Перайсці да зместу

Аршанскі стадыял

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Арша́нскі стадыя́л (ад г. Орша) — максімальны стадыял апошняга паазерскага зледзянення на Беларусі. Адбыўся 17,7—17 тысяч гадоў назад у час найбольшага развіцця ледавіковага покрыва, граніцы якога супадалі з паўднёвай мяжой Беларускага Паазер'я. Кліматычныя ўмовы былі самыя суровыя за ўсё зледзяненне. У краявой зоне сфарміраваліся марэнныя, водна-ледавіковыя, лёсападобныя і інш. адклады. Канцавыя марэнныя ўзвышшы (складзены пераважна з пясчана-жвіровага матэрыялу) цягнуцца ад Оршы на захад да возера Сялява, гарадоў Лепель, Докшыцы і возера Нарач. На рэках басейна Дняпра і Нёмана утварыліся другія надпоймавыя тэрасы. Сфарміраваліся асноўныя рысы сучаснага рэльефу паўднёвага Паазер'я. На поўдзень ад мяжы аршанскага стадыялу намнажаліся покрыўныя лёсападобныя адклады (на Аршанска-Магілёўскай раўніне, Навагрудскім узвышшы і Мазырскай градзе).