Маладыя пладовыя целы акруглыя вышынёю да 1,6 см, шырынёй да 1 см, прыкрытыя зверху аднаслойнай абалонкай (эпіфрагмай), спелыя — шырокакубкападобныя, з зубчастым краем. Перыдый (абалонка споранашэння) трохслойны, звонку рыжы ці цёмна-карычневы, лямцавы, унутры падоўжана-баразнаваты, свінцова-шэры да чорнага (кілішак паласаты) ці роўны, свінцовы або карычневы, светла-вохрысты звонку (кілішак Ола). Перыдыёлі — кавалкі глебы (унутранай часткі пладовага цела) — шматлікія, лінза- ці чачавіцападобныя, серабрыста-карычневыя, шэрыя або амаль чорныя, прымацаваны да перыдыю белым шнурам. Споры шара-, яйца- і эліпсападобныя, гладкія, бясколерныя.
Вядомы некалькі дзясяткаў відаў, пашыраных пераважна ў тропіках і субтропіках зямнога шара. На Беларусі выяўлены 2 віды: кілішак паласаты (Cyathus striatus) і кілішак Ола (Cyathus olla). Сапратрофы. Растуць у лясах, садах на гнілой драўніне, раслінных рэштках, радзей на глебе і гноі.
↑Грыбы і грыбная кулінарыя : папулярны энцыклапедычны даведнік / Галіна Сяржаніна, Іван Яшкін. — Мінск : Беларуская асацыяцыя кулінараў, 2005. — 387с., [24] л. каляр. іл. ; 24 см. — На вокладцы аўтары не паказаны. — Бібліяграфія: с. 343—350. — Алфавітныя паказчыкі: с. 351—385. — 1000 экз. — ISBN 985-6081-34-3.