Перайсці да зместу

Івар Андрэас Осэн

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Івар Осэн
Ivar Aasen
Нарвежскі вучоны, паэт, стваральнік нюнорска
Род дзейнасці філолаг, лексікограф, мовазнавец, перакладчык, пісьменнік, батанік, паэт, перакладчык Бібліі, scholarship holder, аўтар дзённіка
Дата нараджэння 5 жніўня 1813(1813-08-05)
Месца нараджэння
Дата смерці 23 верасня 1896(1896-09-23) (83 гады)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства Аб'яднаныя каралеўства Швецыя і Нарвегія
Веравызнанне хрысціянства
Член у
Аўтограф Выява аўтографа
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

І́вар Андрэ́ас О́сэн (нарв. Ivar Andreas Aasen, зрэдку сустракаецца састарэлая перадача Аасэн; 5 жніўня 1813, Эрста, Дацка-нарвежская дзяржава — 23 верасня 1896, Крысціянія, Аб'яднаныя каралеўства Швецыя і Нарвегія) — нарвежскі філолаг, лексікограф, паэт. У першую чаргу вядомы як стваральнік адной з форм літаратурнай нарвежскай мовы — нюнорска, ці нюношка. Вядомы, таксама, як паэт, з'яўляецца аўтарам вядомага верша «Нарвежац».

Івар Осэн нарадзіўся на хутары Осэн, каля Ховгэбюгды у рэгіёне Сунмёрэ на захадзе Нарвегіі (сёння фюльке Мёрэ-ог-Ромсдал). Ён быў сынам небагатага селяніна Івара Ёнсана. Хутар Осэн знаходзіўся далёка ад іншых паселішчаў, і таму ў дзяцінстве Івар не меў сяброў па гульнях, але хлопчык шмат чытаў, у тым ліку і Біблію. У сям'і было восем дзяцей, але бацькі неўзабаве памерлі, і сям'ёй пачаў кіраваць старэйшы брат. Ён прымушаў Івара працаваць у полі і забараняў дзейнічаць па сваіх схільнасцях, але захаваўся запіс у прыходскай кнізе, што Івар добра зарэкамендаваў сабе пры падрыхтоўцы да канфірмацыі. У 1831 годзе ён пачаў працаваць настаўнікам у розных вясковых школах, і ў выніку стаў гувернёрам у доме прыходскага святара Ханса-Конрада Турэсэна. У той жа час Івар пачаў вывучэнне мясцовай флоры і дыялекта Сунмёрэ. Осэн адправіўся са сваімі працамі ў Брэген, дзе мясцовы епіскап Якаб Нойман быў настолькі задаволены вынікамі яго дыялекталагічнай працы, што яны былі апублікаваны ў двух нумарах епархіяльнага часопіса «Bergens Stiftstidende» за 1841 год.

Дыялекталагічныя даследванні

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля публікацыі гэтых артыкулаў і дзякуючы падтрымцы Ноймана Осэн атрымаў стыпендыю ад Нарвежскага каралеўскага навуковага таварыства у Тронхейме для вывучэння нарвежскіх дыялектаў. Осэн ажыццявіў свае экспедыціі ў 1843—1847 гадах, запісваючы розныя словы, выразы і граматычныя формы. У яго запісах сустракаюцца таксама і прыказкі, але Осэн не займаўся мэтанакіраваным зборам фальклора: не быў ён і сацыёлагам. У першую чаргу Осэна цікавілі дыялекты Вестлана (Заходняй Нарвегіі), дзе, як ён лічыў, сустракаліся найлепшыя (гэта значыць найменш закранутыя ўплывам дацкай мовы) дыялекты, але ў выніку ён наведаў большую частку краіны. За чатыры гады Осэн праехаў больш за 4000 км, дайшоўшы на поўначы да Хельгеланда. Пасля заканчэння стыпендыі ў 1847 годзе Осэн пасяліўся ў Хрысціяніі, дзе і пражыў астатнія гады свайго жыцця. Пры гэтым, ён рэгулярна адпраўляўся ў экспедыцыі, звычайна летам, на працягу яшчэ 20 гадоў. Увогуле ён наведаў больш за палавіну ўсіх муніцыпалітэтаў Нарвегіі ў межах 1995 года.

