Івянецкае паўстанне
Івянецкае паўстанне | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Другая сусветная вайна | |||
Дата | 19 чэрвеня 1943 | ||
Месца | Івянец | ||
Вынік | Перамога палякаў | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Камандуючыя | |||
|
|||
Сілы бакоў | |||
|
|||
Страты | |||
|
|||
Івянецкае паўстанне — баявая аперацыя, якая адбылася 19 чэрвеня 1943 года пры ўдзеле Польскага партызанскага атрада з Цэнтра АК Стоўбцы ў выніку якой было здабытае мястэчка Івянец і разбіты нямецкі гарнізон, які месціўся там.
Атака на Івянец праводзілася з мэтай вызвалення арыштаваных кіраўнікоў мясцовай канспірацыйнай сеткі, і таксама з мэтай апярэджвання аналагічнай савецкай аперацыі. Коштам невялікіх страт польскія партызаны на 18 гадзін захапілі мястэчка, вызвалілі ўсіх арыштаваных, і таксама знішчылі ад 40 да 150 немцаў і калабарацыяністаў. Была таксама здабытая вялікая колькасць зброі, амуніцыі, жывёл, інвентару і іншых рэчаў. Ад 100 да 200 супрацоўнікаў Беларускай дапаможнай паліцыі добраахвотна перайшлі на бок польскага атраду. Захоп Івянца быў адной з самых масштабных узброеных аперацый у гісторыі дзейнасці Арміі Краёвай.
У адказ за панесенае паражэнне, немцы знішчылі каля 150 жыхароў Івянца. Акрамя таго, летам 1943 года ў Налібоцкай пушчы была праведзена антыпартызанская аперацыя, вядомая пад кодавай назвай «Герман».
Перадумовы
[правіць | правіць зыходнік]Пасля разгрому Польшчы ў 1939 годзе Стаўбцоўскі павет разам з астатнімі землямі Заходняй Беларусі апынуліся пад уладай СССР. У сваю чаргу, пасля нападзення Германіі на СССР у чэрвені 1941 года тэрыторыя павета была ўключана ў склад Рэйхскамісарыята Остланд. Акупанты, пры падтрымцы беларускіх калабарацыяністаў знішчылі большасць мясцовых яўрэяў і распачалі бязлітасны тэрор супраць мясцовага польскага насельніцтва[1]. У той жа час бязмежная Налібоцкая пушча стала прытулкам для чырвонаармейцаў, якім удалося пазбегнуць нямецкага палону і для яўрэяў, якія ўцяклі з навакольных гета[2]. На мяжы 1942/43 гадоў, пераброшаныя з-за лініі фронту савецкія афіцэры і камісары прыступілі да трансфармацыі гэтых разрозненых груп у рэгулярныя партызанскія атрады[3].
Неўзабаве пасля пачатку нямецкай акупацыі, на тэрыторыі даваеннага Навгрудскага ваяводства пачалі стварацца структуры Саюза ўзброенай барацьбы (пераіменаванага ў лютым 1942 года ў Армію Краёву). Ужо ў лістападзе 1941 года камандаванне Навагрудскай акругі СУБ/АК прызначыла падпаручыка Аляксандра Варакомскага (мянушка «Швір») на пасаду каменданта Стаўбцоўскай акругі (крыптонім «Слуп»)[4]. «Швір» хутка увайшоў у кантакт з афіцэрамі і унтэр-афіцэрамі Войска Польскага. Яго блізкім паплечнікам стаў, у прыватнасці, Каспер Мілашэўскі (мянушка «Левальд») адзін з лідараў польскай грамадскасці, які пры гэтым карыстаўся адносным даверам савецкіх партызан[5].
