Перайсці да зместу

Іспанскае Марока

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сцяг Іспанскага Марока
Карта Іспанскага Марока

Іспанскае Марока (араб. المغرب الإسباني‎‎; ісп.: Protectorado español de Marruecos) — рэгіён у паўночнай частцы Марока, які знаходзіўся ў каланіяльнай залежнасці ад Іспаніі ў 19121956 гадах. Яго агульная плошча — 20.948 км², з якіх толькі 14 % былі прыдатнымі для вядзення сельскай гаспадаркі; астатнія 86 % займаюць горы і паўпустыні. Сталіцай уладання з'яўляўся горад Тэтуан.

Выцесніўшы мусульман з Іберыйскага паўвострава да 1492 годзе, еўрапейскія дзяржавы (Іспанія і Партугалія) пераносяць Рэканкісту на Варварскі бераг (паўднёвы бераг Міжземнага мора). Крэпасць Мелілья становіцца іспанскай ужо ў 1497 годзе. Сеўту захопліваюць партугальцы, а затым перадаюць яе Іспаніі ў 1580 годзе. Іспанскімі становяцца шматлікія прыбярэжныя крэпасці (Аран, Алжыр, Танжэр).

Але суцэльную паласу сваіх уладанняў іспанцы здолелі тут стварыць толькі пасля 1912 года. Фескі мірны дагавор 1912 падзяліў Марока паміж Іспаніяй і Францыяй, якой дасталася большая частка. Пры гэтым гарады Сеўта і Мелілья не былі аднесены да Іспанскага Марока паколькі лічыліся неад'емнай часткай уласна Іспаніі. Горад Танжэр ператварыўся ў горад-дзяржаву пад міжнародным кіраваннем Лігі Нацый, хоць іспанскія войскі і акупавалі яго ў 1940 годзе пад падставай абароны горада ад італьянскіх фашыстаў.

Акрамя таго, Іспаніі належалі: Іфні, сектар Тарфая (Мыс Хубі), Заходняя Сахара і Канарскія астравы ў гэтым рэгіёне Афрыкі. Ва ўсіх кантынентальных іспанскіх уладаннях значным было мясцовае мусульманскае насельніцтва, а таму ісламская сістэма кадзі была захавана іспанцамі. Цікава, што іспанская каралева Ізабела II усяляк перашкаджала ўласна іспанскай каланізацыі рэгіёна ў канцы XIX стагоддзя, калі Марока яшчэ не быў іспанскім, але іспанскія інтарэсы тут ужо былі відавочнымі. Таму шматлікія іспанскія перасяленцы накіраваліся ў суседні Французскі Алжыр (Гл. франкаалжырцы). З-за замкнутасці мусульманак, нешматлікія мясцовыя іспанскія каланісты і ваенныя ўступалі ў сувязі з яўрэйскімі жанчынамі. Характэрна, што большасць мусульман у іспанскім рэгіёне Марока складалі не арабы, а берберы племя Рыф. У той час вельмі шматлікія былі і яўрэі, галоўным чынам нашчадкі маранаў, высланых з Іспаніі пасля заканчэння Рэканкісты. У цэлым, нават у гады іспанскага кіравання Іспанскае Марока захавала свой мусульманскі характар, хоць іспана-арабскае двухмоўе атрымала некаторае распаўсюджванне ў гарадах (асабліва Тэтуане).

Пасля атрымання незалежнасці большасць яўрэяў і хрысціян эмігравала, але і ў нашы дні 20 тыс. чалавек у рэгіёне працягваюць валодаць іспанскай мовай, хоць асноўнай другой мовай Марока ў цэлым з'яўляецца французская мова. Сеўта і Мелілья па-ранейшаму складовыя часткі Іспанскага Каралеўства з поўным распаўсюджваннем на іх усіх правоў і свабод ЕС (як і абедзве правінцыі Канарскага архіпелага). На гэтых тэрыторыях мусульманскае насельніцтва, хоць і значнае, але складае менш 40 працэнтаў пры 99%-ным валоданні іспанскай мовай як роднай (нягледзячы на рознае нацыянальна-культурнае паходжанне бацькоў).