Прайшоўшы шлях ад сялянскага сына да атрымальніка дзяржаўнай стыпендыі, Осэн адмовіўся ад прапанаванай яму прафесарскай пасады і працягнуў свае падарожжы, нягледзячы на ўсе цяжкасці, і аказанае яму супраціленне. Пры гэтым, у яго жыцці не адбывалася сапраўды значных знешніх падзей. Аб асабістым жыцці Осэна вядома няшмат, перш за ўсё, з-за невялікай колькасці крыніц. У яго было няшмат сяброў, звычайна ён сядзеў дома і працаваў. Осэн атрымліваў нядрэнны даход, але выдаткоўваў няшмат і ўсё жыццё правёў вельмі сціпла. З 1830 года Осэн вёў дзённік, але ён складаецца галоўным чынам з нататак аб пагодзе, аб яго хваробах, запісаў аб сустрэчах і прачытаных кнігах, і таксама кароткіх пераказаў бачаных ім спектакляў. Івар Осэн не пакінуў і значнай эпісталярнай спадчыны: большасць з яго лістоў былі адказамі на чужыя пытанні. Свайму сябру Морыцу Орфлуту ён пісаў адзін ліст у год, брату Йуну — раз у тры гады. Ён таксама амаль не перапісваўся з дзеячамі набіраўшага моц руха за распаўсюджванне створанага ім лансмола — Хенрык Крун атрымаў ад яго толькі адзін ліст, Георг Грыг — толькі некалькі, а Ян Прал — ніводнага. У дзённіку і лістах Осэн толькі зрэдку пераходзіць на «сваю» мову, лансмол, але звычайна пісаў на больш звыклай дацкай. Дзённікі і лісты Осэна былі выдадзены ў 1957—1960 гадах. Акрамя лінгвістычных прац Осэн выдаў яшчэ некалькі кніг, у прыватнасці, «Малую хрэстаматыю старажытнанарвежскай мовы» (En iden Laesbog i Gammel Norsk, 1854), аперэту «Спадкаемец» (Ervingen, 1855), «Нарвежскія прыказкі» (Norske Ordspog, 1856, другое выданне 1881) і зборнік вершаў «Symra» (1863, другое выданне 1875). Самым працяглым са звязных тэкстаў Осэна на лансмоле была кніга (96 старонак) «Агляд новага дома: кароткі агляд твора і чалавека для юнацтва» (Heimsyn: ei snogg Umsjaaing yver Skapningen og Menneskja: tilmaatad fyre Ungdomen, 1875). Гэтая кніга ніколі не мела вялікай папулярнасці, у той жа час як некалькі песень са «Спадкаемца» і «Symra» былі вельмі папулярнымі. Івар Осэн вельмі крытычна адносіўся да сваіх твораў: большасць з іх існуюць у двух версіях — першапачатковай і лепш прапрацаванй канчатковай. Акрамя таго, Осэн шмат пісаў «у стол» — як вершы, так і публіцыстычныя і навуковыя артыкулы. Шмат чаго з яго спадчыны было выдана пасмяротна, нешта нават зараз толькі рыхтуецца да выдання. Традыцыйныя ўяўленні аб Осэне шмат у чым афарбаваны інфармацыяй, якую магчыма вынуць з найбольш легкадасягальных крыніц, якія адносяцца да апошніх гадоў яго жыцця. У якасці характэрнага прыклада можна назваць біяграфію Андэрса Ховдэна «Івар Осэн ў паўсядзённым жыцці» (Ivar Aasen i Kvardagslaget). Хоўдэн, які ведаў Осэна ўжо старым, малюе яго як хворага адзінокага чалавека, які ходзіць па дому ў дзіравых шкарпэтках. Сучасны біёграф Осэна Стывен Уолтан, думае, што гэтая карціна недакладная і лічыць, што ў маладзейшыя гады Осэн лепш даглядаў сабе і веў больш актыўнае сацыяльнае жыццё, але тыя, хто ведаў Осэна ў 1840-я і 1850-я гады, не пакінулі аб ім успамінаў. Існуе ўсяго некалькі фотаздымкаў Осэна. Выявы часоў яго маладосці не захаваліся: адна карціна была створана, калі яму было 50 гадоў, а астатнія — тады, калі ён быў вельмі старым чалавекам.

