Я размалюю для цябе неба
«Я размалюю для цябе неба» | |
---|---|
| |
Жанр | Проза |
Аўтар | Валеры Гапееў |
Мова арыгінала | беларуская |
Дата першай публікацыі | 2013 |
Выдавецтва | Мастацкая літаратура |
Колькасць старонак | 222 |
Носьбіт | Кніга |
ISBN | 978-985-02-1377-8 |
«Я размалюю для цябе неба» — зборнік аповесцей, п’ес і апавяданняў беларускага пісьменніка Валерыя Гапеева. Жанр — рэальнасць, містыка, фантастыка. Выдавецтва — «Мастацкая літаратура», 2013 год. Для сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту.
Сюжэт
[правіць | правіць зыходнік]Часам чалавек трапляе ў сітуацыю, калі даводзіцца зрабіць цяжкі выбар — крочыць ў адзін ці другі бок. Але, абодва рашэнні патрабуюць ахвяр і пакутлівага пераасэнсавання каштоўнасцей. І добра, калі побач апынецца нехта, хто зможа падказаць правільны выбар. Але часцей атрымліваецца так, што апыняешся самнасам з неабходнасцю свайго жыццёвага выраку. У такія сітуацыі трапляюць і героі кнігі. Самастойна і правільна зрабіць свой першы выбар вельмі цяжка, але ў такіх сітуацыях і адбываецца самая сапраўдная школа сталення.
У галоўнай казкі-антыўтопіі «Я размалюю для цябе неба…» праз сюжэт праходзіць дзяцінства, юнацтва і сталенне героя. Ён жыве пад Купалам — гэта неверагоднае збудаванне, якое, як лічыцца, абараняе людзей ад Цемры наваколля. Але ўвесь лад жыцця галоўнага героя прымушае задумацца, ці насамрэч за Купалам — смерць? З аднаго боку гэтая аповесць пераклікаецца з хрысціянскай традыцыяй асэнсавання жыцця пасля смерці, а з іншага боку — Купал сабою ўвасабляе жорсткасць таталітарнага дзяржаўнага кіравання і здольнасць самаадданай ахвяры ў імя ісціны.
Кароткая аповесць «Ксюхіна поле» — гэта хутчэй апавяданне. Перад 16-гадовым Сяргеем стаяць дзве сур'ёзныя жыццёвыя задачы: трэба высветліць бацькоўства (бо бацька не лічыць яго сваім сынам з усімі выцякаючымі адсюль наступствамі ў адносінах паміж імі), а таксама наладзіць сяброўства з Ксюхаю, якая жыве ў цяжкім асяроддзі, паміж інтэрнатам «для дэбілаў і псіхаў» і цёткай, якая арганізавала прытон для наркаманаў. А разам з тым трэба і самому не ўцягнуцца ў спажыванне канопляў.
Школьная п'еса «Сертыфікат», як і аповесць «Ксюхіна поле» — добры прыклады якаснай літаратуры для падлеткаў[1]. Часам нават дарослыя не здольныя на такія смелыя і адказныя ўчынкі, якія часам паўстаюць перад героямі твору — падлеткаў, якія самі будуюць сваё жыццё і прымаюць узважаныя і годныя рашэнні. Школьная каманда прайшла фінал раённага турніру па брэйн-рынгу. Адзін бізнесмен прапануе ім прайграць, каб зрабіць падарунак дачцэ, якая выступае ў камандзе супернікаў. А ўзамен кожны атрымае грошы, і немалую дапамогу атрымае школа, што гарантавана сертыфікатам. Бок бізнесмена заняла і дырэктар школы. Але сертыфікат нечакана знікае, і пад падазрэнне трапляюць гульцы каманды.
Апавяданне «Вартаўнік, альбо Колцы Одры» паказвае чытачам, на што здатны чалавек у імя кахання: напачтку ён можа нават зрабіць неверагоднае навуковае адкрыццё (фактычна машыну часу), а потым усё пакінуць і перабрацца да каханай (вобразам якой стала вядомая актрыса Одры Хепбёрн).
Кароткае апавяданне «Game Begina!» — віртуальная рэальнасць, якая быццам служыць перасцярогай, што не варта вельмі захапляцца камп'ютарнымі гульнямі. Бо яны часам здольны паглынуць і асобу чалавека, і яго жыццё.
Апавяданне «Аўтобус» цікава з пункту гледжання закручанасці сюжэта. У аўтобус з людзьмі падчас рэйсу трапіла маланка. Тым не менш, падарожжа працягваецца. Неўзабаве высвятляецца, што аўтобус едзе па зачараваным коле, якое з кожным разам аўтобус праязджае ўсё за меншы прамежак часу. Калі ён спыніцца, гэта можа азначаць смерць (як прыйшлі да высновы пасажыры). Але і далейшы яго рух фактычна мае той жа вынік. З такім зыходам ніхто, акрамя хіба дакторкі, не згодны. У кожнага свае прычыны. У гэтакай складанай сітуацыі кожны пачынае праяўляць адметнасць свайго характару, а некаторыя пачынаюць высвятляць адносіны, даючы волю эмоцыям[2].
Змест зборніка
[правіць | правіць зыходнік]- Ксюхіна поле (2013)
- Сертыфікат (2013)
- Вартаўнік, альбо Колцы Одры (2010)
- Game begins! (2013)
- На канале (2013)
- Крама загубленых рэчаў (2013)
- Аўтобус (2013)
- Я размалюю для цябе неба (2013)[3]
Твор «Я размалюю для цябе неба» быў асобна надрукаваны ў часопісе «Маладосць», №10 2013 год[4].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Весялуха 2014.
- ↑ Трафімчык 2014.
- ↑ Я размалюю для цябе неба . Лаборатория Фантастики. Праверана 14 студзеня 2016.
- ↑ Я размалюю для цябе неба: казка для дарослых дзяцей . Нацыянальная кніжная палата Беларусі. Праверана 14 студзеня 2016.
Рэцэнзіі
[правіць | правіць зыходнік]- Весялуха М. М. Зазірнуць за гарызонт // Звязда : газета. — Мн.: РВУ «Звязда», 2014. — 13 сакавіка — № 46. — С. 5. Архівавана з першакрыніцы 14 студзеня 2015.
- Трафімчык А. В. Урокі нябёснага малявання // Верасень : часопіс. — Мн.: ТБМ, 2014. — № 2. — С. 200―207. Архівавана з першакрыніцы 11 студзеня 2016.