Гватэмала

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Рэспубліка Гватэмала
ісп.: República de Guatemala
Flag of Guatemala.svg Герб Гватэмалы
Сцяг Гватэмалы Герб Гватэмалы
Guatemala (orthographic projection).svg
LocationGuatemala.png
Гімн: «Guatemala Feliz»
Дата незалежнасці 15 верасня 1821 (ад Іспаніі)
Афіцыйныя мовы іспанская мова[1]
Сталіца Гватэмала
Форма кіравання Прэзідэнцкая рэспубліка
Прэзідэнт
Віцэ-прэзідэнт
Джымі Маралес
Хуан Фуэнтэс Сорыя
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
103-я ў свеце
108 890 км²
0,4
Насельніцтва
• Ацэнка (2018)
Шчыльнасць

17,2 млн.чал. чал. (69-я)
157 чал./км²
ВУП (ППЗ)
  • Разам (2018)
  • На душу насельніцтва

$145 млрд долараў
$8400
Валюта Гватэмальскі кецаль
Інтэрнэт-дамен .gt
Тэлефонны код +502
Часавыя паясы -6

Гватэма́ла (ісп.: Guatemala), Рэспу́бліка Гватэма́ла (ісп.: República de Guatemala) — дзяржава ў Цэнтральнай Амерыцы. Мяжуе на захадзе і поўначы з Мексікай, на паўночным усходзе з Белізам, на ўсходзе і паўднёвым усходзе з Гандурасам і Сальвадорам; абмываецца водамі Ціхага акіяна і Гандураскага заліва Карыбскага мора. Сталіца — горад Гватэмала. Паўднёвая, самая населеная частка - вулканічныя горныя ланцугі і нагор'і Кардыльераў. Самая вялікая па колькасці насельніцтва дзяржава Цэнтральнай Амерыкі. Дзяржаўная мова — іспанская. З'яўляецца спадкаемцам цывілізацыі майя і ў наш час індзейцы і метысы складаюць большасць насельніцтва краіны. Самы вялікі ў Цэнтральнай Амерыцы аб'ём ВУП, але ўзровень жыцця насельніцтва невысокі. Эканоміка мае сельскагаспадарчую спецыялізацыю і арыентуецца на ЗША. Нацыянальнае свята — Дзень незалежнасці (15 верасня).

Этымалогія[правіць | правіць зыходнік]

Назва «Гватэмала» паходзіць ад ацтэкскага слова Cuauhtēmallān, якое азначае «месца многіх дрэў» (хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра дрэва Cuatli Eysenhardtia). Такой назвай гэтая тэрыторыя абавязаная індзейскім спадарожнікам-саюзнікам Педра дэ Альварада.

Геаграфічнае становішча[правіць | правіць зыходнік]

Мяжуе з Сальвадорам на паўднёвым усходзе, Гандурасам на ўсходзе, з Белізам на паўночным усходзе і Мексікай на поўначы і захадзе. Абмываецца Карыбскім морам (Гандураскія заліў) на ўсходзе і Ціхім акіянам на поўдні. На ціхаакіянскім узбярэжжы размешчаны найболей папулярныя пляжы і курортныя зоны (Монтэрыка, Сан-Хасэ, Рэталулеу), дзе, дзякуючы высокім хвалям, добры віндсерфінг

