Экстракцыя
Экстра́кцыя, Экстрагаванне (ад лац.: extraho — выцягваю) — вылучэнне рэчыва з вадкай або цвёрдай сумесі з дапамогай арганічных растваральнікаў (экстрагентаў).
Экстракцыя вадкасная ў адрозненне ад экстракцыі цвёрдага цела працякае ў гетэрагеннай сістэме вадкасць—вадкасць і з'яўляецца самаадвольным працэсам выраўноўвання хімічных патэнцыялаў рэчываў у фазах, якія кантактуюць.
Экстракцыя цвёрдага цела ў фазу кенетычна падпарадкоўваецца законам масаабмену, дыфузіі, пераносу рэчыва, якое вылучаецца з цвёрдай фазы ў вадкую. Экстрагент падбіраюць так, каб у ім добра раствараўся кампанент, які трэба вылучыць з сумесі, і не раствараліся (ці мала раствараліся) іншыя кампаненты і зыходны растваральнік. Экстракцыя — адзін з найважнейшых метадаў раздзялення рэчываў, ачысткі ад дамешкаў. Выкарыстоўваецца для вылучэння арганічных злучэнняў з расліннай сыравіны, у гідраметалургіі (напрыклад, для вылучэння медзі), для раздзялення рэдкіх элементаў, у аналітычнай хіміі, вытворчасці порыстых пластмас, у радыяхіміі.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 1. — С. 79. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0295-4 (т. 18. Кн. 1).