Першапачаткова, дзейнасць акругі «Слуп» была засяроджана на назапашванні зброі і боепрыпасаў, а таксама пранікненню ў структуру мясцовай паліцыі і адміністрацыі[6]. Ідэя стварэння польскага партызанскага атрада не знайшла на тот момант падтрымкі Галоўнага Камандавання АК, якое вырашыла абмяжоўваць дзеянні ўзброеных сіл да пачатку ўсеагульнага паўстання[7]. Толькі такія фактары, як рост колькасці выкрытых прыхільнікаў і вярбоўка польскай моладзі ў шэрагі савецкага партызанскага руху паўплывалі на змяненне пазіцыі камандавання акругі. Штуршком да арганізацыі польскага партызанскага атрада стала, у прыватнасці, масавае забойства жыхароў вёскі Налібакі, праведзеная савецкімі партызанамі ў ноч на 8 мая 1943 года[8][9][10].
3 чэрвеня 1943 года ў маёнтку Куль, у глыбі Налібоцкай пушчы адбылася першая вярбоўка ў шэрагі польскага атрада. У гэты дзень там зарэгістраваліся 44 добраахвотніка, якія сталі асновай для Стаўбцоўскай групоўкі Арміі Краёвай. Мясцовае кіраўніцтва Арміі Краёвай першапачаткова меркавала, што на чале атраду стане падпаручнік Вітальд Пяльчыньскі (мянушка «Дзвіг»)[11], але ўжо ў першы дзень ён быў паранены ў выніку выпадковага выбуху гранаты. У гэтых умовах, камандаванне атрадам прыняў паручык «Левальд»[12]. Навіны аб стварэнні польскага атрада хутка разышліся сярод мясцовага насельніцтва. Нягледзячы на тое, што партызаны прымалі ў свае шэрагі толькі ўзброеных і абмундзіраваных добраахвотнікаў, на працягу 10 дзён колькасць байцоў атрада павялічылася да 130. Неўзабаве да атраду далучылася яшчэ некалькі дзясяткаў добраахвотнікаў-кавлерыстаў на чале з харунжым Здзіславам Нуркевічам (мянушка «Ноч»), дзякуючы чаму стала магчымым стварэнне коннага патруля[13].
У Налібоцкай пушчы знаходзілася шматтысяная групоўка савецкіх партызанаў, і такім чынам, не жадаючы канфліктаваць з ненеадзейным саюзнікам, паручык «Левальд» скрываў сваю прыналежнасць да Арміі Краёвай, эфектыўна пераконваючы партызанскае камандаванне, што стварэнне атрада адбылося выключна па ініцыятыве мясцовага польскага насельніцтва. З дазволу камандавання акругі, «Левальд», з тактычнага пункту гледжання, фармальна падпарадкоўваўся савецкаму камандаванню. Ён таксама прыняў шэраг іншых далёка ідучых рашэнняў не маючы, аднак, намеру рэалізоўваць іх на практыцы[nb 1][15] Па ўзгадненню з савецкім камандаваннем атраду была прысвоена назва «Польскі партызанскі атрад імя Тадэвуша Касцюшкі». Акрамя таго быў узгоднены падзел Налібоцкай пушчы на польскі і савецкі сектары і таксама ўзгоднена, што польскія і савецкія партызаны будуць дзейнічаць адпаведна з заходняга і ўсходняга боку мяжы 1939 года[16].
Атака на Івянец
[правіць | правіць зыходнік]Падрыхтоўка
[правіць | правіць зыходнік]Неўзабаве пасля стварэння атрада, адбылося выкрыццё польскай падпольнай сеткі Івянца. У рукі немцаў і іх калабарацыяністаў папала ад 20[17] да 80[18] членаў і прыхільнікаў Арміі Краёвай. Арышт асабіста курыраваў суддзя Карачун са Стоўбцаў, які быў гразой мясцовага польскага насельніцтва. У ходзе праведзенай разведкі Армія Краёвая атрымала інфармацыю аб тым, што акупанты маюць намер вывесці зняволеных у Калдычоўскі і Трасцянецкі лагеры смерці. У святле гэтых дадзеных, камандаванне стаўбцоўскай акругі прыняла рашэне аб правядзенні нападу на нямецкі гарнізон Івянца[18]. Мэтай гэтай акцыі было на толькі вызваленне зняволеных, але і апярэджванне аналагічнай савецкай акцыі. Польскае камандаванне асцерагалася таго, што савецкі напад на Івянец можа выклікаць вялікія матэрыяльныя страты і непатрэбныя ахвяры сярод мясцовага польскага насельніцтва[19].
