Ян Пянкальскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ян Пянкальскі
Нараджэнне 1595
Смерць 1679
Род Пянкальскія[d]
Жонка Марыяна з Брастоўскіх[d]
Дзеці Стэфан Пянкальскі[d]
Веравызнанне кальвінізм
Дзейнасць мемуары

Ян Пянкальскі (1595—1679) — мемуарыст, кальвінскі дзеяч, адміністратар радзівілаўскіх маёнткаў.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Паходзіў са шляхецкага роду герба «Адрованж»[1].

Сцвярджаў, што паходзіў з Малюш у Кракаўскім ваяводстве. Атрымаў выдатную[удакладніць: камент.] адукацыю. На службу да падчашага вялікага літоўскага Януша Радзівіла патрапіў у 1613 г. і даволі хутка стаў сакратаром князя, нават пісаў яго прыватныя лісты. Праз 4 гады заняў пасаду княжацкага падскарбія[1].

Пасля смерці князя Януша, у 1620 г. перайшоў на службу да ягонай удавы Альжбеты Сафіі Радзівіл, а прыкладна ў 1630 г. — да князя Крыштапа Радзівіла, гетмана вялікага літоўскага. Займаўся набыццём зброі для князя, які рыхтаваўся да смаленскай выправы. У 1637 г. стаў старастам у Біржах, кіраваў маёнткам і фартыфікацыйнай будоўляй вакол замка. Нямала спрычыніўся да развіцця мястэчка, запрашаючы ў Біржы рамеснікаў. За працу атрымаў дазвол на выкуп маёнтка Завулкі пад Капылём, які пераўтварыў у сваю цэнтральную сядзібу[1].

Пасля смерці Крыштапа служыў яго сыну Янушу, а ў 1645 г. перайшоў да Багуслава Радзівіла. Вандраваў з ім па Заходняй Еўропе. Бараніў радзівілаўскія маёнткі ў часы вайны з Масквой 1654—1667 гг.[1].

Трохі раней займаўся па волі Радзівілаў пошукам месца для будоўлі і будоўляй збору ля Венграва, назіраў за давяршэннем прац па будаўніцтве збора ў Свідачы, за рэстаўрацыяй збора ў Слуцку і дома для слуцкага казнадзея. У сінодзе Ядноты Літоўскай браў удзел як пісар цывільны свецкі[1].

У 1671 г. абавязаўся фінансаваць друк падрыхтаванага Паўлам Дземітровічам «Вызнання евангельскай веры»[1].

Быў хранікёрам, радзівілаўскім гісторыкам і мемуарыстам. Захаваліся копіі яго мемуараў[1].

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

У першым шлюбе з Эўфіміяй фон Тэрмо, прыдворнай дамай княгіні Альжбеты Сафіі Радзівіл[1]. З ёй меў дачку і двух сыноў. Першы сын загінуў у 1653 годзе ў сечы пад Батогам. Другі, Тобіяс, спачатку паручык у войску ВКЛ і агент Багуслава Радзівіла, пазней суддзя гродскі віленскі, каралеўскі сакратар і лоўчы віленскі[2].

У другім шлюбе з 1653[2] года з Марыянай з Брастоўскіх меў двух сыноў, Стафана (пам. 1735), віленскага лоўчага, і Яна, хросным бацькам якога стаў князь Багуслаў Радзівіл[1].

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з Продкі Адама Міцкевіча - дзеячы Рэфармацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім / Зміцер Юркевіч // Евангельская Царква Беларусі: гісторыя і сучаснасць / [укладальнікі: А. І. Бокун, А. У. Унучак, Ю. А. Бачышча]. — Мінск. — 2018. — Вып. 3. — С. 197―209
  2. а б Таямніцы Міцкевіча “па мячы”. kimpress.by. Праверана 15 красавіка 2024.