Актава (літаратура)
Appearance
Акта́ва (лац.: octo — восем) — васьмірадковы верш, радкі якога часцей за ўсё пішуцца пяцістопным або шасцістопным ямбам і рыфмуюцца па схеме АбАбАбвв. У першых шасці радках павінна вытрымлівацца чаргаванне розных па націску рыфмаў (мужчынскіх і жаночых, мужчынскіх і дактылічных і г. д.), завяршаюць жа актаву два радкі, звязаныя сумежнай рыфмоўкай. Актава ўзнікла ў італьянскай народнай паэзіі, а ў эпоху Адраджэння распаўсюдзілася ў многіх еўрапейскіх літаратурах. Актавы пісалі італьянцы Бакачыо і Таса, англійскі паэт Байран, паляк Ю. Славацкі і многія іншыя. У беларускую паэзію актаву ўвёў Я. Купала («Спроба актавы», 1906):
- Удар, душа, удар ты, сэрца,
- Па струнах думак-весялух!
- Збудзіце ўспаны ў паняверцы
- Жыцця змянлівага мой дух.
- Хай думкі лягуць на паперцы
- І цешаць братні погляд, слух,
- Народу прыйдзе хай пара
- Успомніць часам песняра!
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн.. — Мінск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2 000 экз. — ISBN 985-08-0598-6.
- Рагойша В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1 000 экз. — ISBN 985-11-0197-4.