Перайсці да зместу

Symbal.by

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
SYMBAL.BY
Тып бізнес
Заснаванне 12 мая 2014
Заснавальнікі Павел Мікалаевіч Белавус, Мікіта Мікалаевіч Броўка
Краіна
Адрас
Дэвіз «Рэчы, якія варта мець беларусу»
Сайт symbalby.com

SYMBAL.BY (бел.: сымбаль.бай) — беларуская кампанія, заснаваная ў 2014 годзе. Займаецца папулярызацыяй і распаўсюдам рэчаў і з’яў, звязаных з культурай і гісторыяй Беларусі[1]. Адна з самых папулярных крамаў, дзе можна купіць рэчы, звязаныя з беларускай сімволікай[2]. Прадае вопратку, аксесуары і сувеніры з нацыянальнай сімволікай, у тым ліку з гербам «Пагоня» і бел-чырвона-белым сцягам.

Кампанію SYMBAL.BY заснаваў 12 траўня 2014 г. Павел Белавус, удзельнік грамадскай арганізацыі «Арт Сядзіба».

5 кастрычніка 2014 у Мінску прайшоў першы «Дзень вышыванкі» — фестываль беларускай культуры. На ім SYMBAL.BY паказаў свае новыя вышымайкі, а таксама дзіцячыя саколкі з арнаментам[3].

SYMBAL.BY — не толькі крама, але і актыўны ўдзельнік культурніцкага жыцця Беларусі, які ініцыяваў і падтрымліваў розныя акцыі і кампаніі, накіраваныя на папулярызацыю беларускай мовы, культуры і гісторыі.

Крама супрацоўнічала з беларускімі музыкамі, распаўсюджваючы іх мерч і падтрымліваючы канцэрты, спрыяючы развіццю нацыянальнай музычнай сцэны.

У сакавіку 2016 года сузаснавальнік кампаніі Мікіта Броўка адзначыў, што SYMBAL.BY прадаў ужо 15 тысяч вышымаек, а на сайце крамы пабывалі наведнікі са 135 краін свету, хоць ён мае толькі беларускамоўную версію[4].

Дзейнасць SYMBAL.BY неаднаразова сутыкалася з перашкодамі з боку ўладаў. У 2015 годзе міліцыя праводзіла праверкі на прадмет распаўсюджвання «забароненай сімволікі». У 2020 годзе ціск узмацніўся: былі канфіскаваны партыі цішотак з надпісам «ПСІХОЗ%»[5] (адсылка да таго, як Аляксандр Лукашэнка апісваў пандэмію COVID-19), праводзіліся праверкі і канфіскацыі тавараў, тэхнікі і дакументаў.

У чэрвені 2020 года крама засталася без электрычнасці, бо ў электрашчытавой знікла дэталь. Уладальнікі крамы спрабавалі аднавіць падачу энергіі з дапамогай прыватнага электрыка, а таксама праз звароты ў розныя камунальныя службы, але паўсюль атрымлівалі адмовы[6].

У кастрычніка 2020 года мінская мытня затрымала больш за 200 пасылак крамы Symbal.by са сцягамі, кнігамі і іншай прадукцыяй для замежных пакупнікоў. Звароты ў мытню вынікаў не далі[7].

У выніку пастаяннага ціску і перашкод у дзейнасці, у тым ліку канфіскацыі тавараў на суму больш за 50 тысяч рублёў, SYMBAL.BY абвясціла аб закрыцці афлайн-крамы ў Мінску. Пасля гэтага туды выстраілася вялікая чарга на вуліцы[8]. Людзей, якія ў ёй стаялі, затрымлівала міліцыя[9]. Пасля закрыцця фізічнай крамы кампанія працягнула прадаваць тавары анлайн[10].

