54-ы Масачусецкі пяхотны добраахвотніцкі полк

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Штурм форта Вагнер, самая вядомая бітва, у якой прымаў удзел 54-ы полк

54-ы Масачусецкі пяхотны добраахвотніцкі полк (англ.: 54th Massachusetts Infantry Regiment) — першае рэгулярнае воінскае фарміраванне ў гісторыі ЗША, якое складалася цалкам з афраамерыканцаў, акрамя афіцэраў[1]. 54-ы полк быў створаны ў 1863 годзе і прымаў удзел у Грамадзянскай вайне паміж паўночнымі і паўднёвымі штатамі.

Пасля заканчэння баявых дзеянняў у арміі ЗША былі створаны рэгулярныя падраздзяленні, якія складаліся з чарнаскурых кавалерыстаў (гл. салдаты-буфала  (руск.)). У 2008 годзе падраздзяленне было адноўлена як частка нацыянальнай гвардыі штата Масачусетс, якая выконвае цырыманіяльныя функцыі (54th Massachusetts Volunteer Regiment).

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Фарміраванне[правіць | правіць зыходнік]

Палкоўнік Роберт Шоу ў маі 1863 года
Помнік губернатару штата Масачусетс Джону Эндру, які дазволіў фармаванне 54-га Масачусецкага добраахвотніцкага палка

Дазвол на фармаванне палка быў дадзены ў сакавіку 1863 года губернатарам штата Масачусетс Джонам Эндру пасля прыняцця «Пракламацыі аб вызваленні рабоў»[2]:1-5. Ваенны міністр ЗША Эдвін Стэнтан паклапаціўся, каб усімі «каляровымі» часткамі кіравалі белыя афіцэры[3]:202. Камандзірам палка быў прызначаны палкоўнік Роберт Гулд Шоу, а яго намеснікам — падпалкоўнік Норвуд Пенроўз Хэлоўэл[2]:4-6[4]. Для гэтай мэты Шоу і Хэлоўэл, якія раней мелі званне капітанаў, былі, як і многія афіцэры афраамерыканскіх частак, адразу павышаны да адпаведных чыноў, абыходзячы прамежкавыя званні[2]:3. Астатні афіцэрскі склад набіралі яны самі. У лік афіцэраў увайшлі Луіс Эміліа[5]:90 і Гарт Уілкінсан Джэймс, брат пісьменніка Генры Джэймса. Многія афіцэры выраслі ў сем’ях абаліцыяністаў, і частка з іх прыйшла з рэкамендацыяй ад губернатара Эндру. Таксама ў склад афіцэраў увайшоў малодшы брат падпалкоўніка Хэлоўэла, Эдвард, які пасля смерці Шоу быў павышаны да палкоўніка і камандаваў 54-м палком да канца вайны. 24 з 29 афіцэраў палка ўжо паспелі паваяваць, але толькі шасцёра з іх раней мелі афіцэрскае званне[2]:6.

Вярбоўкай салдат займаліся белыя абаліцыяністы (у тым ліку бацькі палкоўніка Шоу). Лейтэнант Дж. Эплтан[2]:8, першы афіцэр, якога залічылі ў полк, апублікаваў аб’яву ў газеце Boston Journal[6]. Уэндэл Філіпс і Эдвард Пірс выступілі перад чарнаскурымі ў царкве на Джой-стрыт, заклікаючы слухачоў запісвацца ў полк. Усяго вярбоўкай актыўна займаліся каля сотні чалавек, у тым ліку прыхаджане царквы на Джой-стрыт і члены спецыяльнага камітэта, створанага губернатарам Эндру[2]:11.

