Іравадзійская раўніна
Іравадзійская раўніна размешчана ў цэнтральных і паўднёвых раёнах М'янмы, у басейне ракі Іравадзі, на паўвостраве Індакітай.
Даўжыня каля 800 км. Вышыня каля 100 м. Паверхня пераважна плоская, паніжаецца на поўдзень да Андаманскага мора, на поўначы — узгоркі, участкі бедленда. Размешчана паміж Араканскімі гарамі на захадзе і Шанскім нагор'ем на ўсходзе, у міжгорным прагіне, запоўненым марскімі і алювіяльнымі адкладамі. Радовішчы нафты, газу, каменнага вугалю. Клімат субэкватарыяльцы, мусонны. Сярэдняя тэмпература студзеня 20-23 °С, мая — больш за 30 °С. Ападкі 600-1000 мм на поўначы, больш за 2000 мм на поўдні (каля 90% ападкаў з чэрвеня да кастрычніка ў перыяд паўднёва-заходняга мусону). Характэрныя сухія саванны, мусонныя лістападныя лясы, у дэльце Іравадзі мангравыя лясы.
Іравадзійская раўніна — галоўны сельскагаспадарчы раён М'янмы, каля 2/3 тэрыторыі ўзарана (рыс, проса, пшаніца, бавоўнік). Густа населена. Найбольшыя гарады Янгон і Мандалай.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7).