Перайсці да зместу

Эрнест Вамба дыя Вамба

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Эрнест Вамба дыя Вамба
Нараджэнне 1942[1]
Смерць 15 ліпеня 2020(2020-07-15)
Партыя
Месца працы
Узнагароды

Эрнест Вамба дыя Вамба (фр.: Ernest Wamba dia Wamba; 194215 ліпеня 2020) — кангалезскі навуковы і палітычны дзеяч. У гады Другой кангалезскай вайны ўзначальваў кісанганскую фракцыю групоўкі КАД[2].

Нарадзіўся ў Судзі-Лутэтэ, правінцыя Бад-Конга. Выхоўваўся ў шведскіх місіянерскіх школах.

Пасля заканчэння сярэдняй школы атрымаў стыпендыю Афраамерыканскага інстытута для навучання ў ЗША. Паступіў ва Універсітэт Заходняга Мічыгана. Пазней вучыўся ў аспірантуры. Потым стаў выкладаць у Брандэйскім універсітэце, а крыху пазней — у Гарвардскім.

Падчас знаходжання ў ЗША ажаніўся з афраамерыканкай і ўдзельнічаў у руху за грамадзянскія правы афраамерыканцаў, уступіўшы ў арганізацыю «Студэнцкі негвалтоўны каардынацыйны камітэт». Як толькі ў Афрыцы пачаўся перыяд дэкаланізацыі, далучыўся да камітэтаў падтрымкі розных панафрыканскіх рухаў[2].

У 1980 годзе стаў прафесарам гісторыі ва ўніверсітэце Дар-эс-Салама ў Танзаніі.

У 1981 годзе, падчас наведвання вёскі сваіх бацькоў у Заіры, быў арыштаваны ўрадам Мабуту Сесе Секо за захоўванне «падрыўнога» артыкула. За гэта заключаны пад варту на адзін год.

Пасля вызвалення стаў прэзідэнтам Савета па развіцці даследаванняў сацыяльных навук у Афрыцы, а таксама заснавальнікам і прэзідэнтам філасофскага клуба ва ўніверсітэце Дар-эс-Салама. Удзельнічаў у Суверэннай нацыянальнай канферэнцыі, якая праходзіла з 1990 па 1992 год у Заіры. У 1997 годзе ён разам з Жакам Дэпельшынам напісаў Афрыканскую дэкларацыю супраць генацыду. Цесна супрацоўнічаў з прэзідэнтам Танзаніі Джуліусам Ньерэрэ па мірным урэгуляванні грамадзянскай вайны ў Бурундзі.

У пачатку Другой кангалезскай вайны Вамба выступіў супраць урада Ларана-Дэзірэ Кабілы. Апазіцыяй ён быў аднагалосна абраны кіраўніком паўстанцкай групоўкі «Кангалезскае аб’яднанне за дэмакратыю» (КАД), якая падтрымлівалася Угандай і Руандай. Аднак у маі 1999 года арганізацыя раскалолася, так як частка баевікоў прызнала сваім новым лідарам Эміля Ілунга (пры садзейнічанні Руанды). Тады Вамба збег у горад Кісангані, які кантраляваўся Угандай, і стварыў асобную фракцыю.

Пазней ад Вамбы адкалолася яшчэ адна частка байцоў, якая ўтварыла Вызваленчы рух Конга.

Пасля завяршэння вайны былы лідар баевікоў увайшоў ва ўрад, стаўшы бачным палітыкам. Акрамя сваёй непасрэднай дзейнасці, ён апублікаваў шэраг прац, стаўшы вядомым палітычным філосафам. У прыватнасці, навуковец атрымаў вядомасць за свой наватарскі падыход да разгляду працаў Алена Бад’ю[3][4].

У апошнія гады жыцця Вамба заставаўся палітычна актыўным, кіруючы групамі маладых актывістаў ў Кіншасе[2].

Памёр 15 ліпеня 2020 года ў бальніцы ў Кіншасе, куды быў шпіталізаваны за некалькі дзён да гэтага[5]. Прычынай смерці стаў прыступ астмы[6].

  1. Ernest Wamba-dia-Wamba // AlKindi
  2. а б в Farewell Ernest Wamba dia Wamba, Peoples' Dispatch, 17 July 2020
  3. For instance see the paper at http://abahlali.org/node/2826
  4. For instance see the paper "A Short Course in Politics at the University of Abahlali Basemjondolo" Архівавана 3 сакавіка 2016.. Centre For Civil Society Research Report No.42.
  5. Renowned Congolese scholar Wamba dia Wamba dies (англ.). The East African. Праверана 31 снежня 2020.
  6. Digitalcongo.net | Décès à Kinshasa de l'ancien président du mouvement rebelle RCD Ernest Wamba dia Wamba(недаступная спасылка). www.digitalcongo.net. Архівавана з першакрыніцы 17 жніўня 2020. Праверана 31 снежня 2020.
  • Wamba Dia Wamba, Ernest (2005), "DRC: Globalisation, War and the Struggle for Freedom" in Manji, F., and Burnett, P (eds), African Voices on Development and Social Justice Editorials from Pambazuka News, Oxford: Pambazuka News Fahamu Books Архівавана 22 ліпеня 2009.
  • Wamba Dia Wamba, E., and M. Mamdani, eds (1995), African Studies in Social Movements and Democracy, CODESRIA, ISBN 2-86978-052-4.
  • Wamba Dia Wamba, Ernest (1994), "In Search of a New Mode of Politics in Africa" in Development in an African Perspective, London: James Currey.