Перайсці да зместу

Габон

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Габонская Рэспубліка
фр.: République gabonaise
Герб Габона
Сцяг Габона Герб Габона
Дэвіз: «Union, Travail, Justice»
Гімн: «La Concorde»
Дата незалежнасці 17 жніўня 1960 (ад Францыі)
Афіцыйная мова французская
Сталіца Лібрэвіль
Форма кіравання Прэзідэнцкая рэспубліка
Часовы прэзідэнт
Прэм'ер-міністр
Брыс Алігі
Раймон Ндонг Сіма
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
74-я ў свеце
267 667 км²
3,7 %
Насельніцтва
• Ацэнка (2016)
Шчыльнасць

1 979 786 [1] чал. (150-я)
7,5 чал./км²
ВУП (ППЗ)
  • Разам (2016)
  • На душу насельніцтва

$36218 млн[2]
$19252
Валюта Франк КФА[d]
Інтэрнэт-дамен .ga
Код ISO (Alpha-2) GA
Код ISO (Alpha-3) GAB
Код МАК GAB
Тэлефонны код +241
Часавыя паясы UTC+1, West Africa Time[d] і Africa/Libreville[d][3]

Габо́н (фр.: Gabon), Габо́нская Рэспу́бліка (фр.: République gabonaise) — дзяржава на заходнім узбярэжжы Атлантычнага акіяна ў Цэнтральнай Афрыцы. Тэрыторыя — 267,7 тыс.км². Насельніцтва — амаль 2 млн чалавек. Сталіца — Лібрэвіль. Нацыянальнае свята — Дзень незалежнасці (17 жніўня 1960). Дзяржаўная мова — французская. Грашовая адзінка — франк фінансавай супольнасці краін Цэнтральнай Афрыкі — КФА. Вялікія запасы мінеральных рэсурсаў дазволілі Габону стаць адной з самых багатых краін Трапічнай Афрыкі паводле ВУП на душу насельніцва.

Ад партугальскага «Gabão», што азначае «плашч з капюшонам»; такую назву партугальскія мараплаўцы далі эстуарыю ракі Мбэ праз яго спецыфічную форму.

Амаль пасярэдзіне перасякаецца лініяй экватара. На поўдні і ўсходзе мяжуе з Конга, на поўначы — з Камерунам, на паўночным захадзе — з Экватарыяльнай Гвінеяй. Дзве апошніх мяжы — каланіяльная спадчына — праходзяць па паралелях і мерыдыянах. На захадзе абмываецца Гвінейскім залівам Атлантычнага акіяна. Берагавую лінію краіны на дзве часткі падзяляе мыс Лопес. На поўдзень ад яго берагі просталінейныя, плоскія, з мелкаводнымі лагунамі. На поўнач ад мыса берагавая лінія мае больш складаныя абрысы, тут размешчаны зручныя бухты — эстуарыі рэк.

рака Агавэ

Заходнюю частку краіны займае прыбярэжная нізіна шырынёй ад 20 да 300 км, цэнтральную і ўсходнюю — паўднёвыя прыступкі Паўднёва-Гвінейскага ўзвышша: горы Шаю і Хрустальныя горы з сярэднімі вышынямі 600-800 метраў. Горы складзены часткова крышталічнымі пародамі, часткова — карбанатамі, што прыводзіць да ачаговага распаўсюджання карставых з’яваў. На тэрыторыі Габона выдзелены тры раёны карсту, многія пячоры не адкрытыя дагэтуль. Тоўшчы асадкавых парод прыбярэжнай нізіны ўтрымліваюць багатыя нафтай. У Франсвільскім прагіне на ўсход ад гор Шаю ёсць значныя запасы марганцавых і ўранавых руд.

Становішча на экватары абумовіла экватарыяльны тып клімату з невялікай гадавой амплітудай тэмператур і значнай колькасцю ападкаў, на поўдні і ўсходзе з’яўляецца непрацяглы сухі сезон, а на паўднёвым усходзе, на плато Батэке — працяглы. Буйнейшая рака Габона — Агавэ, даўжынёй 1200 км. Вільготныя экватарыяльныя лясы займаюць каля 80 % тэрыторыі Габона. На ўсходзе - участкі саван, саваны цэнтральнай часткі краіны другасныя. Унікальныя мангравыя экасістэмы ўбярэжжа Гвінейскага заліва. Асабліва значныя плошчы мангравых лясоў у эстуарыі ракі Муні на мяжы з Экватарыяльнай Гвінеяй. У 2002 годзе на 10 % тэрыторыі Габона была створана Нацыянальная сістэма паркаў, што аб’ядноўвае 13 нацыянальных паркаў. Па паказчыку долі прыродаахоўных тэрыторый Габон — адзін з сусветных лідараў. У Габоне пражывае буйнейшая ў свеце папуляцыя гарылаў.

