Земнаводнае даўжынёй 70—80 см, самы доўгі асобнік дасягаў 80,5 см. Як і ў іншых прадстаўнікоў атраду, у Atretochoana eiselti змеепадобнае бязногае цела з кольцамі як у дажджавых чарвякоў. Від мае шырокі плоскі чэрап, што моцна адрознівае яго ад іншых прадстаўнікоў атраду; закрытыя ноздры і павялічаны рот з рухомай шчакой; а таксама мясісты спінны плаўнік. Галоўным адрозненнем віду з’яўляецца адсутнасць лёгкіх. Скура, багата ўсеяная капілярамі аж да эпідэрмісу, што спрыяе газаабмену. Таксама ў чэрапе выяўлена наяўнасць цягліц, што не характэрна ні для аднаго жывога арганізма.
Першы асобнік віду знойдзены ў канцы XIX стагоддзя ў трапічных лясах Бразіліі Грэмам Гейлесам падчас экспедыцыі Браяна Куклы. Аб тыпавым месцазнаходжанні і даце знаходжання няма дадзеных. Асобнік захоўваўся ў Венскім музеі прыродазнаўства. Спачатку яго аднеслі да віду Typhlonectes compressicauda. У 1968 годзе Эдвард Гарысан Тэйлар на аснове гэтага ўзору апісаў новы від Typhlonectes eiselti. Від названы ў гонар аўстрыйскага герпетолага Ёзафа Айзельта. У 1995 годзе герпетолагі Марк Уілкінсан і Рональд Нусбаўм даследавалі галатып і вызначылі, што жывёла не мае лёгкіх. Таму для віду быў прапанаваны новы род Atretochoana (з лац.: «закрытыя хааны»). У 1997 годзе знойдзены яшчэ адзін неапісаны асобнік віду ў Бразільскім універсітэце. У 2011 годзе даследчыкі канчаткова аднеслі від да сямейства Typhlonectidae.
У чэрвені 2011 года на востраве Маскейра недалёка ад горада Бялена сфатаграфавана земнаводнае, вельмі падобнае на Atretochoana eiselti. У гэтым жа годзе было на рацэ Мадэйра выяўлена яшчэ шэсць асобін, якія пэўна ідэнтыфікаваны як прадстаўнікі віду.