Пачаіўская лаўра

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Манастыр
Свята-Успенская Пачаіўская лаўра
Свято-Успенська Почаївська Лавра
50°00′18″ пн. ш. 25°30′24″ у. д.HGЯO
Краіна  Украіна
Горад Пачаіў
Канфесія Праваслаўе
Епархія Цярнопальская
Тып Мужчынскі
Архітэктурны стыль барока
Першае згадванне 1527
Дата заснавання 1771
Вядомыя насельнікі прападобны Іоў Пачаіўскі, прападобны Амфілохій Пачаіўскі
Рэліквіі і святыні Пачаіўская ікона Божай Маці
Сайт pochaev.org.ua
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Свята-Успенская Пачаіўская лаўра — мужчынскі манастыр Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхата ў горадзе Пачаіў Цярнопальскай вобласці Украіны, са статусам лаўры. Самая вялікая праваслаўная святыня Валыні і ўсёй Заходняй Украіны, другая, пасля Кіева-Пячэрскай лаўры ва Украіне. Доўгі час існавала як уніяцкая базыльянская абіцель. На тэрыторыі Лаўры размешчана Пачаіўская духоўная семінарыя.

Першы праваслаўны перыяд[правіць | правіць зыходнік]

Паводле легенды XIX ст., манастыр заснавалі манахі Кіева-Пячэрскага манастыра, якія ўцяклі з Кіева з-за нападу татараў у 1240 г. Упершыню абіцель згадваецца ў дакументах у 1527 г.

Калі ў 1596 г. была абвешчана Брэсцкая царкоўная унія, манастыр рашуча выступіў супраць. У 1597 г. украінская шляхцянка Ганна Гойская падарыла манастыру цудатворны абраз Маці Божай, якую прывёз на Валынь у 1559 г. грэцкі мітрапаліт Неафіт. Росквіт манастыра звязаны з дзейнасцю ігумена Іова Пачаеўскага (1550—1651 г.), які змяніў абіцель — увёў абшчыннае жыццё манахаў, атачыў святыню агароджаю, стварыў друкарню. У 1649 г. за кошт Фёдара і Евы Дамашэўскіх быў узведзены каменны храм у манастыры. Адна са святынь — Пачаеўскі абраз Божай Маці ў 1675 г. дзякуючы малітве да гэтага абраза турэцка-татарскія заваёўнікі адступілі ад манастыра.

Уніяцкі перыяд[правіць | правіць зыходнік]

З 1713 да 1832 гг. Пачаіўскі манастыр належаў да грэка-каталіцкай царквы, да чыну святога Васіля Вялікага (васіліянскага).

Стан збудаванняў манастыра патрабаваў рэканструкцыі. Пасля шматлікіх нарад для перабудовы манастыра быў прыняты праект архітэктара з Сілезіі Яна Готфрыда Гофмана — прадстаўніка барока. 20 лютага 1771 г. Ян Готфрыд Гофман заключыў кантракт на будаўніцтва новага храма. 3 ліпеня 1771 г. быў урачыста закладзены першы краевугольны камень. У 1791 г. скончылі пабудову манастыра, 8 верасня вобраз быў урачыста ўнесены ў новую святыню 8 верасня 1773 г. епіскапам Сільвестрам Рудніцкім (пасля прызнання цудатворнай Папам рымскім Кліментам XIV) быў каранаваны абраз Маці Божай у драўлянай капліцы, збудаванай па праекце камянецкага каменданта Яна дэ Вітэ.

Перабудову храма і кляштара базыліянаў у Пачаіве аплаціў у 1771 г. Мікалай Васіль Патоцкі (як заснавальнік быў пахаваны, паводле тагачаснага звычаю, у крыпце пад храмам, злева ад галоўнага ўваходу). Таксама ён даў манастыру 200 тыс. злотых, меў у манастыры свой дом, якому завяшчаў сяло Срэбнае і ўсю ўласнаю маёмасць.

