Перайсці да зместу

Анджэй Тшабіньскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Анджэй Тшабіньскі
Andrzej Trzebiński
Асабістыя звесткі
Псеўданімы Станіслаў Ломень, Анджэй Яраціньскі
Дата нараджэння 27 студзеня 1922(1922-01-27)[1][2]
Месца нараджэння
Дата смерці 12 лістапада 1943(1943-11-12)[1][2] (21 год)
Месца смерці
Грамадзянства Сцяг Польшчы Польшча
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык
Гады творчасці 1940—1943
Мова твораў польская
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Анджэй Тшабіньскі (польск.: Andrzej Trzebiński; 27 студзеня 1922, Радгашч, Польшча — 12 лістапада 1943, Варшава) — польскі паэт, драматург, літаратурны крытык і публіцыст з пакалення Калумбаў.

Скончыў гімназію імя Тадэвуша Чацкага, у 1940 годзе распачаў навучанне ў падпольным Варшаўскім універсітэце, дзе вывучаў славістыку і польскую філалогію. Прафесара Станіслава Адамчэўскага, які зрабіў на яго вялікі ўплыў, называў сваім першым настаўнікам. Як і многія яго аднагодкі, спалучаў навучанне з працай (пілавальніка на чыгунцы) і канспірацыйнай дзейнасцю. Ад 1942 года быў звязаны з Канфедэрацыяй народа — польскай падпольнай ваенна-палітычнай арганізацыяй, што дзейнічала ў 1940—1943 гг.

У падполлі перадусім быў заняты арганізацыяй літаратурнага руху. Браў удзел у выданні часопіса «Мастацтва і народ» (Sztuka i Naród) ад пачатку яго заснавання. Напісаў значную колькасць праграмных артыкулаў, у якіх фармуляваў задачы літаратуры і месца ў ёй новага пакалення творцаў ва ўмовах акупацыі. У пачатку чэрвеня 1943 года стаў галоўным рэдактарам гэтага часопіса, заняўшы месца свайго найбліжэйшага сябра Вацлава Баярскага, смяротна параненага падчас ускладання вянка на магілу Мікалая Каперніка — акцыі пратэсту супраць святкавання немцамі 400-гадовага юбілею вучонага як прыналежнага да нямецкай нацыі. Быў галоўным рэдактарам «Мастацтва і народа» да свайго арышту 6 лістапада 1943.

Тшэбіньскі — заснавальнік і першы кіраўнік «Культурніцкага руху» (Ruch Kulturowy), які пастуляваў адсутнасць падзелу на партыі і арганізацыі. Тшэбіньскі быў адным з суаўтараў маніфесту «Руху», які пабачыў свет у № 14-15 «Мастацтва і народа» — у снежні 1944 года, праз год пасля смерці паэта.

Як рэдактара «Мастацтва і народа» Тшэбіньскага доўга расшуквалі немцы, але арыштавалі яго не ў сувязі з канспірацыйнай дзейнасцю, а за «незаконныя» абеды ў фабрычнай сталоўцы пад імем Анджэя Яраціньскага, на якія ён не меў права, бо не працаваў на фабрыцы. Свайго сапраўднага імені Тшэбіньскі не назваў і быў расстраляны ў вулічнай расправе на рагу варшаўскіх вуліц Варэцкая і Новы Свят.

Анджэю Тшэбіньскаму прысвечаны мемуарны аповед Тадэвуша Бароўскага «Партрэт сябра» з цыклу «Экзамен на Гандлёвай».

Большасць твораў са спадчыны Тшэбіньскага згарэла падчас Варшаўскага паўстання, ацалела ўсяго каля 400 старонак. Гэта вершы, драматычны гратэск «Каб падняць ружу» (у якой аўтар рэалізаваў сваю канцэпцыю драмы, выкладзеную ў артыкуле «Лабараторыя драмы»), фрагменты няскончанай повесці «Кветкі з забароненых дрэваў», публіцыстычныя артыкулы і дзённік.

Зноскі

  1. а б Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  2. а б Andrzej Trzebiński // SNAC — 2010. Праверана 9 кастрычніка 2017.