Першымі жыхарамі габонскай зямлі былі пігмеі. Яны жылі невялікімі групамі ў трапічных лясах, асноўнымі іх заняткамі былі паляванне і збіральніцтва. У XXIII стст. пачалася міграцыя плямёнаў банту да ўзбярэжжа Атлантычнага акіяна. На ўсходзе і поўдні Габона рассялілася племя тэке, на поўначы — племя мпонгвэ. У XIX ст. ў Габон прыйшло племя фанг, якое, адцяснуўшы ранейшых жыхароў, стала самай шматлікай этнічнай групай краіны. Да з'яўлення еўрапейцаў мясцовае насельніцтва жыло першабытна-абшчынным ладам і не мела нават зародкаў дзяржаўнасці.

Каланіяльны перыяд

[правіць | правіць зыходнік]

У 1472 г. партугальскі капітан Руй ды Сікейра першым з еўрапейцаў наведаў узбярэжжа Габона, яму ж краіна абавязана сваёй назвай. У XVIIXVIII стст. у Габон сталі прыплываць галандцы, французы, іспанцы. Яны абменьвалі свае тавары (соль, крэмневыя стрэльбы, порах, каралі, алкагольныя напоі і інш.) на слановую косць, эбенавае дрэва, воск, мёд, пальмавы алей. У прыбярэжных раёнах ствараліся гандлёвыя факторыі і каталіцкія місіі. У пачатку XVIII ст. на ўзбярэжжы паўстала каралеўства Арунгу — буйным пастаўшчык рабоў, праіснавала да свайго распаду ў 1873 годзе. У сярэдзіне XIX ст. ў рэгіёне ўзмацніліся пазіцыі Францыі. У 1849 г. французы захапілі партугальскі карабель гандляроў рабамі, і вызваленыя французамі афрыканцы заснавалі паселішча Лібрэвіль, цяперашнюю сталіцу Габона. У 1855—1859 гадах тэрыторыю сучаснага Габона даследваў Поль дзю Шаю. У канцы стагоддзя пачалося пранікненне французаў ва ўнутраныя раёны краіны. У 1880 г. П’ер дэ Браза заснаваў горад Франсвіль на ўсходзе сучаснага Габона. Каланізатары стварылі плантацыйную гаспадарку і транспартную інфраструктуры, пачалі распрацоўку карысных выкапняў. Падчас Другой сусветнай вайны каланіяльныя ўлады вырашылі падпарадкоўвацца Вішысцкаму ўраду і на тэрыторыі краіны адбыліся баі паміж мясцовымі ўзброенымі сіламі і корпусам Шарля дэ Голя.

У 19461958 гг. Габон меў статус «заморскай тэрыторыі» Францыя з выбарнай Тэрытарыяльнай асамблеяй і прадстаўніцтвам ў французскім парламенце. У лістападзе 1958 г. Габон стаў самакіраванай аўтаноміяй у складзе Французскага Супольнасці.

Перыяд незалежнасці

[правіць | правіць зыходнік]
Амар Бонга і прэзідэнт Бразіліі Лулу да Сілва

17 жніўня 1960 г. Габон аб'явіў незалежнасць. У 1961 г. на ўсеагульных выбарах на пасаду прэзідэнта быў абраны экс-прэм'ер-міністр, лідар Габонскага дэмакратычнага блока Леон Мба. Першы прэзідэнт спрабаваў нейтралізаваць апазіцыю, уключыўшы ў склад урада кіраўніка партыі Габонскі дэмакратычны і сацыяльны саюз (ГДСС) Жана-Ілера Абаму. Гэтая мера не прынесла жаданага выніку, і ў 1963 Ж.-І. Абам быў выведзены са складу ўрада. У 1964 прэзідэнт Л. Мба распусціў парламент і заклікаў да правядзення новых выбараў, у той час войска здзейсніла спробу дзяржаўнага перавароту. Адхілены ад улады Л. Мба быў адноўлены на пасадзе прэзідэнта дзякуючы ўмяшанню французскіх войскаў, якія дзейнічалі ў адпаведнасці з вайсковай дамовай паміж Габон і Францыяй 1961 г. Абам быў арыштаваны за ўдзел у перавароце. Пазней ў 1964 г. адбыліся парламенцкія выбары, па выніках якіх ГДБ атрымаў большасць мандатаў у парламенце, а Л. Мба захаваў за сабой пасаду прэзідэнта.