Падпалкоўнік Норвуд Хэлоўэл у 1862 годзе

Ваеннай падрыхтоўкай 54-ы полк займаўся ў лагеры Мэйгс, размешчаным у горадзе Рыдвіл недалёка ад Бостана. Падчас навучання значную падтрымку асабоваму складу аказвалі абаліцыяністы штата Масачусетс, уключаючы Ральфа Уолда Эмерсана[2]:15. Матэрыяльная дапамога ўключала ў сябе цёплую вопратку, баявыя сцягі і 500 долараў, ахвяраваных на навучанне палкавога аркестра і набыццё музычных інструментаў. Калі стала відавочна, што колькасць навабранцаў нашмат перавышае патрэбы, лішніх сталі адсейваць праз медагляд, які кіраўнік аховы здароўя штата Масачусетс апісваў як «жорсткі і пільны». У выніку залічаныя на службу былі самай «дужай, моцнай і здаровай групай мужчын», калі-небудзь прызваных на службу ў Злучаных Штатах[2]:19-20. Аднак, як гэта часта здаралася падчас Грамадзянскай вайны, некалькі навабранцаў памерлі ад хвароб, перш чым 54-ы полк пакінуў навучальны лагер.

Паводле большасці крыніц, 54-ы полк выступіў з Бостана з высокім баявым духам. На ім не адбілася нават тое, што, паводле выдадзенага 23 снежня 1862 года Джэферсанам Дэвісам маніфеста[7], і афраамерыканскіх вайскоўцаў, і белых афіцэраў у выпадку трапляння ў палон чакала смяротнае пакаранне. У студзені 1863 года маніфест быў зацверджаны Кангрэсам Канфедэрацыі. У адпаведнасці з ім, і радавых салдат, і іх белых афіцэраў патрэбна было перадаваць уладам штатаў, дзе салдаты былі рабамі. Паколькі пасля паўстання Нэта Тэрнера ў большасці паўднёвых штатаў «паўстанні рабоў» душыліся з дапамогай драконаўскіх мер, прысуд, хутчэй за ўсё, аказаўся б смяротным.

Баявыя дзеянні[правіць | правіць зыходнік]

54-ы полк урачыста пакінуў Бостан 28 мая 1863 года і быў урачыста сустрэты ў горадзе Б’юфорт, Паўднёвая Караліна. Чарнаскурых салдат віталі мясцовыя афраамерыканцы і абаліцыяністы (некаторыя з іх прыбылі з Бостана год таму назад, каб у якасці місіянераў прыняць удзел у Порт-Раяльскім эксперыменце[8]:248-249). У Б’юфорце 54-ы полк далучыўся да 2-га палка добраахвотнікаў Паўднёвай Караліны — часткі, набранай з вызваленых рабоў, пад камандаваннем палкоўніка Джэймса Мантгомеры[8]:250-251. Пасля паспяховага нападу 2-га палка на паром Камбахі Мантгомеры ўзначаліў напад абодвух палкоў на горад Дарыен у штаце Джорджыя[8]:251-252. Насельніцтва бегла, і Мантгомеры загадаў сваім салдатам разрабаваць і спаліць апусцелы горад[8]:252. Шоу запярэчыў супраць падобных дзеянняў і падаў вышэйшаму кіраўніцтву скаргу, у якой паказаў, што падпалы і рабаванне — ганебныя дзеянні для яго ўзорнага палка[8]:252-253.

Першым удзелам у сапраўдным баі для 54-га палка стала перастрэлка з канфедэратамі 16 ліпеня на востраве Джэймс у Паўднёвай Караліне. Полк спыніў атаку праціўніка[2]:57-63, страціўшы ад 42 да 45 чалавек.

