Арцём Уладзіміравіч Такарчук
Арцём Уладзіміравіч Такарчук | |
---|---|
Род дзейнасці | архітэктар, дызайнер інтэр’ераў, палітычны вязень |
Дата нараджэння | 20 жніўня 1986 (38 гадоў) |
Грамадзянства | |
Альма-матар | |
Сайт | tokarchuk.by |
Арцём Уладзіміравіч Такарчук (нар. 20 жніўня 1986) — беларускі архітэктар, палітычны зняволены, абвінавачаны і асуджаны падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]З 2002 па 2006 навучаўся ў Мінскім архітэктурна-будаўнічым каледжы, з 2014 года — у Маскоўскім тэхналагічным універсітэце. Як архітэктар займаўся распрацоўкай праектаў для прыватных і грамадскіх месцаў, падтрымліваў уласны блог па тэме архітэктуры і дызайну. Удзельнічаў ў нацыянальных і міжнародных конкурсах, мае грамату міністра інфармацыі за праект будынка Белтэлерадыёкампаніі.
У 2019 годзе выступаў як эксперт па гарадскому будаўніцтву на канале АНТ.
Палітычны пераслед
[правіць | правіць зыходнік]Першы раз Арцём Такарчук быў затрыманы 13 верасня 2020 на так званым «Маршы герояў» (агулам тады было затрымана больш за 700 чалавек), ён быў збіты пры затрыманні, дастаўлены ў бальніцу, дзе яму наклалі швы на галаву, пасля чаго адпусцілі[1].
Праз два дні, 15 верасня, яго зноў затрымалі, але ўжо ў межах крымінальнай справы. Пазней на судзе Такарчук распавёў падрабязнасці свайго затрымання: следчы праз тэлефон запрасіў яго ў РУУС, дзе яго затрымалі, пасля закінулі ў мікрааўтобус, селі на яго зверху, збівалі па галаве, руках, нагах. Пасля гэтага ён падпісаў пратакол допыту, дзе прызнаў, што штурхаў вайскоўца. Толькі пасля гэтага ён быў дастаўлены ў бальніцу хуткай дапамогі, дзе яму дыягнаставалі страсенне мозгу, закрытую чэрапна-мазгавую траўму, шматлікія ўдары грудной клеткі, падскурныя гематомы ў вобласці спіны і пляча, удары правага і левага сцягна, а таксама множныя гематомы па целе (адпаведная даведка з бальніцы была далучана да яго справы). Нягледзячы на гэта, ён не быў вызвалены, і ўжо ў лістападзе пачаўся судовы разгляд яго справы, дзе яго абвінавачвалі па арт. 363 Крымінальнага кодэкса (Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак). Пракурор Арцём Цвяткоў абгрунтаваў абвінавачванне тым, што на маршы 13 верасня ён аказаў супраціў салдату тэрміновай службы Максіму Чарнякову: «нанёс не менш аднаго ўдару па тулаве пацярпелага, чым прычыніў Чэрнякову цялесныя пашкоджанні: крывападцёкі ў вобласці левага локцевага сустава, сінякоў левага сцягна, сінякоў левай падуздышнай косткі, якія не пацягнулі кароткачасовага расстройства здароўя і страты працаздольнасці, прычыніўшы фізічны боль». Такарчук папрасіў прабачэння ў Чарнякова, сцвярджаў, што спрабаваў адцягнуць ужо ўпалага Чарнякова ўбок, каб той не атрымаў траўм падчас штурханіны, якая адбывалася пры затрыманні людзей, таксама звярнуў увагу, што пералічаныя траўмы не маглі атрымацца ў выніку аднаго штуршка. Чарнякоў па медыцынскую дапамогу пасля здарэння не звяртаўся, што яго біў ці штурхаў Такарчук пацвердзіць не змог, таксама папрасіў суд не пазбаўляць Такарчука волі, ад іскавых патрабаванняў адмовіўся[2].
20 лістапада ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска суддзя Юлія Густыр[3] прызнала Такарчука вінаватым і вынесла прысуд у тры з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму (менавіта такое пакаранне запрасіў раней пракурор Цвяткоў)[2].
27 студзеня 2021 шэрагам беларускіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтр і Беларуская асацыяцыя журналістаў Арцём Такарчук быў прызнаны палітычным зняволеным: «маніторынг гэтых судовых пасяджэнняў паказаў, што суды выносяць непрапарцыйна жорсткія (неадэкватныя) правапарушэнню, у якім абвінавачваюцца асобы, прысуды ў параўнанні з прысудамі, якія выносіліся па такім жа катэгорыям справаў па-за палітычным кантэкстам…засведчыў і іншыя парушэнні прынцыпаў справядлівага судовага разбіральніцтва: парушэнні прэзумпцыі невінаватасці, роўнасці перад судом і інш.»[4].
16 сакавіка сімвалічнай «хроснай» Арцёма Такарчука стала дэпутатка Нацыянальнай рады Аўстрыі Элізабэт Гётцэ[5][6].
Прысуд Такарчук адбывае ў папраўчай калоніі № 15 у Магілёве.
Зноскі
- ↑ Спіс затрыманых у Беларусі 13 верасня. Абнаўляецца (бел.)
- ↑ а б Мінскага архітэктара пакаралі 3,5 гадамі калоніі за супраціў салдату на «Маршы герояў» (бел.)
- ↑ Густырь Юлия Чеславовна (руск.)
- ↑ Патрабуем неадкладнага перагляду прысудаў і вызвалення 31 палітычнага зняволенага (бел.)
- ↑ Members of Parliament from Austria and Ireland take over godparenthood for Yauhen Kalinouski, Maksim Zinevich and Artsiom Takarchuk (англ.)
- ↑ Яшчэ дзевяць еўрапейскіх парламентарыяў сталі «хроснымі» беларускім палітвязням (бел.)