Microsoft Word

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Microsoft Word
Выява лагатыпа
Тып Тэкставы працэсар
Распрацоўшчык Майкрасофт
Напісана на C++[2]
Аперацыйная сістэма Windows, macOS, Android, iOS
Першы выпуск кастрычнік 1983
Апошняя версія 2209 (16.0.15629.20208) (11 красавіка 2022[1])
Ліцэнзія Карыстальніцкае пагадненне
Сайт products.office.com/word
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Microsoft Word (таксама проста Word) — тэкставы працэсар, створаны кампаніяй Microsoft. Першая версія была напісаная Рычардам Бродзі[en] для аперацыйнай сістэмы DOS у 1983 годзе. Пазней былі створаны версіі для Apple Macintosh (1984), SCO UNIX і Microsoft Windows (1989).

Word выпускаецца як асобны прадукт або як кампанент пакета праграмнага забеспячэння Microsoft Office і даступны на розных платформах: Windows, macOS, Android, iOS. Таксама магчымае выкарыстанне Word у Linux з дапамогай праграмы Wine.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Пачатак[правіць | правіць зыходнік]

Першы тэкставы працэсар Bravo быў створаны ў даследчым цэнтры PARC кампаніі Xerox у 1974 годзе. У 1981 годзе стваральнік Bravo Чарлз Сімані[en] пераходзіць на працу ў Microsoft і наймае Рычарда Бродзі як галоўнага распрацоўшчыка.

Першы выпуск Word для MS-DOS адбыўся ў канцы 1983 года. Ён быў дрэнна прыняты рынкам, продажы зніжала наяўнасць канкурэнтнага прадукту — WordPerfect.

Аднак версія для «макінтоша», выдадзеная ў 1985 годзе, атрымала шырокае распаўсюджванне. Праз два гады «Word 3.01 для Macintosh» узмацніў пазіцыі (версія 3.0 мела шмат памылак і хутка была замененая). Як і іншае праграмнае забеспячэнне для «макінтоша», Word быў цалкам WYSIWYG-рэдактарам (прынцып «What You See Is What You Get» — «атрымліваеш тое, што бачыш»).

Хоць MS-DOS і з’яўлялася тэкставай аперацыйнай сістэмай, пазбаўленай графічнай абалонкі, Word для DOS быў першым тэкставым працэсарам для IBM PC, які быў здольны адлюстроўваць разметку тэксту, напрыклад, паўтлусты або курсіўны тэкст у працэсе рэдагавання. Аднак ён усё ж не з’яўляўся ў поўным сэнсе WYSIWYG-рэдактарам. Іншыя ж тэкставыя працэсары, такія як WordStar і WordPerfect, выкарыстоўвалі просты тэкставы экран з кодамі разметкі, часам тэкст быў каляровым.

Аднак, паколькі ў большасці праграмнага забеспячэння пад DOS ужываліся ўласныя камбінацыі «гарачых клавіш» для кожнай каманды (напрыклад, у Word для DOS захаванне файла выконвалася па камбінацыі ESC-T-S) і большасць сакратароў умелі карыстацца толькі WordPerfect, кампаніі-карыстальнікі WordPerfect вельмі неахвотна пераходзілі на іншыя прадукты, якія мелі параўнальна невялікія перавагі.

1990—1995 гады[правіць | правіць зыходнік]

Першая версія Word для Windows, выпушчаная ў 1989 годзе, прадавалася па цане $500. Яна дэманстравала абраны кампаніяй «Майкрасофт» шлях развіцця: як і сама Windows, яна шмат узяла ад Macintosh і выкарыстала стандартныя клавіятурныя скарачэнні (напрыклад, Ctrl+S для захавання файла). Пасля выпуску ў наступным годзе Windows 3.0 продажы папаўзлі ўверх (Word 1.0 значна лепш працаваў з Windows 3.0, чым з больш старымі версіямі Windows x386 і Windows x286), галоўны канкурэнт — WordPerfect — не змог выпусціць працоўную версію пад Windows, што аказалася для яго смяротнай памылкай. Версія 2.0 зацвердзіла WinWord на пазіцыі лідара рынку.

Новыя версіі дадавалі магчымасці, якія выходзяць за рамкі простага тэкставага працэсара. Інструменты малявання дазвалялі выконваць прымітыўныя аперацыі вёрсткі, такія, як дадаванне графікі ў дакумент, хоць, натуральна, спецыялізаваныя праграмы для вёрсткі лепш спраўляюцца з гэтымі задачамі. Укараненне аб’ектаў, параўнанне версій дакумента, шматмоўная падтрымка і многія іншыя магчымасці былі дададзеныя за наступныя некалькі гадоў.

