Міжземнамор’е
Міжземнамо́р’е — міжкантынентальны рэгіён, у склад якога ўваходзяць Міжземнае мора, яго астравы і ўзбярэжныя рэгіёны Паўднёвай Еўропы, Пярэдняй Азіі і Паўночнай Афрыкі. Геаграфічнай своеасаблівасцю Міжземнамор’я з’яўляецца тое, што яго тэрыторыя ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі ляжыць на трох кантынентах. Краіны, тэрыторыя якіх з’яўляецца часткай рэгіёна, называюць краінамі Міжземнамор’я. Тэрыторыі большай часткі краін Міжземнамор’я, такіх як Францыя, Турцыя або краін Паўночнай Афрыкі, толькі часткова ўваходзяць у склад рэгіёна. Паводле культурных і кліматычных асаблівасцей да Міжземнамор’я таксама далучаюць і Партугалію, нягледзячы на тое што краіна не мае выхаду да Міжземнага мора.
Абмежаванне Міжземнамор’я ажыццяўляецца пераважна паводле кліматалагічных і культурных крытэрыяў, але таксама на фізіка-геаграфічнай і палітычнай выснове, што часткова ўзаемаабумоўлена. Агульнапрынятым крытэрыем у вызначэннні межаў міжземнаморскага рэгіёна з’яўляюцца натуральная і патэнцыяльныя тэрыторыі пашырэння аліўкавага дрэва, так званая мяжа аліўкавага дрэва. Паводле апошняй характэрыстыкі, межы Міжземнамор’я вызначаюцца межамі пашырэння міжземнаморскага клімата. Аднак з той нагоды, што, па-першае, аліўкавае дрэва не заўсёды распаўсюджана на тэрыторыях з тыповым міжземнаморскім кліматам (напр., у гарыстых мясцінах), па-другое, таму, што некаторыя ўзбярэжныя рэгіёны Міжземнамор’я знаходзяцца ў іншых кліматычных зонах, паняццем Міжземнамор’е звычайна акрэсліваюць некалькі больш значны геаграфічны рэгіён. Акрамя гэтага, згодна агульнапрынятаму меркаванню, некаторыя рэгіёны з яскрава вызначаным міжземнаморскім кліматам, але значнай геаграфічнай адлегласцю да Міжземнага мора, да Міжземнамор’я не адносяць. У лік апошніх уваходзяць, напрыклад, узбярэжныя рэгіёны Чорнага мора і высакагорныя раёны горнага масіва Заграс у Іране.
Агульная плошча Міжземнамор’я складае каля 3.85 млн км², з якіх каля 1.35 млн км² прыходзяцца на сушу, астатнюю плошчу ў 2.5 млн км² пакрывае Міжземнае мора. Самы паўночны пункт ляжыць ля падножжа Альпаў у Венецыі, самы крайні пункт на захадзе — Каба да Рока непадалёку ад Лісабона. На ўсходзе і поўдні межы раёна праходзяць па ўскрайку (пераходных зонах) Сірыйскай пустыні ці Сахары, пры гэтым межы на поўдні дастаткова адвольныя, таму што зоны пустыннага клімату ў некаторых мясцінах падступаюць да самага ўзбярэжжа (напр., каля Порт-Саіда на поўначы Сінайскага паўвострава).
Тэрыторыя Міжземнамор’я ляжыць на трох кантынентах: у Еўропе, Афрыцы і Азіі. У склад еўрапейскай часткі ўваходзяць (цалкам або часткова) Партугалія, Іспанія, Францыя, Італія, Славенія, Харватыя, Боснія і Герцагавіна, Чарнагорыя, Албанія, Грэцыя і еўрапейская чатка Турцыі, а таксама карлікавыя краіны Андора, Манака, Сан-Марына, Ватыкан і Мальта. Азіяцкая частка ляжыць на тэрыторыі азіяцкай часткі Турцыі, Сірыі, Лівіі, Ізраіля, Палестынскага аўтаномнага раёна і Іарданіі, а таксама вострава Кіпр.