, па якой сучаснікі не надалі ўказу вялікага значэння.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]