Хімічная формула

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Хімі́чная фо́рмула — скарочанае пазначэнне саставу рэчыва з дапамогай сімвалаў хімічных элементаў і лікаў (пераважна цэлых, але ў выпадку нестэхіяметрычных злучэнняў яны могуць быць і дробнымі), якімі пазначаюць колькасныя суадносіны гэтых элементаў у дадзеным злучэнні. Лікі запісваюцца справа ўнізе ад знаку элемента і абазначаюць колькасць яго атамаў. Напрыклад, вада: H2O.

Хімічная формула паказвае састаў адной малекулы і колькасць атамаў кожнага элемента ў адным молі рэчыва. Калі простае рэчыва мае атамную ці металічную структуру, яго хімічная формула мае выгляд хімічнага знака элемента (напрыклад, Cu, Fe, S). Хімічная формула складанага рэчыва з атамнай ці металічнай структурай адлюстроўвае толькі суадносіны паміж элементамі (напрыклад, CuS).

У хімічных формулах ужываюцца круглыя дужкі, якія абмяжоўваюць групоўкі атамаў — іоны ці радыкалы, часам для іх ужываюцца адмысловыя абазначэнні (напрыклад, Ph для C6H5). Квадратныя дужкі ўжываюцца ў хімічных формулах для абазначэння каардынацыйнай сферы ў камплексных злучэннях (напрыклад, K3[Fe(CN)6]). З дапамогаю квадратных дужак таксама пазначаюць хімічны састаў элементарнай ячэйкі крышталічнай рашоткі. Тлустаю кропкаю пазначаюць сувязь паміж малекуламі ў крышталегідратах і ім падобных злучэннях (напрыклад, CuSO4•5H2O — лік перад формулай вады абазначае колькасць малекул).

Для больш падрабязнага адлюстравання будовы рэчыва ўжываюць структурныя хімічныя формулы. У іх атамы, пазначаныя знакамі элементаў злучаць рыскамі, якія пазначаюць хімічную сувязь. Для пазначэння характару хімічнай сувязі ўжываюцца розныя тыпы рысак. У структурнай хімічнай формуле могуць прысутнічаць дадатковыя пазначэнні электрычнага зараду атамаў, кірунку змяшчэння электроннай шчыльнасці і г. д. (гл. таксама хімічная сувязь). Акрамя таго, структурныя хімічныя формулы могуць утрымліваць інфармацыю пра прасторавае размеркаванне груповак атамаў (гл. таксама ізамерыя). Найбольшае прымяненне структурныя хімічныя формулы знайшлі ў арганічнай хіміі.

У вузкіх галінах хіміі (напрыклад, біяхімія, хімія сілікатаў) ў хімічных формулах ужываюцца дадатковыя спецыфічныя абазначэнні.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Формулы хімічныя // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 16: Трыпалі — Хвіліна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн., 2003. С. 439.