У перыяд ІІ рэчы Паспалітай Івянец быў цэнтрам адной з гмін Валожынскага павета і меў каля 5 000 жыхароў. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР савецкія ўлады размясцілі ў Івянцу цэнтр новастворанага Івянецкага раёна, у склад якога ўвайшла частка зямель даваенных Стаўбцоўскага і Валожынскага паветаў. З-за таго, што такі адміністрацыйны падзел таксама захаваўся і ў перыяд нямецкай акупацыі, колькасць жыхароў горада вырасла амаль у два разы, а ў горадзе знахозіўся моцны нямецкі гарнізон[20][21]. У чэрвені 1943 года там квартараваў атрад нямецкай жандармерыі, лікам ад некалькіх дзясяткаў[19] да 100[20] супрацоўнікаў. Камандаваў ім вядомы сваёй жорсткасцю Карл Цавель[19][22]. У склад івянецкага гарнізона ўваходзіла яшчэ некалькі сотняў байцоў з беларускай дапаможнай паліцыі, а дадатковую падтрымку маглі аказаць некалькі дзясяткаў нямецкіх чыноўнікаў з мясцовага эканамічнага аддзялення. Акрамя таго, у старых казармах КАП над рэчкай Волма, размешчаных у 2 км ад горада, знаходзіліся дзве роты Люфтвафэ[20] (накіраваныя сюды на адпачынак)[19]. Паводле адных крыніц, Івянец абаранялі каля 700 паліцэйскіх, салдат і чыноўнікаў (400 немцаў і 300 паліцаяў)[20]. Іншыя даследчыкі налічваюць колькасць байцоў гарнізона каля 500 чалавек[21].
Пасля атрымання згоды камандавання акругі тэрмін для нападу быў прызначаны на 22 чэрвеня[20]. Але ў хуткім часе, польская разведка атрымала звесткі аб тым, што немцы прыступілі да ўмацавання сваіх аб’ектаў у горадзе. Больш за то, 19 чэрвеня немцамі было вырашана правесці масавы прызыў у Беларускі корпус самааховы і прымусовы выкуп коней для германскай арміі. Гэта стварала выдатную магчымасць узброеным партызанам непрыкметна пранікнуць у горад, і пагэтаму было прынята рашэнне перанесці акцыю на тры дні раней[23]. Польскія планы прадугледжвалі напад на Івянец як звонку, так і знутры:
- акцыяй унутры мястэчка павінен быў кіраваць падхарунжы Альгерд Война (мянушка «Лех»), які размясціў свой камандны штаб у доме сям’і Дзяржынскіх[nb 2] Ён меў у сваім распараджэнні членаў мясцовага падполля і 60 партызан, якія таемна праніклі ў Івянец у ноч на 19 чэрвеня (у грамадзянскай вопратцы, з кароткай зброяй і гранатамі). Байцы былі падзелены на чатыры групы, якімі камандавалі: вахмістр Ян Якубоўскі (мянушка «Дэмб»), плутонавы Валяр’ян Жуховіч (псеўданім «Апоньча»), плутонавы Юзаф Недзведскі (мянушка «Шары») і плутонавы Балеслаў Навакоўскі. Іх задачай было захоп пастоў нямецкай і беларускай паліцыі, таксама захоп пошты і нямецкага эканамічнага бюро[23].
- атрад пад камандаваннем падпаручніка Валянціна Пархімовіча (мянушка «Валдан») павінен быў атакаваць казармы над Волмай і прадухіліць магчымасць падысці на дапамогу гарнізону горада расквартыраваным там салдатам Люфтвафэ[23].
- атрад пад камандаваннем паручніка Каспера Мілашэўскага, узброены дзвумя кулямётамі, меў задачу блакаваць дарогу, якая вяла ад казармы ў цэнтры горада[23].
- конная разведка пад камандаваннем харунжага Здзіслава Нуркевіча павінна была прыкрываць дарогі, якія вялі да Стоўбцаў і Ракава[23].