Цяперашні час[правіць | правіць зыходнік]

Microsoft Word з’яўляецца найбольш папулярным з тэкставых працэсараў, якія выкарыстоўваюцца ў дадзены момант. Гэта зрабіла яго бінарны фармат дакумента стандартам дэ-факта, і многія канкурэнтныя праграмы маюць падтрымку сумяшчальнасці з дадзеным фарматам. Пашырэнне «.doc» на платформе IBM PC стала сінонімам двайковага фармату Word 97-2000. Фільтры экспарту і імпарту ў дадзены фармат прысутнічаюць у большасці тэкставых працэсараў. Фармат дакумента розных версій Word мяняецца, адрозненні бываюць даволі тонкімі. Фарматаванне, якое нармальна выглядае ў апошняй версіі, можа не адлюстроўвацца ў старых версіях праграмы, аднак ёсць абмежаваная магчымасць захавання дакумента з стратай часткі фарматавання для адкрыцця ў старых версіях прадукту. Версія MS Word 2007 прадвызначана выкарыстоўвае фармат, заснаваны на XML, — Microsoft Office Open XML. Спецыфікацыі фарматаў файлаў Word 97-2007 былі апублікаваныя Microsoft у 2008 годзе[3][4]. Раней вялікая частка інфармацыі, патрэбнай для працы з гэтым фарматам, здабывалася з дапамогай зваротнага інжынірынгу, паколькі спецыфікацыя адсутнічала ў адкрытым доступе ці была даступная толькі абмежаванаму ліку партнёраў і кантралюючых арганізацый.

Як і іншыя праграмы з Microsoft Office, Word можа пашыраць свае магчымасці з дапамогай выкарыстання ўбудаванай макрамовы (спачатку выкарыстоўваўся WordBasic, з версіі Word 97 ужываецца VBA — Visual Basic для праграм). Аднак гэта дае шырокія магчымасці для напісання ўбудаваных у дакументы вірусаў (так званыя «макравірусы»). Найбольш яркім прыкладам была эпідэмія чарвяка Melissa[en]. У сувязі з гэтым многія лічаць разумнай рэкамендацыю заўсёды выстаўляць найвышэйшы ўзровень налад бяспекі пры выкарыстанні Word (Меню: «Tools>Macro>Security», «Сэрвіс>Макрас>Бяспека…» у лакалізаваных версіях). Таксама нялішнім будзе выкарыстоўваць антывіруснае праграмнае забеспячэнне. Першым вірусам у дакументах Microsoft Word быў DMV, створаны ў снежні 1994 года Дж. Мак-Намарай для дэманстрацыі магчымасці стварэння макравірусаў. Першым жа вірусам, які трапіў у «дзікую прыроду» і выклікаў першую ў свеце эпідэмію макравірусаў (гэта адбылося ў ліпені-жніўні 1995 года), быў Concept.

12 жніўня 2009 года суд штата Тэхас забараніў продаж праграмы Word на тэрыторыі ЗША, у сувязі з тым, што Microsoft незаконна выкарыстоўвае метад чытання XML-файлаў, патэнт на які належыць канадскай кампаніі i4i.

Гісторыя версій[правіць | правіць зыходнік]

Версіі для MS-DOS:

  • 1983, лістапад Word 1
  • 1985 Word 2
  • 1986 Word 3
  • 1987 Word 4, таксама вядомы як Microsoft Word 4.0 для PC
  • 1989 Word 5
  • 1991 Word 5.5
  • 1993 Word 6.0, апошняя версія для DOS

Версіі для Apple OS X:

  • 1985, студзень Word 1 для Macintosh
  • 1987 Word 3
  • 1989 Word 4
  • 1991 Word 5le
  • 1993 Word 6
  • 1998 Word 98
  • 2000 Word 2001, апошняя з версій, сумяшчальных з Mac OS 9
  • 2001 Word v.X, першая версія выключна для Mac OS X
  • 2004 Word 2004
  • 2008 Word 2008
  • 2011 Word 2011
  • 2015 Word 2016

Версіі для Apple iOS:

  • 2014 Word for iPad
  • лістапад 1989 Word для Windows
  • 1991 Word 2 для Windows
  • 1993 Word 6 для Windows (нумар «6» быў уведзены для працягу лінейкі нумароў DOS-версій, адзінай нумарацыі з Mac-версіямі і з WordPerfect, лідарам рынку сярод тэкставых працэсараў на той момант)
  • 1995 Word 95 (Word 7)
  • 1997 Word 97 (Word 8)
  • 1999 Word 2000 (Word 9)
  • 2001 Word 2002 (Word 10)
  • 2003 Word 2003 (таксама вядомы як Word 11, аднак афіцыйна названы Microsoft Office Word 2003)
  • 2007 Word 2007 (рэвалюцыйная змена інтэрфейсу, падтрымка фармату OOXML — *.docx)
  • 2010 Word 2010
  • 2012 Word 2013
  • 2015 Word 2016
  • 2018 2019 Word

Версіі для SCO UNIX:

Парольная абарона дакументаў MS Word[правіць | правіць зыходнік]

На дакумент Microsoft Word могуць быць устаноўлены 3 віды пароляў:

  • Пароль для адкрыцця дакумента[5]
  • Пароль для змены дакумента[6]
  • Пароль на ўнясенне заўваг і выпраўленняў (для версій 2003 і ніжэй). У новых версіях MS Word 2007/2010 гэты тып пароля называецца «Пароль для абмежавання фарматавання і рэдагавання»[7]

Па-за залежнасці ад версіі MS Word, у якой быў створаны дакумент, «пароль дазволу запісу» і «пароль на ўнясенне заўваг і выпраўленняў» можна выдаліць з дакумента імгненна[8]. Гэтыя тыпы пароляў служаць не гэтак для абароны дакумента, як для забеспячэння калектыўнай працы над дакументам. А асноўную абарону дакумента ад несанкцыянаванага доступу забяспечвае «пароль для адкрыцця дакумента».

У дакументах ранніх версій MS Word (да MS Office 2003 уключна) пароль для адкрыцця файла можа быць без праблем узламаны.

У апошніх версія MS Office 2007/2010 кампанія Microsoft выкарыстоўвае ўстойлівы алгарытм шыфравання AES з 128-бітным ключом. Фарміраванне ключа адбываецца шляхам 50000-100000 кратнага прымянення SHA-1 хэш функцыі, што робіць перабор пароляў вельмі павольным, і пры выкарыстанні ўстойлівага пароля імавернасць яго падабраць блізкая да нуля[9].

Крытыка[правіць | правіць зыходнік]

Часцей за ўсё Microsoft Word падвяргаецца крытыцы за нізкую бяспеку, закрыты зыходны код, адсутнасць паўнавартаснай кросплатформавасці[10]. Раней Word крытыкавалі таксама за закрыты фармат файлаў (адкрытая дакументацыя на бінарныя фарматы з’явілася толькі ў пачатку 2008 года). Гэта заахвоціла асобныя арганізацыі перайсці да выкарыстання іншых тэкставых працэсараў, такіх як OpenOffice Writer, які ўваходзіць у офісны пакет OpenOffice.org. Інструментаў Microsoft Word недастаткова для стварэння якаснага паліграфічнага прадукту[11].

Зноскі

  1. Update history for Microsoft Office 2019 (англ.). Microsoft Docs. Праверана 25 студзеня 2023.
  2. In which programming language is Microsoft Office written? Праверана 12 жніўня 2019.
  3.  (недоступная ссылка с 06-12-2013 [1845 дней) Microsoft Office Binary (doc, xls, ppt) File Formats] (неопр.)(недаступная спасылка з 06-12-2013 (3766 дзён)) Microsoft Office Binary (doc, xls, ppt) File Formats(недаступная спасылка). Microsoft (15 февраля 2008). Архівавана з першакрыніцы 24 жніўня 2011. Праверана 21 лютага 2008.
  4. Standard ECMA-376 — Office Open XML File Formats (неопр.). Ecma International (December 2006). Проверено 21 февраля 2008. Архивировано 24 жніўня 2011 года.
  5. Шифрование документа и задание пароля для его открытия. Справка Microsoft Office
  6. Задание пароля для изменения документа. Справка Microsoft Office
  7. Ограничение на внесение изменений в файлы Word и Excel. Справка Microsoft Office
  8. Парольная защита документов Microsoft Office. Андрей Малышев. Журнал «Компьютер пресс»
  9. Office 2007: новый формат и новая защита. Андрей Малышев. Журнал «Компьютер пресс»
  10. Почему форматы Microsoft Office такие сложные? Архівавана 10 жніўня 2019. (Джоэл Спольски)
  11. «Самоучитель Adobe InDesign CS5», ISBN 978-5-9775-0611-3, А. А. Ландер: «Сегодня уже практически никого не надо убеждать в том, что офисные пакеты с поддержкой сложного форматирования (например, Microsoft Word) хороши для ведения деловой переписки, а для создания качественного полиграфического продукта нужны специализированные издательские системы».