У падтрымку крамы выказаліся тэлевядоўца Дзяніс Кур’ян; вядоўца перадачы «Удача ў прыдачу» на АНТ Дзмітры Кахно, якога пасля гэтага замянілі на іншага вядоўцу[11]; шоўмен Дзяніс Дудзінскі, пазней стала вядома, што яго адхілілі ад вядзення «Славянскага базару»;[12] Антон Мартыненка; спартсменка Меліціна Станюта[13], якой давялося пасля гэтага звольніца з тэлеканала АНТ, дзе яна працавала на 25% стаўкі[14]; а таксама актрыса Марта Голубева ды іншыя[15].

Крама ў Мінску канчаткова перастала працаваць 30 студзеня 2021 года. У гэты дзень у краму прыйшлі супрацоўнікі міліцыі, якія вынеслі з памяшкання ўсю тэхніку, дакументы і тавар. Сузаснавальніка і намесніка дырэктара SYMBAL.BY Мікіту Броўку і яшчэ трох супрацоўнікаў кампаніі асудзілі на адміністрацыйныя тэрміны[16].

У ліпені 2022 года SYMBAL.BY адчыніў краму ў Батумі[17].

17 жніўня 2022 года суд Партызанскага раёна Мінска прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі анлайн-рэсурсы SYMBAL.BY[18][19].

11 траўня 2023 года заснавальніка SYMBAL.BY Паўла Белавуса асудзілі на 13 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму[20]. Таксама Паўла аштрафавалі на 18 500 рублёў, а ягоныя аўтамабіль і мабільны тэлефон, як сродкі ўчынення злачынства, канфіскавалі ва ўласнасць дзяржавы. Яшчэ адзін аўтамабіль Белавуса, бытавую і кухонную тэхніку, ноўтбук пакінулі пад арыштам для выканання прысуду ў частцы спагнання штрафу. Паўла Белавуса прызналі вінаватым у «кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваннем» (ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу), «здрадзе дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК), «публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады» (ч. 3 арт. 361 КК), а таксама ў «арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК)[21].

Праз актыўную пазіцыю і шматлікія ініцыятывы SYMBAL.BY стала элементам сучаснага культурнага ландшафту Беларусі, спрыяе адраджэнню і папулярызацыі нацыянальнай ідэнтычнасці і працягваю сваю дзейнасць анлайн[22].

SYMBAL.BY займаецца продажам і распаўсюдам рэчаў з беларускай гістарычнай і народнай сімволікай, літаратуры, аўтарскіх твораў.

У снежні 2015 года SYMBAL.BY, пляцоўка «Арт Сядзіба» і кампанія «Будзьма беларусамі!» прадставілі 10 бясплатных відэаўрокаў ад вядомага беларускага майстра і дудара Юрася Панкевіча[23].

8 сакавіка 2016 SYMBAL.BY выпусціў цукеркі ў абгортцы з «Вершніцай» — «жаночай» версіяй герба «Пагоня», якую прыдумаў паэт і музыка Алесь Плотка[24].

У чэрвені 2016 года на сайце SYMBAL.BY з'явілася паслугу замовы канцэртаў беларускіх музыкаў. Анлайн можна было абраць фармат выступу — акустычны ці электрычны і ўбачыць кошт паслугі[25].

15 чэрвеня 2016 SYMBAL.BY разам з «Арт Сядзібай» запусцілі акцыю «#БЧБмабіль». Першым яе ўдзельнікам раздавалі камплект з двух бел-чырвона-белых сцяжкоў, якія можна было замацоўваць на машыне[26].

18 сакавіка 2016 у мінскай кавярні Loft прайшоў «Дзень вышымайкі» — форум для бізнесоўцаў, якія хочуць падтрымліваць выпуск прадукцыі з нацыянальным каларытам, а таксама канцэрт беларускамоўных гуртоў. Гэта была імпрэза SYMBAL.BY і «Арт Сядзібы», прысвечаная дзяржаўнаму Году культуры і юбілею «Арт Сядзібы»[27].

У сакавіку 2017 года SYMBAL.BY і «Арт Сядзіба» запусцілі творчы конкурс «Сымбаль натхнення — Беларусь!». Ягоная мэта была пошук новых творцаў, ідэй і рашэнняў для стварэння цікавых і стылёвых рэчаў, якія будуць працаваць на папулярызацыю беларускай мовы, культуры, гісторыі, традыцый і адметнасцяў нашай краіны[28].