З дакладаў савецкіх партызан, знойдзеных у беларускіх архівах, вынікала, што ў акцыі ўдзельнічала Партызанская брыгада ім. Чкалава, якая па просьбе палякаў ахоўвала дарогі, што вялі да Валожына, Ракава і Стоўбцаў, але гэта не пацвяржаюць польскія крыніцы[25].
Ход паўстання
[правіць | правіць зыходнік]Напад на Івянец пачаўся роўна апоўдні 19 чэрвеня, у абедзены час, калі пільнасць акупантаў была слабейшая[26]. Па сігналу званоў касцёла, якія білі да малітвы, байцы Арміі Краёвай перарэзалі тэлефонныя лініі, што вялі да горада, пасля чаго без асаблівых цяжкацяў захапілі будынак пошты і нямецкае эканамічнае бюро (застрэліўшы пры гэтым аднаго супрацоўніка). Партызаны знішчылі таксама мост над Волмай. Група пад камандаваннем вахмістра «Дэмба», пасля таго, як абязшкодзіла ахоўнікаў, акружыла штаб-кватэру беларускай паліцыі і заклікала яе супрацоўнікаў да капітуляцыі. Старэйшым з паліцаяў, што знаходзіліся ў той час на ўчастку, быў намеснік камандзіра, старшы сяржант Стэфан Пазнанскі, унтэр-афіцэр даваеннай Дзяржаўнай Паліцыі, і таксама член Арміі Краёвай. Па яго загадзе, паліцаі, сярод якіх пераважалі палякі, у многіх выпадках члены і прыхільнікі Арміі Краёвай — склалі зброю і пакінулі будынак. Толькі невялікая група паліцаяў, што прыбылі ў горад некалькі дзён таму з Полацку спрабавала супраціўляцца, аднак іх ліквідавалі без асаблівых цяжкасцяў[27].
Аднак, хутка захапіць участак нямецкай жандармерыі не атрымалася. Праўда, салдаты пад камандаваннем сяржанта «Апоньчы» здолелі бязшумна абясшкодзіць двух ахоўнікаў, але перастрэлка, што пачалася ў раёне казармаў беларускай паліцыі, папярэдзіла немцаў. Адзін з жандараў паспеў замкнуць дзверы і забіць гранатай капрала Яна Няджвецкага. Партызаны Ян Місачэк і Ян Брычкоўскі знішчылі гранатамі радыёстанцыю і тэлефонную стацыю, якія знаходзіліся насупраць асноўнага будынка жандармерыі, і вярнуліся да сваіх. Жандары, супакоіўшыся, арганізавалі моцную абарону. Байцы Арміі Краёвай, узброеныя толькі кароткай зброяй і гранатамі, не рызыкнулі распачаць франтальны штурм. У ходзе перастрэлкі загінуў адзін партызан, а другі, падлетак 14-ці гадоў, атрымаў смяротную рану. Яшчэ двое байцоў атрымалі лёгкія раненні[28].
Адначасова з пачаткам бою ўнутры горада, салдаты «Валдана» напалі на казармы Люфтвафэ. Немцы хутка зразумелі, што іх атакуе невялікая колькаць праціўнікаў і супакоіўшыся перайшлі ў контратаку. Аднак, калі яны паспрабавалі перасекчы гаць на Волме, падраздзяленні «Валдана» і «Левальда» накрылі іх моцным агнём з кулямётаў. Шмат хто з салдатаў Люфтвафэ быў забіты, астатнія адступілі ў казармы. Салдаты Арміі Краёвай ўзялі ў палон двух нямецкіх афіцэраў у званні капітана. Аднаго з іх, які паходзіў з Чэхаславакіі, амаль адразу расстралялі[29]. У ноч на 20 чэрвеня экіпаж казармаў яшчэ раз зрабіў спробу контратакі, але быў абстраляны з двух бакоў, нясучы пры гэтым цяжкія страты[30].
