Шматгадовая густадзярністая расліна вышынёй 10—20 см. Лісце шырынёй 1—2 мм, тонкае, плоскае, у 2—3 разы карацей за сцябло. Верхні каласок тычынкавы, белаваты, лінейны, даўжынёй 0,5—1 см; бакавыя — песцікавыя, у колькасці 2—5, малакветкавыя, рыхлыя, амаль лінейныя, даўжынёй 1—1,5 см, на доўгіх ніткападобных ножках, панікаюць. Ніжні прыкветкавы ліст з доўгай похвай, карацейшы за суквецце. Лускавінкі песцікавых каласкоў бледна-бурыя або бледна-зялёныя з шырокімі белымі перапончатымі краямі. Мяшочкі ўздутыя, акруглыя, зеленавата-бурыя, са слаба шурпатым, радзей гладкім носікам.
Галарктычны рэліктавы від. Пашырэнне: Скандынавія, Сярэдняя і Атлантычная Еўропа, Міжземнамор’е, паўночныя і заходнія раёны Усходняй Еўропы, Каўказ, Сібір, Далёкі Усход, Паўночная Амерыка. У Беларусі сустракаецца на паўднёва-ўсходняй мяжы пашырэння ў асобных лакалітэтах і астраўных участках росту. Месцы росту: сырыя і вільготныя лугі, берагі рэк і ручаёў, ускрайкі нізінных і пераходных балот.
Расце невялікімі, часам буйнымі і вельмі буйнымі (да 30—50 м у дыяметры) групамі. Цвіце ў траўні—чэрвені, пладаносіць у жніўні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.