5 снежня 2017 года SYMBAL.BY сумесна з творчым аб’яднаннем «Інакш» прадставілі відэаролік «Скарб», прысвечаны 100-годдзю абвяшчэння БНР і прызнанню бел-чырвона-белага сцяга і «Пагоні» дзяржаўнымі сімваламі Беларусі. У аснове сюжэту відэа — легенда з кнігі Вінцука Вячоркі з ілюстрацыямі Пятра Драчова «Пра герб і сцяг»[29][30].

У снежні 2017 года блогер Эдуард Пальчыс разам з пляцоўкай «Арт Сядзіба» і SYMBAL.BY абвясцілі пра пачатак нацыянальнай кампаніі святкавання 100-годдзя незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Адзначэнне юбілею ініцыятары кампаніі бачылі як шматфарматнае святкаванне: ад інтэрнет-флэшмобаў да кірмашоў, фестываляў і вечарынаў[31].

У траўні 2018 года да Дня Перамогі пачала бясплатную раздачу значкоў «Ніколі зноў» з лагатыпам, створаным украінскім дызайнерам Сяргеем Мішакіным, і надпісам па-беларуску[32].

У жніўні 2018 года SYMBAL.BY у калабарацыі з піўным брэндам «Аліварыя» выпусціла лімітаваную калекцыю унісекс-шортаў з рознымі надпісамі на беларускай мове. Яна была зроблена па матывах олдскульных фотаздымкаў бацькоў і брытанскіх рокераў[33]. У калекцыі было 10 мадэляў, а калабарацыя стала магчымай дзякуючы A-Fest, які праходзіў у 2018 годзе ў духу «старой школы»[34].

3 верасня 2018 года ў Мінску прайшла прэзентацыя новай хатняй і выязной формы, у якой нацыянальная зборная Беларусі па футболе мусіла праводзіць матчы розыгрышу Лігі нацый УЕФА, а таксама кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы УЕФА 2020 года. Акрамя самой прэзентацыі пры падтрымцы крамы SYMBAL.BY і культурніцкай пляцоўкі «Арт Сядзiба» для заўзятараў падрыхтавала шэраг актыўнасцяў, уключаючы вулічны тэатр, шоу бубначоў, аквагрым, выступы музычных гасцей, а таксама розныя конкурсы[35].

У студзені 2019 года SYMBAL.BY выпусціў сувенірныя гульнявыя карты «100 гадоў БНР». Аўтары ідэі — Павел Бераговіч і Дзмітрый Карабач, тэкст напісаў пісьменнік Уладзімір Арлоў, а навуковым кансультантам быў гісторык Уладзімір Ляхоўскі. У камплекце былі 72 карты, у тым ліку 18 з інфармацыяй пра дзеячаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Прыкладалася і карта БНР[36].

У красавіку 2019 года SYMBAL.BY выпусціў мужчынскія і жаночыя цішоткі з выявай Зянона Пазняка і ягонай цытатай. Дызайн распрацаваў Макс Пякарскі. Гэты мерч быў прысвечаны 75-годдзю палітыка[37].

У траўні 2019 года SYMBAL.BY адчыніў першую кропку продажу новага беларускага марозіва «Белы полюс» з пялёсткамі валошак і насеннем ільну ў жытнёвым вафлевым кубачку[38].

23 жніўня 2019 SYMBAL.BY адсвяткавала сваё пяцігоддзе на пляцоўцы «Пясочніца». Там выступілі гурты :B:N:, Akute, NaviBand і Dzieciuki.[39] Імпрэза называлася «Symbal.by Fest» і была праведзена цалкам за ўласныя сродкі кампаніі, а ўваход для наведнікаў быў вольны[40].

