Galaxy Game
Galaxy Game | |
---|---|
| |
Дата выпуску | 1971 |
Жанр | shoot 'em up[d] |
Тэхнічныя даныя | |
Платформа | аркадны аўтамат |
Рэжым гульні | шматкарыстальніцкая гульня |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
«Galaxy Game» — першая ў свеце аркадная гульня (гэта значыць відэагульня на аўтамаце, які працуе з манетамі) і першая гульня на камерцыйным камп’ютары.[1] Аўтамат з моманту стварэння і да канца 2010 года знаходзіўся ў Стэнфардскім універсітэце — ЗША, штат Каліфорнія, побач з горадам Пала-Альта.
Прататыпам «Galaxy Game» стала гульня «Spacewar!», напісаная ў 1961 годзе праграмістамі Масачусецкага політэхнічнага інстытута для камп’ютара PDP-1 . Гульня выкарыстоўвала асцылограф у якасці дысплея і 8 кілабайт аператыўнай памяці. Геймплэй абедзвюх гульняў досыць прымітыўны — два гульцы, кіруючы кожны сваім касмічным караблём, перастрэльваюцца на фоне зорнага неба, імкнучыся пазбегнуць як стрэлаў апанента, так і зоркі, якая прыцягвае да сябе караблі і разбурае іх пры судотыку. Але калі «Spacewar!» была даступная толькі супрацоўнікам інстытута і рэдкім наведвальнікам, то «Galaxy Game» стала першай гульнёй, даступнай кожнаму жадаючаму.
Перадумовай да з’яўлення першай камерцыйнай гульні стала з’яўленне камп’ютара PDP-11 коштам 14 000 $, што было на парадак танней ранніх камп’ютараў, недаступных простым карыстачам. Стваральнікамі «Galaxy Game» з’яўляюцца Біл Пітс, які да 1971 году ўжо скончыў Стэнфардскі ўніверсітэт, і яго сябар па школьных часах ― Х’ю Так. Біл, які вывучаў праграмаванне, займаўся самай гульнёй, у той час як інжынер-механік Х’ю адказваў за тэхнічную частку аўтамата. Праца працягвалася тры з паловай месяцы, да верасня 1971 года. Такім чынам, «Galaxy Game» на два месяцы апярэдзіла «Computer Space» ― першую камерцыйна паспяховую і масава выпушчаную гульню такога тыпу. У апошні момант сябры вырашылі змяніць назву гульні на «Galaxy Game», вырашыўшы, што «Spacewar!» (даслоўна ― «Касмічная вайна!») будзе не самай прыдатнай назвай у разгар В’етнамскай вайны.
Аўтамат абыйшоўся сваім стваральнікам нятанна, амаль у 20 000 $: 14 000 $ каштаваў камп’ютар PDP-11/20 з 8 КБ памяці, 3 000 $ манітор «Hewlett Packard 1300A» і яшчэ амаль столькі ж ― манетапрыёмны апарат , корпус з арэха і астатняе. Камерцыйна паспяховым аўтамат не быў, адна гульня на ім каштавала 10 цэнтаў (25 цэнтаў за тры гульні), што пры гэтак высокім сабекошце не дазволіла акупіць укладзеныя выдаткі.
Першая версія гульні, разлічаная на дваіх гульцоў, прастаяла ва ўніверсітэце ўсяго год, у 1972 годзе Біл і Х’ю зрабілі другую версію «Galaxy Game» з некалькі іншым корпусам, больш якасным дысплеем і магчымасцю падключаць да аднаго камп’ютара PDP-11 некалькі (да 4) кансоляў. Такім чынам, у «Galaxy Game» маглі гуляць да васьмі гульцоў на 4 дысплеях. Поспех гульні сярод студэнтаў універсітэта быў вельмі вялікім, у аўтамата стала стаяла група з 10―12 чалавек, а па выходных яшчэ больш. Папулярнасць расла, і 7 снежня 1972 Сцюарт Брэнд напісаў для часопіса «Rolling Stone» прысвечаную «Galaxy Game» артыкул.
Другая мадэль прапрацавала з 1972 па 1979 год , пасля чаго камп’ютар стаў увесь час ламацца і аўтамат прыйшлося выключыць і дэмантаваць. Праз 18 гадоў — у 1997 годзе , па ініцыятыве Біла Пітса «Galaxy Game» была адрэстаўравана і ўстаноўлена на пятым паверсе Стэнфардскай кафедры інфарматыкі. Аўтамат стаў зноў даступны для студэнтаў. Аднак выдаткі на абслугоўванне машыны былі досыць высокія і праз два гады аўтамат быў падораны музею камп’ютарнай гісторыі ў Маунцін-Ўю , Каліфорнія.
Са жніўня 2010 года музей здаў «Galaxy Game» у арэнду кампаніі «Google», і цяпер аўтамат знаходзіцца ў «Googleplex » ― штаб-кватэры кампаніі ў тым жа горадзе Маунцін-Ўю на тэрыторыі «Крэмніевай даліны».
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Galaxy Game на сайте Killer List of Videogames . Архівавана з першакрыніцы 28 сакавіка 2014. Праверана 12 верасня 2011.