Пасля смерці Л. Мба ў 1967 г. прэзідэнтам Габона стаў былы віцэ-прэзідэнт Бонга Андзімба. У наступным годзе ён увёў аднапартыйную сістэму, адзінай кіруючай партыяй стала створаная ім Габонская дэмакратычная партыя (ГДП). У 1973 г. Бонга быў пераабраны на чарговы 7-ы тэрмін. Тады ж ён перайшоў з каталіцтва ў іслам і пачаў называцца Амарам Бонга. У 1970-я гады эканоміка Габона хутка развівалася. У 1979 і 1986 А. Бонга Андзімба быў пераабраны на 7-ы тэрмін.

Пад вялікім унутраным і знешнім ціскам (у краіну былі пасланыя французскія войскі з мэтай падтрымкі ўлады) паклаў канец аднапартыйнай сістэме ў 1990 г. і дазволіў правесці шматпартыйныя і альтэрнатыўныя прэзідэнцкія выбары. У 1991 г. была прынята новая Канстытуцыя. У 1993, 1998 і ў лістападзе 2005 г., Бонга Андзімба зноў абіраўся на пасаду прэзідэнта краіны.

Пасля смерці дыктатара Габон стаў больш дэмакратычнай краінай.

У 2009 г. Алі бен Бонга Андзімба выйграў прэзідэнцкія выбары, а ў жніўні 2016 г. перамог на новых выбарах. Апазіцыя, чыйго кандыдата Жана Пінга прэзідэнт абышоў менш чым на 6 тыс. галасоў, вынікі выбараў не прызнала, заявіўшы пра фальсіфікацыі, пасля чаго ў Лібрэвілі прайшлі масавыя беспарадкі, падчас якіх быў спалены будынак парламента. Аднак Канстытуцыйны суд Габона прызнаў перамогу Алі бен Бонга Андзімбы, і ў канцы верасня 2016 г. ён зноў быў абвешчаны кіраўніком дзяржавы.

У студзені 2019 годзе была здзейснена спроба дзяржаўнага пераварота ваеннымі з «Патрыятычнага руху вайскоўцаў і спецслужбаў Габона».

На фоне палітычнай нестабільнасці Габон дасягнуў значных поспехаў на міжнароднай арэне. У чэрвені 2021 года ён стаў першай краінай, якая атрымала выплаты за скарачэнне выкідаў у выніку высечкі і дэградацыі лясоў. Акрамя таго, у чэрвені 2022 года Габон разам з Тога далучыўся да Садружнасці Нацый, тым самым заявіўшы аб сваёй прыхільнасці шматбаковаму ўзаемадзеянню і супрацоўніцтву[4].

У жніўні 2023 года ў Габоне прайшлі чарговыя прэзідэнцкія выбары, перамогу на якіх атрымаў Алі Бонга Андзімба, які кіраваў краінай ужо 14 гадоў на момант абрання. Ён з’яўляецца сынам Амара Бонга, экс-прэзідэнта Габона, які кіраваў краінай з 1967 года. Прэзідэнцкія выбары 2023 года прайшлі ў атмасферы адключэння інтэрнэту і адсутнасці назіральнікаў[5]. 30 жніўня 2023 года Рэспубліканская гвардыя, Прэтарыянская гвардыя прэзідэнта, салдаты рэгулярнай арміі і супрацоўнікі паліцыі выступілі супраць Алі Бонга Андзімбы[6]. Путчысты таксама распусцілі дзяржаўныя інстытуты, уключаючы судовую сістэму, парламент і канстытуцыйны сход[7][8]. 31 жніўня 2023 года ваенныя афіцэры прызначылі генерала Брыса Алігі Нгему пераходным лідэрам краіны[9]. 4 верасня 2023 года генерал Брыс Алігі Нгема быў прыведзены да прысягі ў якасці часовага прэзідэнта Габона[10].