Між тым, у цэнтры Івянца, нямецкія жандары па-ранейшаму аказвалі лютае супраціўленне, верагодна, баючыся, што ў выпадку здачы ў палон іх пакараюць за папярэднія злачынствы супраць грамадзянскага насельніцтва[19]. Жадаючы заахвоціць немцаў да капітуляцыі, байцы Арміі Краёвай адправілі ў якасці парламентарыя афіцэра Люфтвафэ, захопленага падчас нападу на казармы. Жандары, аднак, адказалі агнём, забіўшы суайчынніка на месцы[31][32] (згодна з іншымі дадзенымі, афіцэр быў паранены[21][33]). Пасля двух гадзін барацьбы, вахмістру «Дэмбу» прыйшла ў галаву ідэя, абліць з дапамогай пажарнага бочкавоза і шланга будынак бензінам. Падпал участка стаў паваротным момантам сутыкнення. Амаль усе жандары загінулі ў агні або ад польскіх куль. Да расчаравання байцоў, смерці, аднак, пазбег ненавісны жандарскі камендант[31][32][34]. Ацалелі таксама бурмістр Пётр Бурак і суддзя Карачун, якім разам з групай немцаў удалося сысці да Мінска[32].
Івянец быў вольны амаль васямнаццаць гадзін. Калі на досвітку 20 чэрвеня над горадам з’явіліся нямецкія самалёты разведкі, польскае камандаванне прыняло рашэнне аб пачатку адступлення[35]. У 6:00[nb 3], па сігналу трубача, які сыграў хейнал Войска Польскага, байцы Арміі Краёвай пакінулі Івянец, накіроўваючыся да Рудні Налібоцкай. Партызаны забралі з сабой вызваленых зняволеных, дэзерціраў з беларускай паліцыі, шмат каго з польскай моладзі Івянца, што згадзіліся ўступіць добраахвотнікамі ў шэрагі атрада, і таксама 70 вазоў з разнастайнай здабычай[37][38].
На некалькі гадзін раней, конны ўзвод, выдзялены палякамі для разведкі, усталяваў кантакт з савецкімі партызанамі з брыгады імя Чкалава[39]. Камісар Іван Казак прапанаваў салдатам Арміі Краёвай правядзенне сумеснай атакі на казармы Люфтвафэ. У сувязі з магчымасцю хуткага наступлення нямецкай дапамогі, палякі адхілілі гэтую прапанову[21]. Група савецкіх партызан увайшла затым у Івянец, дзе прыступіла да апаражнення нямецкіх складоў з таварамі і абсталяваннем, якія не забралі палякі[nb 4]. Яны не здолелі выслізнуць ад пагоні немцаў, якія нанеслі ім цяжкія страты ў баі пад Пральнікамі[37].
Вынікі
[правіць | правіць зыходнік]Напад на Івянец завяршыўся поўным поспехам. У залежнасці ад крыніц, лічыцца, што польскія партызаны забілі ад 40-50[40][37] да 100[37] або нават 150[35] немцаў і іх калабарацыяністаў. Акрамя таго некалькі немцаў трапілі ў польскі палон (былі вызваленыя ў Рубяжэвічах)[40]. Былі вызвалены ўсе зняволеныя, у тым ліку некалькі яўрэяў (сярод якіх былі ўрачы)[35]. З шэрагаў беларускай дапаможнай паліцыі дэзертавала ад 100[40] да 200[35] супрацоўнікаў, якія потым далучыліся да польскага атрада. Партызаны захапілі таксама пяць аўтамабіляў (два легкавыя і тры грузавыя), дзве супрацьтанкавыя гарматы з боепрыпасамі, некалькі станковых і ручных кулямётаў, некалькі сотняў гранат, 12 тыс. патронаў, сакрэтныя ваенныя дакументы, некалькі дзясяткаў коней і галоў жывёлы, вялікія запасы медыкаментаў і прадуктаў харчавання (у тым ліку значная колькаць кансерваў, мукі, цукру і солі), некалькі каробак цыгарэт, некалькі бочак спірту, а таксама ваенныя боты і скуры[21][35]. Уласныя страты — да трох забітымі і 6-11 параненымі[31][40].
Згодна з меркаваннем асобных даследчыкаў, захоп Івянца быў адным з найбуйнейшых выступленняў у гісторыі Арміі Краёвай[41]. Мясцовае насельніцтва і разам з нім польскія гісторыкі называюць гэтую падзею «івянецкім паўстаннем». Дзякуючы прытоку сотняў добраахвотнікаў і захопу значнай колькасці зброі і боепрыпасаў Польскі партызанскі атрад быў неўзабаве павышаны да стану батальёна[42].