Стварэнне лансмола

[правіць | правіць зыходнік]

Якасць лінгвістычных прац Осэна можна лічыць вельмі высокай, калі ўлічваць, што ён не меў фармальнай адукацыі, і не меў зносін ў акадэмічных колах, працуючы нават без сакратара. У 1850-я гады Осэн працаваў вельмі хутка, выдаючы па новай кнізе амаль кожны год, прытым, што ён паспяваў і друкавацца ў газетах. У 1860-я гады праца некалькі замарудзілася: так, «Слоўнік нарвежскай народнай мовы» (1850) быў падрыхтаваны ўсяго за год, а другое выданне «Нарвежскага слоўніка» (1873) — за 9 гадоў. У 1848 Осэн выдаў кнігу «Граматыка нарвежскай народнай мовы» (Det norske Folkesprogs Grammatikk). Праз два гады быў выдадзены «Слоўнік нарвежскай народнай мовы» (Ordbog over det norske Folkesprog), у які уваходзіла больш за 25000 слоў. П. А. Мунк назваў слоўнік «нацыянальным шэдэўрам». Першыя тэксты на лансмоле былі выдадзены ў кнізе «Узоры вясковай мовы ў Нарвегіі» (Prover af Landsmaalet i norge, 1853).

Водгук у грамадстве

[правіць | правіць зыходнік]

Спачатку працу Осэна ў Нарвегіі ўспрынялі з энтузіязмам: ён атрымаў пажыццёвую стыпендыю ў памеры заробка прафесара, рэцэнзенты вельмі хвалілі яго кнігі, а справы з продажам ішлі добра. Мунк і іншыя навукоўцы падтрымлівалі яго праект, а Б'ёрнсцернэ Б'ёрнсан нават паспрабаваў вывучыць новую мову, пазнаёміўшыся з такімі бергенцамі, як Хенрык Крун. Першы эксперымент Осэна па стварэнню новай пісьмовай формы, «Размова двух сялян» (Samtale mellem to bonder, 1849) быў надрукаваны ў кансерватыўнай газеце «Моргенбладэт». Першымі, хто паспрабаваў выкарыстаць новую літаратурную нарвежскую мову, былі так званыя «бергенскія мовазнаўцы» (у першую чаргу Ян Прал, Георг Грыг і Хенрык Крун), Эрык Сомер з Трондэлага, які выдаў у 1858 годзе брашуры «Казачныя песні» (Soge-Visior) і О. У. Він'е. Але ніхто з іх не разглядаў лансмол Осэна як нешта большае, чым усяго толькі аснову. У 1858 годзе, тэксты на лансмоле выдалі Осэн, Вінье і Прал. У кожнага з іх была, па сутнасці, свая мова, якая была незразумелай без хаця б элементарных ведаў у старажытнаскандынаўскай.

