Перайсці да зместу

Actias luna

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Actias luna

Самец
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Actias luna (Linnaeus, 1758)

Сінонімы

Actias bolli (Wagner, 1876)
Actias maasseni Kirby, 1892
Actias rossii Ross, 1872

Phalaena luna Linnaeus, 1758

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  936178
NCBI  63976

Actias luna — від паўлінавочак з падсямейства Agliinae.

Распаўсюджанне

[правіць | правіць зыходнік]

Сустракаецца ў Паўночнай Амерыцы, у ЗША ад Вялікіх раўнін на ўсходзе да Фларыды да штата Мэн; у Канадзе ад Саскачэвана на ўсход праз цэнтральны Квебек да Новай Шатландыі[1], а таксама ў Мексіцы і Гватэмале[2].

Размах крылаў 8—11,5 см. Афарбоўка крылаў сіне-зялёная на поўначы арэала і для зімуючага пакалення ў цэнтральных і паўднёвых штатах ЗША; крылы другога і трэцяга пакалення маюць больш жоўта-зялёную афарбоўку. Пярэднія крылы трохвугольнай формы, з серпападобна завостранай вяршыняй. Заднія крылы з лірападобна выцягнутымі анальнымі вугламі, у выглядзе хвастоў, якія падтрымліваюцца падоўжанымі і выгнутымі жылкамі M3, Cu1 Cu2 і A2. У самцоў выцягнутая частка задніх крылаў амаль роўная або перавышае шырыню крыла, у самкі — менш шырыні крыла. Кастальны край пярэдняга крыла чырванавата-ружовы. Цела валькаватае, густа апушанае. Вусікі пёрыстыя, з двума парамі вырастаў на кожным членіку, у самак вырасты значна карацейшыя, чым у самцоў. Ротавыя органы рэдукаваныя: хабаток недаразвіты. Ногі скарочаныя; галёнкі задніх ног з 2—3 шпорамі[1].

Змрочныя і начныя матылі, самцы больш актыўныя, чым самкі[1].

У залежнасці ад кліматычных умоў на розных тэрыторыях арэала, развіваецца ў рознай колькасці пакаленняў за год. У Канадзе і паўночных рэгіёнах ЗША развіваецца адно пакаленне ў год. У сярэднеатлантычных штатах від развіваецца ў двух пакаленнях за год, а паўднёвей — дае тры пакаленні за год. У цэнтральных штатах першае пакаленне з’яўляецца ў красавіку, другое — у ліпені. Паўднёвей першае пакаленне з’яўляецца ў сакавіку, а другое і трэцяе з’яўляюцца адпаведна праз восем—дзесяць тыдняў пасля матылькоў першага пакалення. Стадыя яйца доўжыцца каля 10 дзён, стадыя вусеня — 6—7 тыдняў, стадыя кукалкі 1—2 тыдні. Працягласць жыцця імага складае каля 7 дзён[1].

Самкі пасля спарвання адкладаюць 200—400 яйцаў паасобку або невялікімі групамі на ніжнім баку лісця кармавых раслін драўняных парод. Адкладванне яйцаў самкай пачынаецца ўвечары пасля завяршэння спарвання і працягваецца некалькі дзён. Яйцы маюць плямістую бела-карычневую афарбоўку, злёгку авальную форму і прыкладна 1,5 мм у дыяметры[1].

Вусень за перыяд развіцця праходзіць 5 узростаў. Кожны ўзрост (перыяд паміж лінькамі) звычайна доўжыцца каля 4—10 дзён. Вусені ўсіх узростаў зялёныя, хоць у першых двух узростаў маюцца некаторыя варыяцыі, пры якіх яны маюць чорныя плямы на спінным баку цела. Да канца развіцця вусені дасягаюць даўжыні да 70-90 мм. Акукляюцца на зямлі ў тонкім і аднаслаёвым шаўковым кокане. Стадыя кукалкі доўжыцца прыкладна 1—2 тыдні, калі асобіна не знаходзіцца ў зімовай дыяпаўзе; у гэтым выпадку стадыя кукалкі доўжыцца каля дзевяці месяцаў. Калі самкі выходзяць з коканаў, яны ляцяць да кармавых відаў дрэў, выпускаюць ферамоны і чакаюць, пакуль самцы знойдуць іх для спарвання. У імага ротавы апарат рудыментарны, і яны не харчуюцца. Жывуць за кошт тлушчавых запасаў, назапашаных падчас стадыі вусеня[1].

Кармавыя расліны вусеняў

[правіць | правіць зыходнік]

Кармавыя расліны вусеняў: бяроза папяровая (Betula papyrifera), Carya, арэх (Juglans), сумах (Rhus), Diospyros virginiana і Liquidambar styraciflua[2].

  1. а б в г д е Tuskes P.M., Tuttle J.P., Collins M.M. (1996), The Wild Silk Moths of North America: A Natural History of the Saturniidae of the United States and Canada, Ithaca, New York: Cornell University Press, pp. 182—184, ISBN 978-0801431302
  2. а б Распространение и питание сатурнии луны на funet.fi Архівавана 24 мая 2011.