У верасні 2019 года ўпершыню ў Беларусі стварыў лінейку сувенірнай прадукцыі, прысвечанай помніку – Гедыміну ў Лідзе. У лінейцы былі торбы, цішоткі і значыкі. Дызайн быў распрацаваны з аўтарамі помнiку – скульптарамі Вольгай Нячай і Сяргеем Аганавым[41] .

У лістападзе 2019 SYMBAL.BY запусціла ў сацыяльных сетках флэшмоб «Спяваем гімн разам». Арганізатары заклікалі беларусаў выкладаць у сацыяльныя сеткі відэа сваіх спеваў «Пагоні» Максіма Багдановіча. Гэта можна было рабіць асобна або разам з сябрамі для папулярызацыі твора. Такія публікацыі трэба было суправаджаць хэштэгам #гімнбеларусі. Флэшмоб быў звязаны са з’яўленнем новага запісу песні «Пагоня» ў стылі нацыянальнага гімна — галасамі хору ва ўрачыстым суправаджэнні аркестра[42].

У канцы 2019 года SYMBAL.BY пачаў прадаваць світшоты і цішоткі з прынтом Кастуся Каліноўскага аўтарства мастака Міколы Купавы і паўстанцкім паролем «Каго любіш?». Гэты мерч быў створаны адмыслова да перазахавання парэштак Каліноўскага ў Вільні. А таксама цішоткі з прынтом «Каліноўшчына», дзе рэвалюцыянер трымае пісталет у выцягнутай руцэ (аўтар Макс Пякарскі)[43].

19 лютага 2020 года SYMBAL.BY да Дня роднай мовы прадставіў беларускамоўную версію песні з серыялу Netflix «The Witcher» («Вядзьмар»). Яе запісаў народны ансамбль Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту «Тутэйшая Шляхта», у іх выкананні песня атрымала назву «Ведзьмару дайце талер»[44].

Вясной і летам 2020-га SYMBAL.BY адшывала вялікія партыі ахоўных масак і перадавала іх беларускім медыкам для абароны ад каранавірусу[45].

Каманда SYMBAL.BY працягвае весці сацыяльныя сеткі і распаўсюджваць інфармацыю пра беларускую мову, гісторыю і культуру. Зараз крама SYMBAL.BY працуе праз сайт https://symbalby.com і дастаўляе сваю прадукцыю па ўсім свеце, акрамя Расіі[46][47].

У сакавіку 2015 года SYMBAL.BY апынуўся ў цэнтры скандалу. Адзін з аўтараў эталоннага герба «Пагоня» Уладзімір Крукоўскі абвясціў, што збіраецца падаць у суд на людзей і ініцыятывы, датычныя да «жаночай версіі» «Пагоні» — «Вершніцы». Мастак такім чынам хацеў звярнуць увагу на праблему знявагі і дызайнерскіх сцёбаў, якіх нельга рабіць з нацыянальнай святыняй[48]. У спісе Уладзіміра Крукоўскага былі паэт Алесь Плотка, гандляр кнігамі Алесь Мазанік, Аляксей Кульбіцкі і арт-студыя Pras, «Арт Сядзіба», крама SYMBAL.BY, беларуская служба «Радыё „Свабода“»[49].

У чэрвені 2017 года выйшла тэлевізійнае ток-шоў «Что происходит», якое ладзіць дзяржаўны тэлеканал СТВ для РТР-Беларусь. Тэмай перадачы была «мода на патрыятызм, вышыванкі і нацыянальныя сімвалы». Перад запісам здымачная група прыйшла ў краму SYMBAL.BY. У выніку сюжэт выйшаў з часткова замазанай карцінкай: «зацэнзуравалі» бел-чырвона-белыя сцяжкі, герб «Пагоня» і ўкраінскі дзяржаўны сцяг[50].