Моўная ідэалогія Осэна

[правіць | правіць зыходнік]

Паколькі сам Осэн так і не напісаў вялікага праграмнага артыкула, розныя яго выказванні выкарыстоўваліся прыхільнікамі розных поглядаў. Адны разглядваюць яго як прадстаўніка буржуазнага нацыянальна-рамантычнага руха, у той час як іншыя падкрэсліваюць педагагічны аспект яго працы і бачаць у ім папярэдніка сацыялістаў. Найбольш распаўсюджаным з'яўляецца меркаванне, што Осэн у нейкай ступені займаў абедзве пазіцыі. Для Осэна найбольшую каштоўнасць і аўтэнтычнасць мелі архаічныя моўныя формы, але асобныя публіцысты з-за гэтага лічылі, што лансмол «адстае» ў сваім развіцці, і што на ім нельга выказаць сучасныя думкі. У 1855 годзе Осэн пераклаў для газеты «Друг народа» (Folkevennen) ісландскую «Сагу аб Фрыц'ёфе». Гэты тэкст прадстаўляе сабой найбольш яркі прыклад архаізіруючых тэндэнцый у мове Осэна. Пазней ён некалькі мадэрнізаваў норму, але яго ўжо ніколі не прасілі напісаць тэкст на лансмоле для выдання такім вялікім тыражом. Адна з тэм, да якіх Осэн пастаянна звяртаўся, — «паўнагучнасць» нарвежскіх дялектаў, дзе ў ненаціскных пазіцыях выкарыстоўваюцца нерэдукаваныя галосныя ў параўнанні з дацкім «вечным е» (у дацкай мове ўсе галосныя ў ненаціскных суфіксах рэдукаваліся да шва, якое падчас напісання перадаецца як е). Формы, якія выкарыстоўваў Осэн, называюцца «і-формамі», бо ў вызначанай форме моцных (якія канчаюцца на зычны) назоўнікаў жаночага рода адзінага ліка і нявызначаных формах множнага ліка сярэдняга рода выкарыстоўваўся галосны i (sol-i сонца + 'вызначаны артыкль', tre-i 'дрэвы'). У сучасным нюношку звычайна ўжываюцца «а-формы» (sola, trea), але формы з i і зараз уключаюцца ў арфаграфічныя слоўнікі, і былі звычайнымі яшчэ ў сярэдзіне ХХ стагоддзя. Осэн таксама вызначаў розніцу паміж моцнымі (ei sol — нявызначаны артыкль + сонца soli — сонца + вызначаны артыкль soli — сонца + вызначаны артыкль, solerne — сонца (вызначаная форма)) і слабымі формамі (ei gjenta — дзяўчынка, gjenta — дзяўчынка (вызначаная форма) gjentor — дзяўчынкі, gjentorne — дзяўчынкі (вызначаная форма)) у жаночым родзе (сустракаюцца зрэдку таксама solerna, gjentorna). Формы назоўнага і вінавальнага склонаў супадалі амаль ва ўсіх дыялектах, але ў некаторых захаваўся датыў, і поўная форма датыва множнага ліка на -om (uppi dalom у далінах) увайшла ў норму і атрымала значнае распаўсюджванне, асабліва ў вершах. З іншага боку, амаль ніхто не падзяляў думкі Осэна ў адрозніванні жаночага роду ў слабай форме прыметніка (den kaute guten — горды юнак, але den kauta gjenta — гордая дзяўчына). У спражэнні дзеясловаў Осэн паслядоўна адрозніваў адзіночны і множны лік дзеясловаў, хаця якраз пры яго жыцці гэтае адрозненне выходзіла з ужытку ў дацкай мове. Івар Осэн пабудаваў своеасаблівую іерархію дыялектаў па іх блізкасці да старажытнаскандынаўскага стана. У прадмове да «Узораў вясковай мовы» ён растлумачвае, што лепшымі з'яўляюцца дыялекты рэгіёнаў Хардангер, Согн і Восс, тады як «дыялекты паўночных гор адносяцца да найгоршых і больш пашкоджаных». Осэн таксама не атрымаў вялікай карысці і ад падарожжаў ў Паўночную Нарвегію, бо марфалогія там «вельмі бедная і простая». Не цікавілі яго і гаворкі Хедмарка, дзе адбылася манафтагізацыя старажытных дыфтонгаў. Сёння нюнорск найбольш распаўсюджаны якраз у тых рэгіёнах, дзе ўжываюцца «адобраныя» Осэнам дыялекты. У часы Осэна лічылася, што ў эпоху вікінгаў у Нарвегіі была распаўсюджана адзіная нацыянальная мова, але цяпер лінгвісты (М. Хэгстад, Д. А. Сэйп) вызначылі, што нават тады існавалі дыялектныя адрозненні і многія рысы, якія Осэн адносіў да дацкага ўплыва і «забруджвання», з'яўляюцца ўласна нарвежскімі.