23 снежня 1863 года ў газеце New York Tribune быў надрукаваны ліст першага сяржанта Роберта Джона Сіманса, былога салдата брытанскай арміі родам з Бермудскіх астравоў, які служыў у роце B. Ліст быў напісаны незадоўга да атакі на форт Вагнер[9]:

« Востраў Фолі, Паўднёвая Караліна

18 ліпеня 1863 года

Мы рухаемся да форта Вагнер, каб яго штурмаваць. Мы толькі што скончылі паспяховае адступленне з вострава Джэймс; мы вялі там адчайны бой у чацвер раніцай. Нашыя тры роты, B, H, і K, знаходзіліся на вартаўнічай ахове на адлегласці, большай за мілю, наперад ад палка. Нас атакавалі рана ранкам. Наша рота знаходзілася ў рэзерве, калі пяхота і кавалерыя мяцежнікаў атакавала аванпосты. Наш капітан паслаў мяне на чале ўзвода ўмацаваць левы фланг. Кулі сыпаліся вакол нас практычна дажджом; калі я прыбыў на месца, мае няшчасныя таварышы валіліся вакол мяне з жаласнымі стогнамі. Наша ахова ўсяго налічвала каля 250 чалавек, а нападаючых было каля 900. Мяркуючы па лініі, якая выстраілася ўдалечыні, атакуючых падтрымліваў рэзерв колькасцю 3000 чалавек. Нам прыйшлося страляць і адступаць да лагера. Побач са мной быў забіты адзін наш няшчасны сяржант; яшчэ некалькі чалавек каля мяне былі параненыя.

Бог збярог мяне ў гэтым першым выпрабаванні агнём і свінцом, і я слаўлю Яго і ўзношу хвалу Яго святому імені. Майму беднаму сябру [сяржанту Петэру] Фогельсангу прастрэлілі лёгкія; ён у крытычным стане, але доктар кажа, што ён, магчыма, выжыве. Яго рота панесла вельмі вялікія страты. Няшчасны добры і храбры сяржант [Джозэф Д.] Уілсан з яго роты [H] закалоў сваім штыком чацвярых мяцежнікаў, пасля чаго пяты прастрэліў яму галаву. Бядак! Няхай супакоіцца яго высакародны дух з мірам! Генерал павіншаваў палкоўніка з адвагай і храбрасцю яго палка.

»
Мадэль форта Вагнер

Полк атрымаў славу 18 ліпеня 1863 года, калі ўзначаліў напад на форт Вагнер каля горада Чарльстан, Паўднёвая Караліна. 272 чалавекі з 600 атакуючых былі «забітыя, параненыя або ўзятыя ў палон»[10]. У гэтым баі загінулі палкоўнік Шоу і 29 яго падначаленых; яшчэ 24 чалавекі памерлі ад ран, 15 былі ўзятыя ў палон, 52 прапалі без вестак, і 149 былі параненыя. Больш сур’ёзных страт у адным баі 54-ы полк не меў за ўсю вайну. Хоць федэральныя войскі так і не змаглі ўзяць і ўтрымаць форт (нягледзячы на тое, што захапілі ўчастак сцяны падчас першага штурму), 54-ы стаў шырока вядомы дзякуючы праяўленай адвазе, і гэта падзея спрыяла фарміраванню новых афраамерыканскіх палкоў, што, па словах прэзідэнта Лінкальна, адыграла важную ролю ў перамозе Поўначы. Праз шмат дзесяцігоддзяў сяржант Уільям Харві Кэрні быў узнагароджаны Медалём Пашаны за тое, што ён выхапіў амерыканскі сцяг з рук забітага сцяганосца і пранёс яго да варожых пазіцый і назад. Хоць да таго моманту гэтай узнагароды былі ўдастоены іншыя афраамерыканцы, подзвіг Кэрні быў першым па часе, за які чарнаскуры быў узнагароджаны Медалём Пашаны.

У той час, пакуль 54-ы полк удзельнічаў у штурме Чарльстана, у Нью-Ёрку тлеючыя расавыя забабоны выліліся ў бунт[8]:262. На набярэжнай і ў Ніжнім Іст-Сайдзе афраамерыканцаў збівалі, катавалі і лінчавалі белыя натоўпы, раззлаваныя спробай заклікаць іх на вайну; бунтаўшчыкі смяротна паранілі пляменніка сяржанта Роберта Сіманса[5]:69, смяротна параненага і ўзятага ў палон пры штурме форта Вагнер[5]:100-101. Натоўп абрынуў свой гнеў на чарнаскурых з-за ўпэўненасці, што менавіта яны паслужылі прычынай вайны. Аднак гераізм 54-га палка дапамог уціхамірыць гнеў такога кшталту.