У верасні 2018 года рэкламная агенцыя «МК Реклама» адмовілася размяшчаць лайтпостэры SYMBAL.BY з вершамі Уладзіміра Някляева. Аўтарства паэта на плакатах пазначана не было. 4 верасня агенцыя «па званку» зняла рэкламу з выявамі Уладзіміра Някляева і Юрыя Жыгамонта[51][52]. Таксама на вуліцах Мінска не з'явіліся іншыя падрыхтаваныя банеры — з музыкам Лявонам Вольскім і спартоўкай Меліцінай Станютай. Кіраўніцтва SYMBAL.BY і журналісты спрабавалі высветліць, хто стаіць за гэтым рашэннем, але гэта выніку не дало[53].

У студзені 2019 года стала вядома, што «Арт Сядзіба» і SYMBAL.BY прыпынілі супрацу з Беларускай федэрацыяй футболу. Прычынай стала тое, што на матчы не пускаюць заўзятараў з бел-чырвона-белымі сцягамі. «Арт Сядзіба» і SYMBAL.BY былі партнёрамі АБФФ у распрацоўцы і прэзентацыі новай формы нацыянальнай зборнай па футболе, якую паказалі ў верасні 2018 году[54].

  1. Крама беларускіх падарункаў і сувеніраў SYMBAL.BY | symbal.by. Праверана 27 жніўня 2024.
  2. «У Symbal.by замаўлялі прадукцыю дзяржаўныя прафсаюзы і БРСМ», — Белавус пра попыт на сьцягі . Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка Kamunikat.org. Праверана 2 сакавіка 2025.
  3. Свабода, Радыё. Чаму варта прыйсьці на «Дзень вышыванкі»? . Радыё Свабода (4 кастрычніка 2014). Праверана 19 лютага 2025.
  4. Аа. 15000 чалавек адзелі ў «вышымайкі». Арт Сядзіба правяла чарговы фэстываль у Менску . Радыё Свабода (19 сакавіка 2016). Праверана 1 сакавіка 2025.
  5. "Саша 3%". Лукашенко реагирует на мем о своем рейтинге и утверждает, что у него больше (руск.). Настоящее Время (24 чэрвеня 2020). Праверана 20 лютага 2025.
  6. В Беларуси власти выжили магазин c мемными майками про Лукашенко (руск.). Новая газета. Балтия (26 жніўня 2067). Праверана 23 сакавіка 2025.
  7. Мінская мытня затрымала больш за 200 пасылак крамы Symbal.by | Навіны Беларусі | euroradio.fm . euroradio.fm (6 студзеня 2021). Праверана 23 сакавіка 2025.
  8. Грыдзін, Уладзь. Трэці дзень каля крамы Symbal.by стаяць чэргі — нават пасьля затрыманьняў 23 чэрвеня. ФОТА . Радыё Свабода (25 чэрвеня 2020). Праверана 11 красавіка 2025.
  9. Чем властям Беларуси не угодил магазин сувениров Symbal.by – DW – 26.06.2020 (руск.). dw.com. Праверана 11 красавіка 2025.
  10. reform.news. В помещение Symbal.by пришел ОБЭП (руск.). REFORM.news (ранее REFORM.by) (30 студзеня 2021). Праверана 2 сакавіка 2025.
  11. Неабходна задаць title= і url= для шаблона {{cite web}}. . nashaniva.com. Праверана 1 сакавіка 2025.
  12. Дзяніс Дудзінскі, які падтрымаў Symbal.by, не будзе весці "Славянскі базар" | Навіны Беларусі | euroradio.fm . euroradio.fm (8 ліпеня 2020). Праверана 1 сакавіка 2025.
  13. Тимофеев, Михаил. https://pictures.by.tribuna.com/image/5f8d688d-fd30-4761-bb17-2235ed67ba4d. by.tribuna.com (24 чэрвеня 2020). Праверана 1 сакавіка 2025.
  14. Мелитина Станюта сама уволилась с ОНТ . Беларуская асацыяцыя журналістаў (7 ліпеня 2020). Праверана 1 сакавіка 2025.