Развіццё мовы

[правіць | правіць зыходнік]

Калі Івар Осэн пачаў сваю працу па збору нарвежскіх дыялектаў, нацыяналістычны рамантызм у Нарвегіі дасягнуў свайго росквіта. Канцэпцыі Гердэра, згодна з якімі кожны народ мае ўласны нацыянальны дух, які адлюстроўваецца ў мове, літаратуры, мастацтве і іншых элементах культуры, у 1840-я гады былі папулярны ва ўсёй Еўропе. У гэтым плане, існаванне ўласнай літаратурнай мовы магло падкрэсліць самастойнасць нарвежскай нацыі, незалежнай ад датчан. Прыкладна з 1860 года гэтая канцэпцыя страчвае папулярнасць. Нягледзячы на тое, што не было спроб спыніць выплату Осэну стыпендыі, яго праца у многім была праігнаравана, рэцэнзенты не звярталі увагі на яго кнігі, а справы з продажамі пайшлі значна горш. У літаратуры існуе некалькі меркаванняў адносна таго, чаму так адбылося. Адной з прычын можна назваць тое, што Осэн пачаў сваю працу занадта позна: у 1842 годзе, калі ён прадставіў свой праект, нацыянальны рамантызм знаходзіўся на піку свайго росквіта, які быў пройдзены ў 1849 годзе. З 1850-ых «больш нарвежскі» характар лансмола ўжо не з'яўляўся перавагай. Нарміраваная лексіка лансмола ў «Нарвежскай граматыцы» 1864 года і «Нарвежскім слоўніку» 1873 года вылучаецца значным архаізмам, складанай граматычнай сістэмай і значнымі пурыстычнымі тэндэнцыямі у выбарцы слоўнікавага склада (прынамсі, выключаліся ўсе ніжнянемецкія запазычанні з прыстаўкамі be- і an-). Такім чынам у супрацьстаянні «педагагічных» і «нацыянальных» меркаванняў перамогу атрымалі апошнія. У 1858 годзе Осэн выдаў пераклад «Сагі аб Фрыц'ёфе» на лансмол, які выйшаў у дадатку да часопіса «Друг народа». У сувязі з гэтым, Эйлерт Сундт выдаў нарыс «Аб нарвежскай мове», дзе ён пісаў наступнае:

["Друг народа"] здрадзіў бы свайму вызначэнню, калі б не разумеў, што бліжэйшая будучыня мае велізарнае значэнне для нашай мовы, і што яе лёс значыць бясконца шмат для народнай асветы і поўнага духоўнага развіцця

Сундт падкрэслівае, што шмат хто з нарвежцаў прыкладзе намаганні да таго, каб разабрацца ў «сялянскай» мове і таму рэкамендаваў чытачам паглыбіцца ў пераклад Осэна. Ён таксама піша:

Яна заснавана на найменш забруджаных вясковых дыялектах, але пры гэтым з пастаянным улікам іншых сялянскіх гаворак і старажытнай нарвежскай літаратурнай мовы. Усё гэта зроблена з такім мастацтвам, што мы дакладна можам назваць гэтую мову ўзорам агульнай нарвежскай нацыянальнай (Landsmaal) ці народнай (Folkesprog) мовы