Манастыр больш за ўсё быў разбудованы, калі належаў да базыльянскага чыну. У прыватнасці, быў збудаваны галоўны храм Лаўры — Свята-Успенскі. У агульных рысах праект сабора падрыхтаваў Ян Готфрыд Гофман — яго лічаць аўтарам праекта. Далейшую працу па будаўніцтве храма ажыццяўлялі львоўскія дойліды і скульптары — браты Пётр (і Мацвей Палеёўскія, прымаў удзел архітэктар Францыск Ксаверый Кульчыцкі, пад кіраўніцтвам якога пабудавалі на працягу 1771—1783 гг. трапезную, сфармавалі пад Успенскім саборам тэрасу з парапетам. Агульная кампазіцыя комплексу — тэрасная, будынкі размешчаны на схілах з паступовым павышэннем да галоўнага акцэнту — Успенскага сабора. Галоўны фасад ўпрыгожваюць дзве вежы пад вуглом 45° да галоўнай восі, падкрэслівае ўсефасаднасць сабора — характэрную рысу ўкраінскіх цэркваў. Першасны алтар падобны на каталіцкі, з калонамі і статуямі на іх (захаваўся малюнак алтара Успенскага сабора, аўтар — Тарас Шаўчэнка, 1846 г.). У цэлым кампазіцыя з адным цэнтральным купалам на васьмерыцы і двума бакавымі вежамі падобная на кафедральную царкву ў Холме і сугучная лепшым узорам барока. Асаблівасцю Успенскага сабора з’яўляецца яго арыентацыя алтаром на поўнач, а не на ўсход.

У 1807—1810 гг. Лука Далінскі афармляў інтэр’ер Успенскай царквы: абразы для іканастаса, вялікіх і бакавых прыдзелаў, роспісы «цудаў Хрыстовых» на пілястрах, насценны жывапіс, звязаны з гісторыяй манастыра (заменены па ўказанні цара Аляксандра II у 1861 г.).

Падчас паўстання 1830—1831 гг. манахі добразычліва паставіліся да паўстанцаў: дапамаглі правіянтам, коньмі, фуражом, грашыма; 9 манахаў-васіліян, 45 манастырскіх падданых далучыліся да паўстанцкага войска. Адным з ігуменаў у гэты перыяд быў Геранім (Дунаеўскі).

Сіналальны перыяд[правіць | правіць зыходнік]

25 кастрычніка 1831 г. царскім урадам Расійскай імперыі манастыр быў перададзены праваслаўнаму духавенству (у манастыры размясцілася кафедра Валынскай праваслаўнай епархіі). У 1833 г. манастыр атрымаў статус лаўры з прысваеннем чацвёртага месца ў ліку існуючых у Расійскай імперыі. У Сінадальны перыяд свяшчэннаархімандрытамі Пачаіўскай Лаўры былі валынскія, а ў 1840-1860-х гг. — варшаўскія праваслаўныя архірэі. У пачатку 1840-х гг. Лаўра была месцазнаходжаннем Астрожскага вікарыя.

У саборным храме Успення Божай Маці былі зробленыя дзве бакавыя прыбудовы: адна ў 1842 г. у імя святога Мікалая Цудатворца, іншая ў 1859 г. у гонар святога Аляксандра Неўскага. Над царскімі варотамі ў Зорным ківоце змясцілі цудатворны Пачаіўскі абраз Божай Маці. У пячорным храме Святой Тройцы ў срэбнай рацы, аздобленай у 1842 г. графіняй Ганнай Аляксееўнай Арловай-Чэсменскай, спачывалі мошчы прападобнага Іоа Пачаіўскага. Пры лаўры была іканапісная майстэрня, школа для навучання розным рамёствам, тры гасцініцы, бальніца для паломнікаў.

Манастыр стаў апорай русіфікацыі рэгіёну, пасля ўказа Мікалая II у 1905 г. — цэнтрам дзейнасці чарнасоценцаў. У прыватнасці, тут друкавалі антыўкраінскі «Пачаеўскі лісток» — выданне Саюза рускага народа.