  15. Symbal.by (руск.). REFORM.news (ранее REFORM.by) (9 жніўня 2022). Праверана 10 лютага 2025.
  16. reform.news. Четыре сотрудника Symbal.by приговорены к административному аресту (руск.). REFORM.news (ранее REFORM.by) (4 лютага 2021). Праверана 10 лютага 2025.
  17. Магазин национальной символики Symbal.by, закрывшийся в Беларуси в 2020-м, теперь работает в Батуми и обещает расширить географию (руск.). Зеркало (29 ліпеня 2022). Праверана 20 лютага 2025.
  18. Прызналі «экстрэмісцкімі» старонкі ў сацсетках symbal.by, грамадскай кампаніі «Годна» і нават святкавання 100-годдзя БНР . Наша Ніва (24 жніўня 2022). Праверана 20 лютага 2025.
  19. Продукция Telegram-каналов SYMBAL.BY, «Годна», «Каманда БНР-100» признана экстремистскими материалами (руск.). mininform.gov.by. Праверана 11 красавіка 2025.
  20. "Мстят за белорусское". В чем обвиняют создателя Symbal.by – DW – 25.08.2022 (руск.). dw.com. Праверана 11 красавіка 2025.
  21. Свабода, Радыё. Заснавальніку Symbal.by Белавусу прысудзілі 13 гадоў калёніі. Яго вінавацілі ў «распаўсюдзе ідэй беларускага нацыяналізму» . Радыё Свабода (11 мая 2023). Праверана 10 лютага 2025.
  22. Свабода, Радыё. У цэнтры Менску праходзіць афіцыйны Дзень вышыванкі. ВІДЭА . Радыё Свабода (2 ліпеня 2020). Праверана 27 лютага 2025.
  23. Будзьма беларусамі! » Вучымся граць на беларускай дудзе! Урокі майстра Юрася Панкевіча хутка ў сеціве (ВІДЭААНОНС). budzma.org. Праверана 27 лютага 2025.
  24. Аа. Symbal.by выпусьціў цукеркі зь «Вершніцай», каб «ня быць зацятымі кансэрватарамі» . Радыё Свабода (8 сакавіка 2016). Праверана 19 лютага 2025.
  25. Будзьма беларусамі! » Зьявілася паслуга па замове канцэртаў беларускіх музыкаў. budzma.org. Праверана 27 лютага 2025.
  26. Аа. «БЧБмабілі» месяц на дарогах: «Інцыдэнты ствараюць прэцэдэнты» . Радыё Свабода (15 ліпеня 2016). Праверана 19 лютага 2025.
  27. «Дзень вышымайкі» на 5-годзьдзе «Арт-сядзібы» . Радыё Свабода. Праверана 19 лютага 2025.
  28. Будзьма беларусамі! » Стартаваў творчы конкурс «Сымбаль натхнення — Беларусь!». budzma.org. Праверана 27 лютага 2025.
  29. Свабода, Радыё. «Пра герб і сьцяг» — кніга для дзяцей . Радыё Свабода (19 верасня 2013). Праверана 27 лютага 2025.
  30. Ап. У новым відэароліку пра БНР экранізавалі легенду пра бел-чырвона-белы сьцяг . Радыё Свабода (5 снежня 2017). Праверана 19 лютага 2025.
  31. Гурневіч, Дзьмітры. «90% хочуць на Дзень Волі сьвята, а ня боек». Стартавала кампанія да 100-годзьдзя БНР . Радыё Свабода (7 снежня 2017). Праверана 27 лютага 2025.
  32. Аа. Да Дня Перамогі Symbal.by пачаў раздаваць значкі «Ніколі зноў» . Радыё Свабода (8 мая 2018). Праверана 27 лютага 2025.
  33. Будзьма беларусамі! » Трусы, у якіх #файна: "Аліварыя" і Symbal.by паказалі модную калекцыю з нагоды А-Fest. budzma.org. Праверана 27 лютага 2025.