16 лістапада 2024 года прашоў канстытуцыйны рэферэндум, на якім 91,64% насельніцтва ўхвалілі новую Канстытуцыю краіны[11].

Дзяржаўны лад

[правіць | правіць зыходнік]

Габон — унітарная прэзідэнцкая рэспубліка. Дзейнічае Канстытуцыя 1991, у якой замацаваныя палітычны плюралізм і прынцып падзелу ўлад. Пасля смерці Амара Бонга ў барацьбе за пост прэзідэнта дэмакратычным шляхам перамог яго сын — Алі бен Бонга Андзімба. Маецца пост віцэ-прэзідэнта.

Парламент двухпалатны, верхняя палата — Сенат (91 дэпутат, старшыня Рэне Радэмбіна Коніке) абіраецца непрамым галасаваннем органамі мясцовай улады на 6 гадоў; ніжняя — Нацыянальны сход (120 дэпутатаў, старшыня Гі Ндзуба Ндама) абіраецца прамым усеагульным галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў.

Урад прызначаецца прэзідэнтам і складаецца з 41 члена. Прэм'ер-міністр — Эмануэль Ісозе-Нгадэт (2018).

У Габоне налічваецца каля 25 палітычных партый і 3 буйных прафаб'яднання. Вядучай палітычнай сілай з'яўляецца кіруючая Габонская дэмакратычная партыя (ГДП), заснаваная ў 1968. Найболей буйныя апазіцыйныя рухі (іх дзейнасць легалізаваная з 1990) — Вышэйшы савет супраціву (ВСС), які аб'яднаў 9 партый, Саюз габонскага народа (СГН, старшыня — П. Мамбунду), і Нацыянальнае аб'яднанне лесасекаў (НАЛ).

Адміністрацыйна Габон падзелены на 9 правінцый.

Полава-ўзроставая піраміда, 2017

Натуральны прырост насельніцтва — 1,92 % (2017)[12]. У апошнія гады падвысіліся паказчыкі смяротнасці і захворвання СНІДам (3,6 % у 2016 годзе, 16 месца ў свеце).

Этнічны склад: каля 50 плямёнаў і нацыянальных груп, у асноўным, народнасці банту. Найболей шматлікія — фанг, або пангве, (каля 40 %), бануну, пуну, сангу (каля 30 %), а таксама балеле, бакота, мпонгвэ, у лясістай мясцовасці пражываюць качавыя плямёны пігмеяў. У краіне налічваецца 170 тыс. іншаземцаў, у т.л. 15 тыс. еўрапейцаў, галоўным чынам французаў (6 тыс.). Рэлігія: 80 % насельніцтва вызнае хрысціянства (пераважная большасць — каталікі), 10 % — іслам, распаўсюджаныя таксама мясцовыя анімістычныя вераванні.

Нешматлікае насельніцва размешчана нераўнамерна. Большасць габонцаў жыве на атлантычным узбярэжжы, трэцяя частка — у сталічнай агламерацыі Лібрэвіля (707 тысяч чалавек у 2015)[12]. Прыродныя ўмовы не спрыялі шырокаму сельскагаспадарчаму асваенню тэрыторыі, таму Габон адносіцца да высакаурбанізаваных краін свету — 87,6 % у 2017 [12]

Габон багаты прыроднымі рэсурсамі, эканоміка мае пераважна сыравінную арыентацыю. ВУП на душу насельніцтва — каля 20000 долараў — у Габоне адзін з найбольшых у трапічнай Афрыцы. Тым не менш, даходы размяркоўваюцца нераўнамерна: 20 % насельніцтва валодаюць 90 % даходаў, а трэцяя частка насельніцтва жыве за рысай беднасці (2010). Вельмі выскокі ўзровень беспрацоўя, асабліва сярод моладзі (да 25 гадоў працаўладкавацца не могуць не менш за 60 %).