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

2/3 плошчы краіны займае нагор'е вышынёй 1000-3000 метраў. Яго паўночна-усходняя частка — складкава-глыбавыя хрыбты і плато (С'ера-Мадрэ), падзеленыя глыбокімі далінамі рэк. На паўднёвым захадзе нагор'е складзена з вулканічных парод. Ёсць вулканы (Вулкан Такана — 4117 м - самы актыўны вулкан, вулкан Тахумулька — 4217 м, вулкан Тэкуамбура, вулкан Фуэга — 3918, вулкан Чыкабаль, вулкан Агуа). на мяжы з Белізам - горы Майя, якія не адносяцца да асноўнай Кардыльеры. Бываюць разбуральныя землетрасенні. На поўначы вапняковае узгорыстае плато Петэн. Узбярэжжы нізінныя. Карысныя выкапні: нафта, нікель, поліметалы, марганцавыя і хромавыя руды, золата. Клімат трапічнага пояса, пасатны, вільготны. Частыя ўраганы. Сярэдняя тэмпература паветра на нізінах 23-27 °C, на міжгорных плато 15-20 °C. Ападкаў на ўсходніх схілах нагор'я больш за 2000 мм, на ўнутраным плато, у міжгорных далінах і на ўзбярэжжах 500—1000 мм за год. Рэкі мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй; самыя значныя з іх Усумасінта і Матагуа. З азёр найбольшыя Ісабаль, Атытлан, Петэн-Іца. На поўначы і па ўзбярэжжы Ціхага акіяна саванны і хмызняковыя зараснікі, на ніжніх схілах гор вільготныя вечназялёныя лясы, вышэй — дубовыя і хваёвыя лясы. На паўночным усходзе размешчаны вялізны масіў вільготных трапічных лясоў, якія ахоўваюцца ў біясферным запаведніку Майя і некалькіх нацыянальных парках. Усяго пад лесам і хмызняком 40 % тэрыторыі. У трапічных лясах шмат каштоўных парод дрэў: каўчукавае, кампешавае, махагонавае, ружовае (з найкаштоўнейшай драўнінай), чорнае, зальзавае, бакаўт. Жывёльны свет Гватэмалы тыповы для Цэнтральнай Амерыкі: браняносцы, дзікабразы, тапіры, пумы. У краіне жыве каля 2000 відаў птушак, самая вядомая - квезаль (кецаль), жыхар вільготных трапічных лясоў з пышнымі смарагдавымі пёрамі хваста. Нацыянальныя паркі: Тыкаль, Рыа-Дульсэ, Атытлан.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Панэль III у Канкуэне, адлюстроўвае кіраўніка па імі Т'ах'ак' Ча'ан