Поспех палякаў уразіў камандаванне савецкіх партызанаў, выклікаўшы адначасова вялікую заклапочанасць з гэтай нагоды[43]. У падпольнай газеце «Народны мсціўца» нават з’явіўся артыкул, прысвечаны івянецкай акцыі, які, як высветлілася потым, быў адзінай вытрыманай у станоўчым тоне нататкай у савецкай прэсе[25] (у сваю чаргу, артыкул у газеце «Чырвоная Звязда» прыпісаў захоп Івянца савецкім партызанам)[44].
Раніцай 20 чэрвеня, з Мінска ў Івянец прыбыло моцнае нямецкае падмацаванне. Помсцячы за паражэнне, немцы забілі каля 150 жыхароў Івянца. Шмат людзей было вывезена на прымусовыя работы. Сярод расстраляных, былі ў прыватнасці, Казімір і Люцыя Дзяржынскія, у доме якіх размяшчаўся штаб польскага атрада (нягледзячы на рэкамендацыі «Левальда» муж і жонка вырашылі не пакідаць горад)[45][46][47].
Аперацыя «Герман»
[правіць | правіць зыходнік]Звесткі аб Івянецкім паўстанні шырока пранесліся па Навагрудчыне і сур’ёзна занепакоілі нямецкае камандаванне. Акупанты вырашылі любой цаной ліквідаваць партызанскія базы ў Налібоцкай пушчы. З гэтай мэтай былі задзейнічаны сур’ёзныя сілы, у памеры да 60 тыс. салдат і паліцаяў, з падтрымкай авіяцыі, артылерыі і браніраванай тэхнікі. Супрацьпартызанскай аперацыяй, якой было прысвоена назва «Герман», асабіста кіраваў Начальнік СС і паліцыі ў Беларусі, брыгадэнфюрэр Курт фон Готберг. У яго штабе таксама знаходзіўся Эрых фон дэм Бах, спецыяльны ўпаўнаважаны Рэйхсфюрара СС па пытанням барацьбы з партызанскім рухам (Chef der Bandenbekämpfungsver bände)[48].
Аперацыя «Герман» пачалася 13 ліпеня, у той час, як першыя баі адбыліся 20 ліпеня[49][50] (таксама ўказваецца дата 15 ліпеня[51]). У адпаведнасці з прынятымі раней дамоўленасцямі, польскія і савецкія партызаны сумесна распачалі спробу ўзброенай абароны. Першапачаткова салдаты Арміі Краёвай паспяхова абаранялі гасцінец Мінск—Навагрудак, які праходзіць праз пушчу і таксама пераправу праз раку Шура. У першы дзень баёў, немцам былі нанесены вялікія страты, дасягаючыя да 50 забітых[51][52]. Аднак, на другі дзень, да свайго здзіўлення, польскае камандаванне ўбачыла, што савецкія партызаны, задачай якіх была абарона абодвух флангаў польскага батальёна, без папярэджвання пакінулі абарончыя пазіцыі[nb 5]. Пад пагрозай знішчэння батальён Арміі Краёвай быў вымушаны адступіць у мясцовасць пад назвай «Голыя балоты»[51][54]. З прычыны пагрозы акружэння і адсутнасці магчымасці працягваць адкрытую барацьбу, польскае камандаванне было вымушана падзяліць батальён на невялікія групы памерам у 20-25 чалавек, і загадаць байцам самастойна шукаць ратунку[51][55]. Блакада Налібоцкай пушчы скончылася 8 жніўня[56]. Польскі батальён панёс страты ў памеры прынамсі 40 забітых, некалькіх дзясяткаў параненых і больш за 100 зніклых без вестак[51]. Былі забіты, ў прыватнасці, два камандзіры рот[57]. Страчана амаль 60 % зброі, у тым ліку ўсе цяжкія кулямёты і мінамёты, а таксама абозы і большасць коней[58]. Савецкія атрады здолелі пазбегнуць аблаў, аднак панеслі цяжкія страты[50][59]. Ахвярай аперацыі «Герман» стала перш за ўсё беларускае і польскае грамадзянскае насельніцтва, бо жадаючы пазбавіць партызан падтрымкі, немцы стварылі паласу «выпаленай зямлі» ў радыюсе 10[60]—15[50] кіламетраў вакол лесу. Былі знішчаны 60 вёсак і нявызначаная колькасць асобных хутароў і ляснічовак, пры гэтым было забіта 4280 чалавек[61]. Ад 21 000[61] да 25 000[62] чалавек былі адпраўленыя на прымусовыя работы ў Трэці рэйх. Старых, жанчын і дзяцей высялілі за межы блакады[62].