Лібрэвіль — сталіца і найбуйнейшы эканамічны цэнтр

Адносная эканамічная стабільнасць забяспечваецца за кошт экспарту прадукцыі здабыўных галін прамысловасці. Вядучы сектар — нафтавы (84 % ад агульнага аб'ёму экспарту ў валютным злічэнні і 46 % бюджэтных паступленняў)[13]. Пік здабычы нафты прыйшоўся на 1997 год (370 тыс. барэляў у дзень). Сёння (2016) здабываюць каля 220 тыс. барэляў у дзень, або 11,4 млн т.,[14] дзве траціны здабычы прыходзіцца на кампаніі «Таталь-Габон» і «Шэл-Габон». У 2016 годзе Габон вярнуўся ў АПЕК, куды ўваходзіў у 1975-1994. Паводле некаторых прагнозаў, запасы нафты вычарпаюцца ўжо ў 2025 годзе. Тым не менш, толькі ў канцы 2010-х Габон пачаў распрацоўваць праграму постнафтавай эканомікі.

Габону належыць 2-ое месца ў свеце па здабычы марганцавай руды (яе экспарт складае больш за 3,25 млн т. на год). Разведаныя запасы уранутрымліваючых руд — 40 тыс. тон. Маюцца радовішчы жалезнай руды, барыту, тальку, волава, свінцу, ніобію, малібдэну, тытану, фасфату, золата, алмазаў. Прамысловыя запасы каштоўных парод драўніны ацэньваюцца ў 4 млрд куб. м. (штогадовы экспарт — 1,8 млн кубаметраў).

Сярод галін апрацоўчай прамысловасці развітыя толькі лёгкая і харчовая. Больш за 70 % электраэнергіі вырабляецца на ГЭС

Сельская гаспадарка развіта слаба (5 % ВУП). Вырошчваюцца кава і какава, цукровы трыснёг, алейная пальма, унутраныя патрэбы ў харчаванні за кошт уласнай вытворчасці забяспечваюцца на 8—10 %, прадукты імпартуюцца.

Працягласць аўтадарожнай сеткі складае парадку 8 тыс. км. Асноўны марскі порт — Порт-Жанціль, праз які ажыццяўляецца экспарт нафты. Чыгункі практычна адсутнічаюць. Міжнародныя аэрапорты знаходзяцца ў Лібрэвілі, Порт-Жанцілі і Франсвілі.

Дзяржаўная радыётрансляцыйная сетка і мясцовае вяшчанне працуюць кругласутачна на французскай і мясцовых мовах. Маецца некалькі нацыянальных тэлевізійных каналаў.

Зноскі

  1. https://esa.un.org/unpd/wpp/DataQuery/
  2. http://www.imf.org/external/pubs/ft/weo/2016/02/weodata/weorept.aspx?sy=2016&ey=2021&scsm=1&ssd=1&sort=country&ds=.&br=1&pr1.x=73&pr1.y=7&c=646&s=NGDPD%2CNGDPDPC%2CPPPGDP%2CPPPPC&grp=0&a=
  3. а б в https://data.iana.org/time-zones/tzdb-2021e/africa
  4. "Gabon and Togo join the Commonwealth" (Press release). Commonwealth of Nations. 25 June 2022. Архівавана з арыгінала 21 July 2022. Праверана 24 September 2022.
  5. Военные Габона объявили об отмене итогов президентских выборов (руск.). РБК (30 жніўня 2023). Праверана 30 жніўня 2023.
  6. "Au Gabon, des militaires proclament l'annulation des élections après l'annonce de la victoire d'Ali Bongo". Le Monde.fr(фр.). 2023-08-30. Праверана 2023-08-30.
  7. Gabon military officers claim power, say election lacked credibility. www.aljazeera.com. Архівавана з першакрыніцы 30 August 2023. Праверана 30 August 2023.
  8. "Gabonese military officers announce they have seized power of oil-rich country". Reuters. 30 August 2023. Архівавана з арыгінала 30 August 2023. Праверана 30 August 2023.
  9. "Gabon coup leaders name Gen Brice Oligui Nguema as new leader". BBC News. 31 August 2023. Архівавана з арыгінала 31 August 2023. Праверана 5 September 2023.
  10. "Gabon coup leader Brice Nguema vows free elections - but no date". BBC News. 4 September 2023. Архівавана з арыгінала 4 September 2023. Праверана 8 September 2023.
  11. Journal de l'Afrique - Nouvelle constitution au Gabon, le référendum fixé au 16 novembre (фр.). France 24 (18 кастрычніка 2024). Праверана 22 кастрычніка 2024.
  12. а б в https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/gb.html Архівавана 10 снежня 2016.
  13. http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=80&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&target=Product&year=2016
  14. http://www.opec.org/opec_web/static_files_project/media/downloads/publications/ASB2017_13062017.pdf