Пад камандаваннем палкоўніка Эдварда Хэлоўэла 54-ы полк прыкрываў адступленне сіл Поўначы ў баі пры Олусці. У лістападзе 1864 года ў складзе негрыцянскай брыгады, якой камандаваў палкоўнік Альфрэд Хартуэл, 54-ы полк беспаспяхова атакаваў апалчэнне канфедэратаў у баі пры Хані-Хіл. У сярэдзіне красавіка 1865 года полк удзельнічаў у баі каля млына Бойкіна — невялікай сутычцы ў Паўднёвай Караліне, якая аказалася адным з апошніх баявых сутыкненняў грамадзянскай вайны.

У кіно[правіць | правіць зыходнік]

  • «Слава  (руск.)» — мастацкі фільм 1989 года, у якім распавядаецца пра гісторыю палка, пра штурм форта Вагнера.

Зноскі

  1. «Massachusetts Historical Society 54th Massachusetts Infantry Regiment» (англ.). masshist.org. Архівавана з першакрыніцы 26 лістапада 2014. Праверана 15 снежня 2014.
  2. а б в г д е ё ж з Emilio, Luis F. A Brave Black Regiment: History of the Fifty-Fourth Regiment of Massachusetts Volunteer Infantry, 1863-1865 (англ.). — Boston: The Boston Book Company, 1891.
  3. Alexander M. Bielakowski Ph.D. Ethnic and Racial Minorities in the U.S. Military: An Encyclopedia (англ.). — ABC-CLIO, 2013. — ISBN 978-1-59884-427-6.
  4. 30 мая таго ж года Хэлоўэл прыняў настойлівую прапанову губернатара Эндру ўзначаліць 55-ы Масачусецкі полк, у якім радавымі служылі таксама адны толькі чарнаскурыя.
  5. а б в Clinton Cox. Undying Glory: The Story of the Massachusetts 54th Regiment (англ.). — New York: Scholastic, 1991.
  6. To Colored Men. 54th Regiment! Massachusetts Volunteers, Of African Descent(недаступная спасылка). Massachusetts Historical Society (16 лютага 1863). — «Патрэбны каляровыя мужчыны. Надзейныя людзі для 54-га палка масачусецкіх добраахвотнікаў афрыканскага паходжання, камандзір палк. Роберт Шоў. Узнагароджанне 100 долараў па заканчэнні тэрміну службы. Плата — 13 долараў у месяц і матэрыяльная дапамога сем’ям ад Штата. Усю неабходную інфармацыю можна атрымаць у канторы на рагу Кембрыдж-стрыт і Норт-Расел-стрыт.»  Архівавана з першакрыніцы 26 лістапада 2013. Праверана 3 лістапада 2014.
  7. Jefferson Davis's Proclamation Regarding Captured Black Soldiers, December 23, 1862 (англ.). University of Maryland, College Park. Архівавана з першакрыніцы 25 кастрычніка 2012. Праверана 18 ліпеня 2008.
  8. а б в г д е Rose, Willie Lee. Rehearsal for Reconstruction: the Port Royal experiment (англ.). — Indianapolis, New York, Kansas City: The Bobbs-Merrill Company, 1964.
  9. 54th Mass.org. Архівавана з першакрыніцы 16 жніўня 2014. Праверана 5 лістапада 2014.
  10. Exhibit: 54th Mass Casualty List. National Archives and Records Administration (1996). Архівавана з першакрыніцы 18 верасня 2008. Праверана 18 ліпеня 2008.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]