Тэрыторыя сучаснай Гватэмалы была заселеная як мінімум 13 тыс. гадоў таму. У 3 тыс.да н.э. на зямлі Гватэмалы прыйшлі плямёны майя-кічэ, якія займаліся земляробствам (фасоля, кукуруза, гарбузы).У 1-м тысячагоддзі да н.э. на тэрыторыі Гватэмалы існавалі гарады-дзяржавы мая, на Гватэмальскім нагор'і — дзяржаўныя ўтварэнні іншых плямён. Горад Тыкаль быў найбуйнейшым цэнтрам цывілізацыі мая: меў плошчу 16 км², каля 300 палацаў і храмаў; другі цэнтр - Паленке. У X стагоддзі адбылася дэмаграфічная катастрофа (выкліканая, хутчэй за ўсё, прыроднымі і экалагічнымі прычынамі), багатыя горада вымерлі і надоўга зараслі лесам. У X-XI стст. у Гватэмалу з Табаска прыйшлі тальтэкі, да якіх адносіліся і плямёны кічэ, і заваявалі цэнтральнае сугор'е. Заваяванне тэрыторый іспанцамі пачалося ў 1523-24 гадах на чале з Педра дэ Альварада. Племя кічэ аказала іспанцам супраціў, але сілы былі няроўнымі. У бітве на ўскраіне горада Кетцальцінанга ў 1525 Альварада разграміў Кічэ і забіў іх правадыра Тэкум Умана. Іспанцы пачалі здабываць золата і срэбра, ствараць плантацыі, атрымліваль індыга. У 1560 годзе ў складзе віцэ-каралеўства Новая Іспанія было ўтворана генерал-капітанства Гватэмала, у склад якога ўвайшла амаль уся тэрыторыя Цэнтральнай Амерыкі. У гады вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы (1810-26) народ Гватэмалы дамогся незалежнасці. 15 верасня 1821 года была абвешчана незалежнасць Мексіканскай імперыі, куды ўвайшла Гватэмала. 1823-1841 - у складзе Злучаных правінцый Цэнтральнай Амерыкі са сталіцай у Гватэмале. Наступнае стагоддзе прайшло ў барацьбе кансерватараў і лібералаў, што напераменку выганялі і вяртаюлі амерыканскія кампаніі, манахаў і т.п. З 1840 па 1865 Гватэмалу узначальваў селянін Рафаэль Карэа, які абапіраўся на кансерватараў. Ліберал Баррыльяс, які прыйшоў да ўлады ў 1871 годзе, горача жадаў аднавіць адзіную дзяржаву Цэнтральнай Амерыкі і развязаў вайну з суседзямі, але ў бітве супраць арміі Сальвадора ў 1885 годзе быў забіты. Пачатак 20 стагоддзя прайшоў пад знакам чаргавання дыктатараў, што мелі падтрымку ЗША і асабіста кампаніі «Юнайтэд Фрут». У 1944 годзе прэзідэнтам Гватэмалы стаў пісьменнік Хасэ Арэвала, які павёў больш незалежную ад ЗША палітыку, у прыватнасці, устанавіў дыпламатычныя адносіны з СССР. Сам Арэвала называў сябе «хрысціянскім сацыялістам». Наступны прэзідэнт выгнаў «Юнайтэд Фрут», тады амерыканцы правялі ваенную аперацыю і зноў пераарыентавалі Гватэмалу на ЗША. У 1960-1996 у краіне ішла грамадзянская вайна, якая суправаджалася масавым партызанскім рухам, рэпрэсіямі (у тым ліку, спаленнем вёсак) з боку ўладаў.

Дзяржаўны лад[правіць | правіць зыходнік]

Гватэмала — прэзідэнцкая рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1985 года (набыла сілу ў 1986 годзе). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва. Вышэйшы заканаўчы орган — аднапалатны Кангрэс Гватэмалы (158 дэпутатаў), які выбіраецца, як і прэзідэнт, на 4 гады. Унітарнае дзяржава, Падзяляецца на 22 дэпартамента. Трэць тэрыторыі прыпадае на паўночны дэпартамент Петэн.

Насельнітва[правіць | правіць зыходнік]

Першая па колькасці насельніцтва краіна Цэнтральнай Амерыкі. Сёння пры ацэнцы насельніцтва Гватэмалы фігуруюць лічбы ад 15,5 да 17,2 млн чал. Паводле падлікаў, у 1900 годзе ў Гватэмале пражывала каля 885 тыс. чал, што робіць яе лідэрам па тэмпах росту насельніцтва ў Заходнім паўшар'і ў 20 стагоддзі (амаль дваццаціразовы рост).

Полава-узроставая піраміда Гватэмалы, 2016

Сёння натуральны прырост, хоць і запаволіўся, застаецца вельмі высокім — 1.75 %, міграцыйная змяншэнне — -0,2 % (2017). У 2010 (дадзеныя перапісу) 41 % насельніцтва складалі дзеці і падлеткі да 15 гадоў (самая маладая краіна Заходняга паўшар'я). Гватэмала адрозніваецца выключнай этнічнай і моўнай разнастайнасцю. Паводле перапісу 2010 года, каля 41,5 % насельніцтва - гэта метысы (таксама вядомыя як ладына), якія размаўляюць на іспанскай мове. Аналагічная доля карэнных гватэмальцаў (41 %) з поўным індзейскім радаводам (ва ўсёй Лацінскай Амерыцы большы % індзейцаў толькі ў Перу). Большасць індзейцаў - прадстаўнікі народаў майя, а менавіта: кічэ (11,0 % ад агульнай колькасці насельніцтва), кекчэ (8,3 %), какчыкелі (7,8 %), многія індзейцы размаўляюць на адной з 21 моваў майя, большасць — на іспанскай; 18,5 % гватэмальцаў - белыя крэолы (нашчадкі іспанцаў). Даволі шматлікія нямецкая і карэйская дыяспары. Каталікі складаюць 47.6% насельніцтва, пратэстанты — 38.2 % (2012). Каталіцызм імкліва здае пазіцыі на карысць пратэстантызму. Гараджане, якія складаюць 52.5% усяго насельніцтва (2017), сканцэнтраваны ў агламерацыі Гватэмалы (з прыгарадамі Міска і Вілья-Нуэва — каля 3 млн чал., 2015) — найбуйнейшым горадзе Цэнтральнай Амерыкі. Другі па памерах горад — Кетсальтынанга (130 тыс. чал.).

