Насельніцтва Аўстраліі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Насельніцтва на 26 красавіка 2024 складае 26 916 602, па колькасці жыхароў Аўстралія 51-я ў свеце. Большасць аўстралійцаў пражывае ў гарадах на ўсходнім узбярэжжы[1]. Для Аўстраліі характэрны адзін з самых нізкіх у свеце паказчыкаў шчыльнасці насельніцтва (3,3 чал/км²).

Дэмаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Полава-ўзроставая піраміда, 2016

Летам 2018 года інфармацыйнае агенцтва АВС паведаміла, што насельніцтва Аўстраліі дасягнула 25 млн чал. У адрозненне ад большасці развітых краін свету, для Аўстраліі характэрны дадатны натуральны прырост, які ў 2018 склаў 4,7 на 1000 чалавек. Прыкладна такое ж значэнне і міграцыйнага прыросту дае агульны тэмп росту насельніцтва ў 1 % штогод. Тым не менш, і ў Аўстраліі назіраецца старэнне насельніцтва: доля дзяцей і падлеткаў да 15 гадоў складае 17,75 %, узрост сярэдняга аўстралійца — 38,8 гадоў. Для Аўстраліі характэрны адзін з найвышэйшых у свеце паказчыкаў працягласці жыцця (82,2 гады).[2]

Этнічны склад[правіць | правіць зыходнік]

Родныя краіны для сучасных перасяленцаў, 2016

Гісторыя абумовіла перавагу імігрантаў і іх нашчадкаў над карэнным насельніцтвам — у асноўным гаворка ідзе аб перасяленцах з Вялікабрытаніі і Ірландыі, а таксама імігрантах з іншых еўрапейскіх краін. У канцы ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя ў патоку мігрантаў асаблівую магутнасць набыла азіяцкая плынь, большая частка мігрантаў цяпер прыязджае з Кітая, Філіпін, Індыі. Па-за межамі Аўстраліі нарадзілася 26 % яе сённяшніх жыхароў, прычым у Вялікабрытаніі — усяго 3,9 %. Паводле перапісу 2016 года, 5,6 % жыхароў Аўстраліі маюць кітайскае паходжанне, 2,8 % — індыйскае.[3] Таксама ў Аўстраліі пражывае каля 80 тыс. рускіх, больш за 40 тыс. украінцаў, больш за 20 тыс. армян, больш за 40 тыс. латышоў, літоўцаў і эстонцаў.

Карэннае насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Абарыгены з’явіліся ў Аўстраліі 60 тыс. гадоў таму і напярэдадні прыбыцця Джэймса Кука стракатай групай плямёнаў (каля 250 моў) засялялі ўвесь кантынент. У наш час абарыгены захавалі традыцыйны лад жыцця ў Паўночнай тэрыторыі, аднак усё большая іх колькасць жыве ў гарадах. Перапіс 2016 налічыў каля 650 тыс. карэнных жыхароў, або 2,8 %, і гэта амаль удвая больш, чым на пачатку ХХІ ст. Рэч у тым, што раней абарыгены падвяргаліся дыскрымінацыі, і адносіцца да карэннай супольнасці часта было нявыгадна ў плане пошуку працы або магчымасцяў адукацыі.

Мовы[правіць | правіць зыходнік]

Паводле перапісу 2016 года, англійская мова з’яўляецца адзінай гутарковай мовай для амаль 72,7 % насельніцтва. Наступнымі найбольш распаўсюджанымі мовамі, на якіх размаўляюць дома, з’яўляюцца дзве формы кітайскай: мандарын (2,5 %) і кантонская (1,2 %), потым арабская (1,4 %), в’етнамская (1,2 %) і італьянская (1,2 %). Значная частка мігрантаў першага і другога пакалення двухмоўная.

Рэлігійны склад[правіць | правіць зыходнік]

Аўстралія — секулярызаваная краіна, аднак рэлігія ў грамадстве тут мае немалое значэнне, падчас перапісу 2016 толькі 30 % аўстралійцаў заявілі аб сваёй абыякавасці да рэлігіі. 55 % жыхароў краіны — хрысціяне (дзве пятых — каталікі, тры пятых — пратэстанты, у тым ліку англікане); па 2,5 % складаюць мусульмане і будысты, яшчэ 2 % — індуісты.

Размяшчэнне і рассяленне насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Сідней

Аўстралія адносіцца да ліку найбольш слабазаселеных краін свету, па паказчыку шчыльнасці насельніцтва (3,3 чал/км²) апярэджваючы толькі Манголію і Намібію. У адпаведнасці з картай выпадзення ападкаў, найгусцей заселеныя ўсходняе ўзбярэжжа, а таксама паўднёва-ўсходні і паўднёва-заходні куткі кантынента. Аўстралія — вельмі ўрбанізаваная нацыя: удзельная вага гарадскога насельніцтва тут дасягае 86 %. Найбуйнейшыя гарады: Сідней (5,1 млн чал.), Мельбурн (4,9 млн чал.), Брысбен (2,4 млн чал.), Перт (2 млн чал.), Адэлаіда (1,33 млн чал.), Канбера (410 тыс. чал.).[4] Для ўсіх вялікіх гарадоў характэрны рост насельніцтва ў асноўным за кошт міграцыйнага складніка. А хутчэй за ўсіх растуць Мельбурн і Брысбен.

Зноскі

  1. Population clock (англ.). Australian Bureau of Statistics website. Commonwealth of Australia. — The population estimate shown is automatically calculated daily at 00:00 UTC and is based on data obtained from the population clock on the date shown in the citation. Архівавана з першакрыніцы 25 лістапада 2012. Праверана 8 кастрычніка 2012.
  2. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/as.html Архівавана 11 лістапада 2020.
  3. https://web.archive.org/web/20170820120544/http://www.abs.gov.au/ausstats/abs@.nsf/Lookup/by+Subject/2071.0~2016~Main+Features~Cultural+Diversity+Article~20
  4. http://www.abs.gov.au/ausstats/abs@.nsf/latestProducts/3218.0Media%20Release12016-17?OpenDocument Архівавана 25 красавіка 2018.