Нягледзячы на цяжкія страты, панесеныя падчас аперацыі «Герман», польскі батальён здолеў яшчэ да канца жніўня сабрацца зноў у сваім старым лагеры ў ваколіцах Дрывежны[63]. Неўзабаве, камандаванне Навагрудскай акругі адправіла ім трох парашутыстаў, з ліку так званых ціхацёмных, дасланых з Велікабрытаніі[64]. Да канца лістапада 1943 г. колькасць салдат стаўбцоўскага батальёна вырасла да каля 400 чалавек[65].
Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Савецкае камандаванне імкнулася да таго, каб атрад Мілашэўскага не падтрымліваў адносін з польскімі кіруючымі коламі ў Варшаве і Лондане і таксама не прыймаў у свае шэрагі палякаў, якія не паходзяць з Навагрудчыны. Былі таксама запатрабаваныя гарантыі свабоднага распаўсюджвання камуністычнай прапаганды сярод салдатаў[14].
- ↑ У частцы крыніц паведамляецца, што акцыяй непасрэдна ў мястэчку кіраваў падпаручнік Вітальд Пяльчыньскі[19][21]. Аднак Каспер Мілашэўскі ўспамінаў, што Пяльчыньскі з-за траўмаў, атрыманых у выніку выбуха гранаты, вярнўся ў пушчу да пачатку атакі на Івянец[24].
- ↑ Згодна з часткай крыніц, польскія партызаны пакінулі Івянец непасрэдна перад поўднем[36][21].
- ↑ Згодна з чаткай крыніц, гэтымі партызанамі былі палякі з групы Адама Швентаржыцкага, якія супрацоўнічалі з савецкімі партызанамі[25].
- ↑ Праз нейкі час, польскія гісторыкі і ветэраны, выказалі здагадку, што савецкія партызаны мелі намер знішчыць польскі атрад нямецкімі рукамі, і з гэтай мэтай адкрылі яго флангі. З захаваўшыхся савецкіх дакументаў, аднак магчыма даведацца, што пад націскам немцаў, значная частка савецкай партызанскай групоўкі ўпала ў паніку, і разбеглася. Сведчаць аб гэтым і вялікія страты, панесеныя савецкімі партызанамі[53].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Podgóreczny, a 2010, с. 9-13.
- ↑ Boradyn 2013, с. 56-59.
- ↑ Boradyn 2013, с. 60-62.
- ↑ Podgóreczny, a 2010, с. 16.
- ↑ Podgóreczny, a 2010, с. 15-18.
- ↑ Podgóreczny, a 2010, с. 17.
- ↑ Boradyn 2013, с. 37-38 i 101.
- ↑ Podgóreczny, a 2010, с. 24.
- ↑ Pilch 2013, с. 97-98.
- ↑ Boradyn 2013, с. 97 i 101.
- ↑ Podgóreczny, a 2010, с. 25.
- ↑ Podgóreczny, a 2010, с. 25-27.
- ↑ Podgóreczny, a 2010, с. 26-28.
- ↑ Boradyn 2013, с. 101-102.
- ↑ Boradyn 2013, с. 101-103.
- ↑ Podgóreczny, a 2010, с. 27-28.
- ↑ Podgóreczny, b 2010, с. 18-19.
- ↑ а б Podgóreczny, a 2010, с. 28.
