Абсізавая кіслата
Абсізавая кіслата | |
Агульныя | |
---|---|
Сістэматычнае найменне | (2Z,4E)-5-[(1S)-1-hydroxy-2,6,6-trimethyl-4-oxocyclohex-2-en-1-yl]-3-methylpenta-2,4-dienoic acid |
Скарачэнні | АБК |
Традыцыйныя назвы | Абсізавая кіслата |
Хім. формула | C15H20O4 |
Эмпірычная формула | C15H20O4 |
Фізічныя ўласцівасці | |
Малярная маса | 264.321 г/моль |
Шчыльнасць | 1.193 г/см³ |
Тэрмічныя ўласцівасці | |
Тэмпература плаўлення | 163 °C |
Хімічныя ўласцівасці | |
pKa | 4.868 |
Класіфікацыя | |
Рэг. нумар CAS | |
PubChem | |
Рэг. нумар EINECS | 244-319-5 |
SMILES | |
Рэг. нумар EC | 244-319-5 |
RTECS | RZ2475100 |
ChemSpider |
Абсізавая кіслата (ад англ.: abscission – ападанне) — фітагармон, тэрпеноід. Упершыню была вылучана ў 1963 годзе з лісця бярозы незалежна групамі Ф. Эдыкота (ЗША) і Ф. Уорынга (Вялікабрытанія)[1]. Сустракаецца ва ўсіх вышэйшых раслінах, таксама ў хвашчоў, імхоў, папарацяў. У вышэйшых раслін прысутнічае ва ўсіх органах, яе канцэнтрацыя павялічваецца ў старым лісці, спелых пладах, у насенні і пупышках. Абсізавая кіслата ўплывае на развіццё раслін, галоўным чынам у якасці інгібітара роста. З’яўляецца антаганістам гіберэлінаў, аўксінаў і цытакінінаў. У цэлі прысутнічае ў вольнай форме альбо ў выглядзе кан’югатаў з глюкозай[2].
Фізічныя ўласцівасці
[правіць | правіць зыходнік]Хімічна чыстая абсізавая кіслата ўяўляе сабой бясколернае крышталічнае рэчыва, якое дрэнна раствараецца ў вадзе, але добра — у шчолачах, хлараформе, ацэтоне, спірце, эфіры. Тэмпература плаўлення: 163 °C.
Біясінтэз
[правіць | правіць зыходнік]Папярэднікам АБК у пластыдах з’яўляецца геранілгераніл дыфасфат. З яго сінтэзуюцца караціноіды, вытворным ад якіх з’яўляецца зеаксанцін, з якога пачынаецца біясінтэз АБК:
- Сінтэз віёлаксанціна з зеаксанціна (ферменты: зеалаксанцін-эпаксідазы)
- Сінтэз неаксанціна з віёлаксанціна (ферменты: неаксанцін-сінтазы, ізаміразы)
- Сінтэз ксантаксіна з цыс-неаксанціна (ферменты: 9-цыс-эпоксікаратціноід-дыёксігеназы)
- Сінтэз абсізавага альдэгіду з ксантаксіна (фермент: ксантаксін-дэгідрагеназа)
- Сінтэз абсізавай кіслаты з абсізавага альдэгіду (фермент: АДК-альдэгідаксідаза)
Першыя 3 стадыі праходзяць у пластыдзе, апошнія 2 — у цытазолі.
Функцыі
[правіць | правіць зыходнік]Абсізавая кіслата мае важнае значэнне ў рэгуляванні стану супакою ў раслін. Менавіта гэта рэчыва забяспечвае глыбокі супакой насення, перашкаджае яго заўчаснаму прарастанню пры паспяванні. Апрацоўка АБК насення многіх відаў раслін падаўжае ў іх стан супакою. Спрыяе АБК і падаўжэнню супакою клубняў бульбы. Абсізавая кіслата паскарае распад бялкоў, хларафілу, нуклеінавых кіслот, тым самым актыўна ўплывае на працэсы старэння расліннага арганізма, паскараючы іх, спрыяе ападанню лісця, паспяванню пладоў. Гармон АБК аказвае моцнае спыняючае рост дзеянне ў канцэнтрацыях 0,05 — 0,5 мкг/мл.
У раслінных арганізмах канцэнтрацыя АБК рэзка павялічваецца ў перыяды стрэсу, (напрыклад: мінеральнае галаданне, затапленне, засуха, ўплыў хваробатворных мікраарганізмаў[3], уздзеянне іёнаў цяжкіх металаў ды інш.). Гэта асаблівасць паслужыла падставай лічыць АБК «гармонам стрэсу»[4]. Павышэнне ўзроўню АБК пры водным дэфіцыце мае прыстасавальнае значэнне: АБК актывуе ўсмоктванне вады каранямі і выклікае хуткае зачыненне вусцейкаў, што зніжае страту вады за кошт транспірацыі. Гэта дазваляе скарыстаць АБК як антытранспірант, г. зн. рэчыва, якое зніжае выдаткаванне раслінай вады без зніжэння інтэнсіўнасці фотасінтэзу. Апырскванне раслін эфірамі АБК зніжае транспірацыю на 50 %, пры гэтым эфект захоўваецца досыць працяглы час: праз 9 дзён пасля апырсквання зніжэнне транспірацыі захоўваецца на ўзроўні 20—25 %[5].
Выяўлена таксама, што расліны, прыстасаваныя, прыкладам, да нястачы элементаў мінеральнага сілкавання, лепш пераносяць негатыўны ўплыў іншых стрэсавых фактараў. Навукоўцы звязваюць гэта з павышаным утрыманнем АБК у тканках, яна назапашваецца ў перыяд адаптацыі да стрэсу.
Такім чынам, АБК павялічвае неспецыфічную ўстойлівасць раслін да розных неспрыяльных фактараў асяроддзя.
Зноскі
- ↑ Лутова, Л. А. Генетика развития растений / под ред. Инге-Вечтомов, С. Г. — 2-е изд. — Санкт-Петербург: Н-Л, 2010. — С. 432.
- ↑ Лутова, Л. А. Генетика развития растений / под ред. Инге-Вечтомов, С. Г. — Санкт-Петербург: Наука, 2000. — С. 546.
- ↑ Мельникова, Е. В., Корытько, Л. А., Полякова, Н. В. Влияние абсцизовой кислоты на формирование некротической и хлорозной защитных реакций у растений ржи (Secale cereale L.) от ржавчинной инфекции [Text] / Е. В. Мельникова, Л. А. Корытько, Н. В. Полякова // Доклады Национальной академии наук Беларуси. — 2015. — Т. 59, N 1. — С. 102—105. — Библиогр.: с. 105 (12 назв.)
- ↑ Tuteja N. Plant Signal. Behav. 2007. Vol. 2, N. 3, P. 135—138.
- ↑ Абсцизины // Удобрения и стимуляторы роста
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Кефели В. И., Коф Э. М., Власов П. В., Кислин Е. Н. Природный ингибитор роста абсцизовая кислота. — М.: Наука, 1989. — С. 184.