Гаспадарка[правіць | правіць зыходнік]

Грашовая адзінка - кецаль. ВУП на душу насельніцтва - каля 8400 даляраў (2018). Агульны ВУП складае 145 млрд даляраў (2017) - найбуйнейшы ў Цэнтральнай Амерыцы. Каля паловы насельніцтва жыве за мяжой беднасці. Адмоўны імідж краіне робяць наркагандль і высокі ўзровень карупцыі. 10 % ВУП фармуіруецца пераводамі гватэмальцаў, якія працуюць за мяжой. Сельскагаспадарчая спецыялізацыя сфармавалася ў 19 стагоддзі: нямецкія каланісты разбілі плантацыі кавы, амерыканская кампанія «Юнайтэд Фрут» стала вырошчваць бананы. Сёння ў аграрным сектары працуе палова гватэмальцаў і ён забяспечвае 40 % экспартных даходаў. Вырошчваюцца таксама цукровы трыснёг, гародніна, кветкі. Цукровы трыснёг, кукуруза і плады алейнай пальмы экспартуюцца ў многія краіны як сыравіна для біяпаліва, што прыводзіць да росту коштаў на прадукты харчавання (кукуруза разам з фасоляй складае аснову рацыёну). У невялікіх аб'ёмах здабываюцца золата, срэбра, цынк, кобальт і нікель. Развіта лёгкая прамысловасць, швейнай прадукцыя экспартуецца). Вывозяцца вырабы ручной працы. Пасля заканчэння грамадзянскай вайны развіваецца міжнародны турызм, самым папулярным у турыстаў месцам з'яўляецца горад майя Тыкаль.

Беларуска-гватэмальскія адносіны[правіць | правіць зыходнік]

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Гватэмалай ўсталяваныя 11 сакавіка 1993 г. Аб'ём узаемнага гандлю ў 2011 годзе склаў 20,5 млн долараў ЗША. Экспарт Рэспублікі Беларусь у Рэспубліку Гватэмала склаў 19,4 млн долараў ЗША, імпарт — 1,1 млн долараў ЗША.

Некаторыя цікавінкі[правіць | правіць зыходнік]

  • Поўная назва сталіцы - Нуэва Гватэмала-дэ-ла-Асунсьён
  • Прырода Гватэмалы як бы помсціла за абрабаваных і зняволеных індзейцаў. У 1541 годзе вулкан Агуа вывергнуў патокі кіпячай вады і бруду і знішчыў першую іспанскую сталіцу Гватэмалы. У 1773 яшчэ адна сталіца, Антыгуа - культурны і універсітэцкі цэнтр - была разбурана землятрусам і вывяржэннем вулкана. Тады сталіцу перанеслі ў цяперашні горад Гватэмала, і нетры краіны нарэшце спынілі "помсту".
  • Па паказчыку ІЧР ў 2014 годзе была 31 сярод 33 краін Лацінскай Амерыкі

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Гватэмала // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 5. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0090-0.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

  1. 1,0 1,1 143 // Constitution of Guatemala