- ↑ а б в г д е Krajewski 2013, с. 32.
- ↑ а б в г д Podgóreczny, a 2010, с. 29.
- ↑ а б в г д е ё Kosowich 1978.
- ↑ Podgóreczny, a 2010, с. 12.
- ↑ а б в г д Podgóreczny, a 2010, с. 30.
- ↑ Pilch 2013, с. 99.
- ↑ а б в Boradyn 2013, с. 105.
- ↑ Podgóreczny, a 2010, с. 31.
- ↑ Podgóreczny, a 2010, с. 33.
- ↑ Podgóreczny, a 2010, с. 31-33.
- ↑ Podgóreczny, a 2010, с. 33-34.
- ↑ Podgóreczny, a 2010, с. 34-35.
- ↑ а б в Pilch 2013, с. 101.
- ↑ а б в Podgóreczny, a 2010, с. 34.
- ↑ Podgóreczny, a 2010, с. 19.
- ↑ Krajewski 2013, с. 32-33.
- ↑ а б в г д Podgóreczny, a 2010, с. 35.
- ↑ Podgóreczny, a 2010, с. 19-20.
- ↑ а б в г Krajewski 2013, с. 33.
- ↑ Podgóreczny, a 2010, с. 36.
- ↑ Podgóreczny, a 2010, с. 35-36.
- ↑ а б в г Podgóreczny, b 2010, с. 19.
- ↑ Krajewski 2013, с. 31.
- ↑ Podgóreczny, a 2010, с. 37-39.
- ↑ Boradyn 2013, с. 105-106.
- ↑ Podgóreczny, a 2010, с. 41.
- ↑ Podgóreczny, a 2010, с. 36-37.
- ↑ Pilch 2013, с. 101-102.
- ↑ Podgóreczny, b 2010, с. 20.
- ↑ Podgóreczny, a 2010, с. 41-42.
- ↑ Podgóreczny, a 2010, с. 43.
- ↑ а б в Boradyn 2013, с. 124.
- ↑ а б в г д Krajewski 2013, с. 36.
- ↑ Podgóreczny, a 2010, с. 43-44.
- ↑ Boradyn 2013, с. 54-85 і 124.
- ↑ Podgóreczny, a 2010, с. 45-48.
- ↑ Podgóreczny, a 2010, с. 48.
- ↑ Boradyn 2013, с. 84.
- ↑ Podgóreczny, a 2010, с. 48 і 52.
- ↑ Podgóreczny, a 2010, с. 52-53.
- ↑ Podgóreczny, a 2010, с. 51-52.
- ↑ Podgóreczny, a 2010, с. 53.
- ↑ а б Krajewski 2013, с. 37.
- ↑ а б Podgóreczny, a 2010, с. 52.
- ↑ Podgóreczny, a 2010, с. 53-54.
- ↑ Podgóreczny, a 2010, с. 54.
- ↑ Pilch 2013, с. 115.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Zygmunt Boradyn. Niemen rzeka niezgody. Polsko-sowiecka wojna partyzanska na Nowogródczyźnie 1943—1944. — Warsawa: Oficyna Wydawnictwa RYTM, 2013. — ISBN 978-83-7399-434-8.
- Pawieł Kosowich. W Puszczy Nalibockiej (польск.). „Tygodnik Powszechny” (1978).
- Kazimierz Krajewski Powstanie iwienieckie i zapomniane boje w Puszczy Nalibockiej(польск.) // «Biuletyn Informacyjny AK». — 2013-05. — Т. 5/2013.
- Adolf Pilch. Partyzancy trzech puszcz. — Kraków: Oficyna Wydawnicza Mireki, 2013. — ISBN 978-83-89533-92-0.
- Marian Podgóreczny. Doliniacy. — Warszawa: BMT ERDIA, 2010. — Т. I: Za Niemnem. — ISBN 978-83-930539-1-9.
- Marian Podgóreczny. Zgrupowanie Stópecko — Nalibockie AK oszcerstwa o fakty. Wyawiad z dowódcą Zgurtowania cochociemnyam mjr. Adolfem Pilchem ps. „Góra”, „Dolina”. — Sopot, 2010.