Эрык Хесельберг
Эрык Хесельберг | |
---|---|
Дата нараджэння | 4 чэрвеня 1914 ці 1 чэрвеня 1914[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 15 верасня 1972 (58 гадоў) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | скульптар, мастак, ілюстратар, фатограф, падарожнік-даследчык |
Эрык Брун Хесельберг (нарв. Erik Bryn Hesselberg; 4 чэрвеня 1914, Брэвік, Тэлемарк - 15 верасня 1972, Ларвік, Вестфол) — нарвежскі мастак, скульптар, падарожнік, удзельнік экспедыцыі на плыце «Кон-Цікі».
Экспедыцыя з Турам Хеердалам
[правіць | правіць зыходнік]У 1947 годзе Хесельберг, які пражываў з жонкай Ліс і нованароджанай дачкой Ганне-Карын у нарвежскім гарадку Борэ і займаўся жывапісам, быў запрошаны Турам Хеердалам прыняць удзел у экспедыцыі на бальсавым плыце «Кон-Цікі» з Перу ў Палінезію ў якасці штурмана. Падчас 101-дзённага плавання па Ціхаму акіяну Хесельберг праводзіў астранавігацыйныя назіранні, вызначаў месцазнаходжанне плыта і адзначаў на карце яго курс. У вольны ад навігацыі час Эрык рабіў замалёўкі, выразаў драўляныя статуэткі і граў на гітары. Менавіта яму належыць выява бога Кон-Цікі на ветразі, які быў усталяваны на іх плыце.
Вярнуўшыся з плавання, Хесельберг напісаў ад рукі 72-старонкавую кнігу «Кон-Цікі і я», суправадзіўшы яе сваімі ж уласнымі малюнкамі (выдадзена ў 1949 годзе ў Нарвегіі выдавецтвам Dreyers Vorlag).
Пасля знакамітай экспедыцыі Эрык Хесельберг пабудаваў уласны карабель пад назвай «Цікі», на якім перабраўся з Нарвегіі ў Францыю. 11 гадоў ён пражыў на борце свайго парусніка на Блакітным беразе, на Корсіцы, у Італіі, працуючы як скульптар і жывапісец. Сярод яго сяброў былі Пабла Пікаса, Жорж Сіменон, Жан Както.
Пазней, прадаўшы свой карабель, ён жыў у ЗША, Германіі, Швецыі, пакуль не вярнуўся канчаткова ў 1969-1970 гг. у горад свайго дзяцінства Ларвік.
Хесельберг памёр 58-гадовым ад сардэчнага прыступу ў 1972 годзе ў Ларвіку, дзе і быў пахаваны. Пакінуў пасля сябе мноства фатаграфій, графікі, скульптур і больш за 200 песень для гітары.
У Эрыка Хесельберга было трое дзяцей ад розных шлюбаў: дачка Ганне-Карын (1946), сын Каэлу (1958), дачка Сузанна (1967). Старэйшая дачка жыве ў Дрэбаку, арганізоўвае выставы работ свайго бацькі.
Зноскі
- ↑ Person Profile // Internet Movie Database — 1990. Праверана 26 чэрвеня 2019.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Факты: Эрык Хесельберг (нарв.)