4-я дэсантная брыгада (Біяфра)
4-я дэсантная брыгада | |
---|---|
Гады існавання | красавік 1968 — 1969/1970 (?) |
Краіна |
![]() |
Войны | Грамадзянская вайна ў Нігерыі |
Камандзіры | |
Вядомыя камандзіры | Рольф Штайнер, Тафі Уільямс |
4-я дэсантная брыгада (з кастрычніка 1968 года — дывізія) — ваеннае фарміраванне арміі Біяфры, якім кіравалі замежныя найміты. Падраздзяленне добра сябе праявіла ў мабільных дыверсійна-разведавальных аперацыях, але ў маштабных сутыкненнях звычайна цярпела няўдачу[1].
Стварэнне[правіць | правіць зыходнік]
У пачатку красавіка 1968 года палкоўнік Чуквуэмека Адумегву Аджукву даручыў нямецкаму найміту Рольфу Штайнеру сфармаваць і навучыць новую ўдарную брыгаду на аснове маленькіх і згуртаваных атрадаў, якія ўзначальвалі замежныя баевікі[2].
У склад падраздзялення ўвайшлі пяць батальёнаў, адзін з іх — марской пяхоты. Брыгаду ўзначаліў Штайнер. Яго намеснікамі сталі Джорджа Нарбьята, Арман Іанарэлі (ударная група «Ахаада»), Джон Эразмус (ударная група «Абалікі») і Тафі Уільямс (ударная група «Нсука»). Акрамя пералічаных, у часці служылі Аляксадра Гэй і Люіс Малруні[3].
Асабісты склад насіў колеры Замежнага легіёна Францыі — зялёны і чырвоны, зялёныя берэты. Дэвізам стала фраза «Гонар і вернасць», аналагічная напісанай на першым штандары легіёна, атрыманым ад караля Луі Філіпа. На парадах часцей гучала Марсельеза, а не нацыянальны гімн Біяфры[4]. Галоўным сімвалам брыгады стала мёртвая галава[1].
Баявы шлях[правіць | правіць зыходнік]
Брыгада[правіць | правіць зыходнік]
У красавіку—маі 4-я брыгада прыняла ўдзел у баях у раёне горада Порт-Харкорт, дзе прапаў без вестак Нарбьята. У канцы вясны 25 байцоў падраздзялення ажыццявілі рэйд на аэрадром Энугу (50 км за лініяй фронту). У ходзе аперацыі атрад знішчыў авіятэхніку праціўніка. Улетку брыгада знішчыла штаб нігерыйскага батальёна ў вёсцы Аму Нэлу і разграміла сілы праціўніка пад Акупалай на паўдарозе з Аверы ў Абу. У ходзе апошняй аперацыі былі паранены Гэй і Іанарэлі. У жніўні дэсантнікі на чале з Уільямсам удзельнічалі ў абароне горада Аба. За лета фарміраванне панесла досыць вялікія страты: да 4 верасня з 3742 байцоў у жывых засталіся толькі 922[5].
Дывізія[правіць | правіць зыходнік]
У канцы верасня Рольф Штайнер з’ехаў у адпачынак у Габон, камандаванне часова прыняў Уільямс. Вярнуўшыся з адпачынку, немец атрымаў пад камандаванне толькі што сфармаваную 4-ю дэсантную дывізію камандас, сепаратысты даручылі яму абарону фронту пад Калабарам. Аднак у гэты час у Штайнера абвастраюцца адносіны з французскім урадам, які хацеў праз яго адстойваць свае эканамічныя інтарэсы, і біяфрыйскімі генераламі, што зайздросцілі яго дружбе з палітычным кіраўніцтвам. 10 лістапада праз інцыдэнт з захопам транспарту Чырвонага Крыжа і бойку Штайнера з прэзідэнцкай аховай, немца і яшчэ пяць наймітаў выслалі з Біяфры[6][7].
12 лістапада 1968 года ў ходзе аперацыі «Хірасіма» 4-я дывізія пад камандай Тафі Уільямса паспрабавала адбіць Анічу. У першай жа атацы быў забіты кіраўнік наступлення Марк Гаасенс, а Армана Іанарэлі ўкусіла змяя. На наступны дзень адбылася другая атака. Уільямс у гэты дзень застрэліў шасцярых вайскоўцаў за адмову ісці на безнадзейны штурм. Пасля гэтага дывізію перадалі пад камадаванне біяфрыйскага генерала. Уільямс, Іанарэлі і Гэй яшчэ нейкі час заставаліся ў Біяфры, але працавалі больш як інструктары, а не палявыя камандзіры[8][9].
Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]
- ↑ а б Кондратьев 2016, p. 46.
- ↑ Biafra Story, Frederick Forsyth, Leo Cooper, 2001 ISBN 0-85052-854-2
- ↑ Коновалов 2015, pp. 74–76.
- ↑ Коновалов 2015, p. 74.
- ↑ Коновалов 2015, pp. 75–77.
- ↑ Коновалов 2015, pp. 77–79.
- ↑ Кондратьев 2016, pp. 46–47.
- ↑ Коновалов 2015, p. 79.
- ↑ Кондратьев 2016, p. 47.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Кондратьев, П.С. (2016). "Европейцы на фронтах Биафры (1967–1970 гг.)". № 2 (36). Вестник ЯрГУ.
{{cite journal}}
: Шаблон цытавання journal патрабуе|journal=
(даведка) - Коновалов, И.П. (2015). Солдаты удачи и воины корпораций : История современного наёмничества. Пушкино: Центр стратегической конъюнктуры. ISBN 978-5-9906069-7-5.