Яэль Зусман

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Яэль Зусман
іўр.: יואל זוסמן
Партрэт
Імя пры нараджэнні: Юліус Зусман
Род дзейнасці: юрыст
Дата нараджэння: 24 кастрычніка 1910(1910-10-24)
Месца нараджэння:
Дата смерці: 2 сакавіка 1982(1982-03-02) (71 год)
Месца смерці:
Месца працы:
Альма-матар:
Узнагароды і прэміі:

Яэль Зусман (іўр.: יואל זוסמן, імя пры нараджэнні Юліус Зусман, ням.: Julius Sussman; 24 кастрычніка 1910, Кракаў, Аўстра-Венгрыя — 1982) — ізраільскі юрыст. Член Вярхоўнага суда Ізраіля з 1953 года, старшыня з 1976 па 1980 год. Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ізраіля на выбарах у кнэсет 4-га склікання. Прафесар Яўрэйскага ўніверсітэта ў Іерусаліме, аўтар шэрагу даведнікаў і манаграфій у вобласці правазнаўства. Лаўрэат Прэміі Ізраіля за 1975 год.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Юліус Зусман нарадзіўся ў 1910 годзе ў Кракаве (у той час у складзе Аўстра-Венгрыі) у сям'і Меіра і Ніхі Зусман. Атрымаў традыцыйную яўрэйскую і агульную адукацыю[1]. Скончыў гімназію ў Вісбадэне, затым вывучаў юрыспрудэнцыю ў Веймарскай рэспубліцы — у Берлінскім, Франкфурцкім і Гайдэльбергскім універсітэтах, атрымаўшы ў 1933 годзе ступень доктара права[2] у апошнім[3].

У 1934 годзе ажаніўся з Ханай Саламон. У гэтым жа годзе іміграваў у падмандатную Палесціну[1], дзе атрымаў адвакацкую ліцэнзію ў 1937 годзе. Дадатковую юрыдычную адукацыю атрымаў у Кембрыджы і Лонданскім універсітэце, атрымаўшы ступень бакалаўра права[2]. З 1939 па 1948 год вёў прыватную адвакацкую практыку ў Тэль-Авіве[1]. У 1941 годзе ўступіў у шэрагі «Хаганы» і ў час Вайны за незалежнасць Ізраіля займаў пасаду намесніка галоўнага ваеннага пракурора. У 1949 годзе Зусман быў прызначаны суддзёй акруговага суда ў Тэль-Авіве, дзе прапрацаваў да 1953 года[2]. У 1952 годзе заўдавеў, праз два гады жаніўшыся другім раз з Рынай Клібанавай (памерла ў 1967 годзе)[1].

У 1953 годзе заняў пасаду суддзі Вярхоўнага суда Ізраіля. У 1959 годзе ўзначальваў Цэнтральную выбарчую камісію Ізраіля на выбарах у кнэсет 4-га склікання. У 1969 годзе быў старшынёй камісіі па расследаванні падпалу мячэці Аль-Акса[2]. Таксама ўзначальваў камісіі па зацвярджэнні ваенных юрыстаў і па грамадзянскай судовай працэдуры[1]. З 1970 года — пастаянны выконваючы абавязкі старшыні Вярхоўнага суда Ізраіля і з 1976 па 1980 год — старшыня Вярхоўнага суда[2]. Выйшаў у адстаўку ў 1980 годзе па дасягненні 70-гадовага ўзросту.

Зусман быў вядомы як «германафіл» (наколькі гэта было магчыма для ізраільцяніна пасля Халакоста), рэкардсмен Вярхоўнага суда па адсылках да нямецкай культуры і права ў сваіх судовых рашэннях і паслядоўны прыхільнік дакладнага выканання судовай працэдуры, сам сябе называючы «фармалістам»[4]. Строгасць і эфектыўнасць грамадзянскай судовай працэдуры ўяўляла для яго не самастойную каштоўнасць, а сродак у дасягнення высвятлення дакладных акалічнасцей справы і ўсталявання справядлівасці[2]. У той жа час у адным са сваіх самых вядомых судовых рашэнняў Зусман аддаў перавагу не дакладнаму прытрымліванню пастаўленых фармальнасцей, а адсылцы да паняццяў «натуральнага права», якое мае прыярытэт перад звычайнымі законамі. Гэта рашэнне было вынесена па справе «„Ерэдор“ супраць Цэнтральнай выбарчай камісіі ў кнэсет 6-га склікання». Партыйны спіс «Ерэдор» (таксама вядомы як Сацыялістычны спіс), сфарміраваны ізраільскімі арабамі і яўрэямі крайне левых поглядаў, нягледзячы на фармальную адпаведнасць патрабаванням да кандыдатаў на ўдзел у выбарах у кнэсет, не быў дапушчаны да іх Цэнтральнай выбарчай камісіяй на падставе таго, што яго праграма заклікала да ліквідацыі Ізраіля, а ў яго склад уваходзілі члены арганізацыі, прызнанай незаконнай міністэрствам абароны Ізраіля. Апеляцыя спісу была адхілена суддзямі Агранатам і Зусманам (трэці суддзя, Хаім Коэн, напісаў асобную думку, якая абапіралася як раз на фармальныя аспекты права). У сваёй частцы рашэння Зусман зрабіў адсылку да гісторыі Веймарскай дэмакратыі, якая не здолела абараніць сябе ад антыдэмакратычных элементаў, і пісаў, што прававая дзяржава павінна абараняць свой канстытуцыйны лад[5].

Апроч дзейнасці на пасадзе суддзі Вярхоўнага суда, Зусман быў таксама навукоўцам-прававедам, прафесарам юрыдычнага факультэта Яўрэйскага ўніверсітэта ў Іерусаліме і аўтарам шэрагу манаграфій і даведкавых выданняў па пытаннях права, у прыватнасці ў такіх абласцях як вэксальнае права, трацейскія суды і грамадзянская судовая працэдура[2]. Ім таксама напісаны шматлікія артыкулы на юрыдычную тэму ў Яўрэйскай энцыклапедыі[1]. У 1975 годзе Зусман быў ганараваны Прэміяй Ізраіля ў вобласці права[2].

У Яэля Зусмана было трое дзяцей — дачка Дафна ад першага шлюбу і сыны Амнон і Амір ад другога[1]. Ён памёр у 1982 годзе і быў пахаваны на тэль-авіўскіх могілках Кір'ят-Шауль.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 1,5 1,6 Давід Тыдхар. Суддзя Вярхоўнага суда Яэль Зусман // Энцыклапедыя першапраходцаў і будаўнікоў ішува = אנציקלופדיה לחלוצי הישוב ובוניו. — 1971. — Т. 19. — С. 5665.
  2. 2,0 2,1 2,2 2,3 2,4 2,5 2,6 2,7 Суддзя Яэль (Каль) Зусман (іўрыт) . Судовая ўлада Дзяржавы Ізраіль. Праверана 22 лютага 2017.
  3. Oz-Salzberger, F., & Salzberger, E. M. The Hidden German Sources of the Israeli Supreme Court // Tel Aviv University Studies in Law. — 2000. — Vol. 15. — P. 85.
  4. Oz-Salzberger & Salzberger, 2000, pp. 97, 100
  5. Oz-Salzberger & Salzberger, 2000, pp. 103—104

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Wiki letter w.svg На гэты артыкул не спасылаюцца іншыя артыкулы Вікіпедыі,
калі ласка, карыстайцеся падказкай і пастаўце спасылкі ў адпаведнасці з прынятымі рэкамендацыямі.