  34. Ретрошорты, в которых #файна: "Аливария" и Symbal.by показали модную коллекцию к предстоящему А-Fest (руск.). belta.by (1 жніўня 2019). Праверана 1 сакавіка 2025.
  35. Будзьма беларусамі! » Прэзентацыя новай гульнявой формы футбольнай зборнай Беларусі – 3 верасня. budzma.org. Праверана 27 лютага 2025.
  36. Выйшлі сувенірныя гульнявыя карты “100 гадоў БНР” (фота) | Навіны Беларусі | euroradio.fm . euroradio.fm (3 студзеня 2019). Праверана 27 лютага 2025.
  37. Будзьма беларусамі! » Symbal.by выпускае цішоткі з Зянонам Пазняком! (фота). budzma.org. Праверана 27 лютага 2025.
  38. Белорусы изготовили первое в мире васильковое мороженое с рожью и льном (руск.). belta.by (13 мая 2019). Праверана 1 сакавіка 2025.
  39. Вышымайцы 5 гадоў. Вялікі фэстываль у «Пясочніцы». ФОТА . Радыё Свабода (24 жніўня 2019). Праверана 19 лютага 2025.
  40. РАЦЫЯ, РАДЫЁ. У Менску прайшоў Symbal.by Fest(нявызн.). БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ (26 жніўня 2019). Праверана 1 сакавіка 2025.
  41. Елена Приходько. У помнiка князю Гедымiну з’явiўся свой мерч . https://www.kp.ru/ (6 сентября 2019 года).
  42. Свабода, Радыё. У Беларусі запісалі «Пагоню» з аркестрам і хорам ды запусьцілі флэшмоб «Сьпяваем гімн разам». ВІДЭА . Радыё Свабода (28 лістапада 2019). Праверана 19 лютага 2025.
  43. Тт. Як у Беларусі робяць бізнэс на Каліноўскім . Радыё Свабода (20 лістапада 2019). Праверана 27 лютага 2025.
  44. Будзьма беларусамі! » З’явілася яшчэ адна версія хіту з серыяла «Вядзьмар» па-беларуску!. budzma.org. Праверана 27 лютага 2025.
  45. Са. «ПераЖыве Беларусь». Якія крэатыўныя маскі прыдумалі і самі шыюць беларусы . Радыё Свабода (16 мая 2020). Праверана 27 лютага 2025.
  46. Частыя пытанні — PL.SYMBAL.BY. pl.symbalby.com. Праверана 1 сакавіка 2025.
  47. Мікіта Броўка: SYMBAL.BY – гэта сацыяльны праект . Рацыя (11 красавіка 2025). Праверана 11 красавіка 2025.
  48. Аўтар сучаснага варыянта “Пагоні” падае ў суд за знявагу сімвала | Навіны Беларусі | euroradio.fm . euroradio.fm (17 сакавіка 2015). Праверана 27 лютага 2025.
  49. Студзінская, Іна. «Пагоня» супраць «Вершніцы»: слова за экспэртамі . Радыё Свабода (20 сакавіка 2015). Праверана 27 лютага 2025.
  50. Свабода, Радыё. Дырэктар Symbal.by схадзіў на дзяржаўнае ТВ. «Парэзалі» і «замазалі» . Радыё Свабода (5 ліпеня 2017). Праверана 27 лютага 2025.
  51. Ап. Скандал з рэклямай symbal.by: агенцыя адмовілася разьмяшчаць і непадпісаныя вершы Някляева . Радыё Свабода (12 верасня 2018). Праверана 27 лютага 2025.
  52. В Минске появилась реклама с Владимиром Некляевым (англ.). thebtw.com. Праверана 1 сакавіка 2025.
  53. Грузьдзіловіч, Алег. «Пасылаюць па зачараваным коле». Хто загадаў прыбраць рэкляму зь Някляевым у цэнтры Менску? . Радыё Свабода (5 верасня 2018). Праверана 23 сакавіка 2025.
  54. Км. «Арт Сядзіба» і Symbal.by спынілі супрацу зь Беларускай фэдэрацыяй футболу празь бел-чырвона-белыя сьцягі . Радыё Свабода (25 лютага 2019). Праверана 27 лютага 2025.