Пры гэтым, хаця Сундт падтрымліваў праект Осэна ў прынцыпе, сам ён прытрымліваўся нормы, распрацаванай К. Кнудсэнам. Б'ёрнсцернэ Б'ёрнсан, які ў маладосці таксама спрабаваў пісаць вершы на лансмоле, таксама стаў прыхільнікам варыянта Кнудсэна, бо для яго лансмол атрымаўся вельмі складаным. У выніку Б'ёрнсан расчараваўся ў самім праекце Осэна і пачаў падтрымліваць Нарвежскі саюз рыксмола. Для іншых дзеячаў моўнага руха, такіх як П. А. Мунк і Я. Прал, мова Осэна была, наадварот, недастаткова архаічнай: Осэн не жадаў уводзіць у норму старажытныя формы, не захаваныя ні ў адным з дыялектаў. Так, калі Осэн пісаў форму асабовага займенніка множнага ліка трэцяй асобы ('яны') як dei, то Мунк выбраў форму deir (пар. ісл.þeir). Пазнейшыя аўтары, якія пісалі на лансмоле, такія як О. Ф'ёртофт і Арнэ Гарборг, таксама абыходзіліся з мовай Осэна вельмі вольна, што выклікала яго незадавальненне. Адным з апшоніх твораў Осэна стала і да сённяшняга дня не выдадзеная кніга «Моўны падман», у якой ён крытыкуе пісаўшых на лансмоле аўтараў за выкарыстанне «дацкіх» форм, такіх як upp-yver «уверх па чым-небудзь» замест upp-etter Осэну таксама не падабаліся многія з уведзеных Гарбаргам наватвораў, такіх як norksdom «нарвежскасць». Ён крытыкаваў выкарыстанне вясковых і размоўных гарадскіх форм. Івар Осэн сам ніколі не займаўся арганізацыяй і агітацыяй, і «моўны рух» развіваўся без яго. Арганізацыяй яго заняўся Арнэ Гарборг толькі ў 1870-ыя гады. Сам Осэн не жадаў «барацьбы» двух варыянтаў і рэдка рэагаваў на крытыку, а пасля 1860 года зусім спыніў публіцыстычную дзейнасць. У больш позні час літаратурная мова, заснаваная на дыялектах, з'яўляецца больш лёгкай для засваення дзяцьмі ў школе. Не зусім зразумела, наколькі гэта было важным для Осэна: сам ён паходзіў з сялянскага асяроддзя, дзе пры гэтым уменне чытаць і пісаць па-дацку было шырока распаўсюджана. Сам Осэн таксама вывучыў нямецкую і англійскую мовы.

Магіла Осэна ў Осла

Осэна шмат крытыкавалі за вельмі архаічную арфаграфію, якая сапраўды пашкодзіла лансмолу зрабіцца сапраўды агульнараспаўсюджанай літаратурнай мовай. У ХХ стагоддзі быў праведзен шэраг арфаграфірных рэформ, у ходзе якіх многія з пурыстычных і этымалагічных элементаў лансмола былі адкінуты, а арфаграфія была прыбліжана да вымаўлення букмала і усходненарвежскіх дыялектаў, на якіх гаворыць большая колькасць носьбітаў. К таму часу рамантычныя ідэі Гердэра былі поўнасцю пакінуты, а галоўным стымулам развіцця лансмола стала сацыялістычная ідэалогія вызвалення народа праз асвету. Падобныя ідэі пачалі з'яўляцца ўжо пры жыцці Осэна, але поўнае адлюстраванне яны знайшлі ў першым афіцыйным стандарце нюнорска (1901 год). У мову таксама былі ўведзены многія са слоў, Якія Осэн лічыў «ненарвежскімі», хаця забарона на прыстаўкі be- i an- у цэлым захавалася.

Зноскі

  1. а б Ivar AasenKunnskapsforlaget. — ISSN 2464-1502 Праверана 7 студзеня 2020.
  2. Sprogforsker Ivar AasenGravferdsetaten i Oslo kommune. Праверана 27 кастрычніка 2017.