Бесправадны пункт доступу
Бесправадны пункт доступу (англ.: wireless access point, WAP) — гэта бесправадная базавая станцыя, прызначаная для забеспячэння бесправаднога доступу да сеткі (бесправадной ці правадной), якая ўжо існуе, або стварэння новай бесправадной сеткі.
Уводзіны
[правіць | правіць зыходнік]Аб'яднанне камп'ютараў у правадную сетку звычайна патрабуе пракладкі мноства кабеляў праз сцены і столі. Таксама правадныя сеткі накладваюць пэўныя абмежаванні на размяшчэнне прылад у прасторы. Гэтых недахопаў пазбаўлены бесправадныя сеткі: можна дадаваць камп'ютары і іншыя бесправадныя прылады з мінімальнымі фізічнымі, часавымі і матэрыяльнымі выдаткамі. Для перадачы інфармацыі бесправадныя пункты доступу выкарыстоўваюць радыёхвалі са спектру частот, што вызначаны стандартам IEEE 802.11.
Выкарыстанне
[правіць | правіць зыходнік]Часцей за ўсё бесправадныя пункты доступу выкарыстоўваюцца для забеспячэння доступу мабільным прыладам (ноўтбукі, прынтары і т. д.) да стацыянарнай лакальнай сеткі.
Таксама бесправадныя пункты доступу часта выкарыстоўваюцца для стварэння так званых «Хот-спотаў» — абласцей, у межах якіх кліенту даецца, як правіла, бясплатны доступ да сеткі Інтэрнэт. Звычайна такія пункты знаходзяцца ў бібліятэках, аэрапортах, вулічных кавярнях буйных гарадоў.
У апошні час назіраецца павышэнне цікавасці да бесправадных пунктаў доступу пры стварэнні хатніх сетак. Для стварэння такой сеткі ў межах адной кватэры дастаткова аднаго пункту доступу. Магчыма, гэтага будзе дастаткова для ўключэння ў сетку і суседзяў прылеглых кватэр. Для ўключэння ў сетку кватэры праз адну, пэўна, спатрэбіцца яшчэ адзін пункт доступу, які будзе служыць рэтранслятарам сігналу, аслабелага з прычыны праходжання праз апорную сцяну.
Канструкцыя
[правіць | правіць зыходнік]Гэта прылада шмат у чым аналагічная кліенцкаму адаптару. Як і апошні, яна складаецца з прыёмаперадатчыка і інтэграванага інтэрфейснага чыпа, але мае большую колькасць інтэлектуальных функцый і больш складаную электроніку.
Канструкцыйна пункты доступу могуць быць выкананы як для вонкавага выкарыстання (абаронены ад уздзеянняў навакольнага асяроддзя варыянт), так і для выкарыстання ўнутры адміністрацыйных і жылых памяшканняў. Таксама існуюць прылады, прызначаныя для прамысловага выкарыстання, якія ўлічваюць спецыфіку вытворчасці.
Што да функцыянальнасці, у розных пунктаў доступу яна можа істотна адрознівацца, часам даючы сродкі дыягностыкі і кантролю сеткі, дыстанцыйнай налады і ліквідацыі няспраўнасцяў. Акрамя таго, у апошні час з'явіліся пункты доступу, якія дазваляюць ажыццяўляць шматкарыстальніцкі абмен файламі (іх трансляцыю), абыходзячы сервер.
На канец 2009 можна казаць пра рост папулярнасці камбінаваных прылад, што інтэгруюць у сабе функцыі ўласна бесправаднога сеткавага адаптара (платы, карты, кантролера), маршрутызатара і, напрыклад, кабельнага мадэма.
Ужыванне
[правіць | правіць зыходнік]Пункты доступу прызваны выконваць самыя разнастайныя функцыі, як для злучэння групы камп'ютараў (кожны з бесправадным сеткавым адаптарам) у самастойныя сеткі (рэжым Ad-hoc), так і для выканання функцыі моста паміж бесправаднымі і кабельнымі ўчасткамі сеткі (рэжым Infrastructure).
Для рэжыму Ad-hoc максімальна магчымая колькасць станцый — 256. У Infrastructure-рэжыме дапушчальна да 2048 бесправадных вузлоў.
Варта ўлічваць, што пункт доступу — гэта звычайны канцэнтратар. Пры некалькіх падключэннях да аднаго пункту паласа прапускання падзяляецца на колькасць падключаных карыстальнікаў. Тэарэтычна абмежаванняў на колькасць падключэнняў няма, але на практыцы варта дадаць абмежаванне, зыходзячы з мінімальна неабходнай хуткасці перадачы даных для кожнага карыстальніка.
З дапамогай пункта доступу можна лёгка арганізаваць роўмінг пры перамяшчэнні мабільнага камп'ютара карыстальніка ў зоне большай, чым зона ахопу аднаго пункта доступу, арганізаваўшы «соты» з некалькіх пунктаў доступу і забяспечыўшы перакрыцце іх зон дзеяння. У гэтым выпадку неабходна забяспечыць, каб у меркаванай зоне перамяшчэння мабільнага карыстальніка ўсе пункты доступу і мабільныя камп'ютары мелі аднолькавыя налады (нумары каналаў, ідэнтыфікатары і інш.).
Прыклад ужывання
[правіць | правіць зыходнік]Калі вам патрабуецца не толькі аб'яднаць камп'ютары ў бесправодную сетку, але і злучыць гэты сегмент сеткі з правадным, то самы просты спосаб — усталёўка так званага «пункта доступу». Пры выкарыстанні пункта доступу вы фактычна маеце вылучанае сеткавае прыстасаванне, праца якога не залежыць ні ад загружанасці іншых ПК, ні ад іх канфігурацыі, што з'яўляецца бясспрэчным плюсам. Вам не прыйдзецца наладжваць складанае праграмнае забеспячэнне або асцерагацца, што камп'ютар акажацца ў чарговы раз выключаным, а неабходная служба не будзе запушчана.
Узмацненне Wi-Fi
[правіць | правіць зыходнік]Рэпітар Wi-Fi — гэта ўзмацняльнік Wi-Fi, які працуе па прынцыпе рэтранслятара сігналу. Рэпітар дазваляе пашырыць існую сетку бесправоднага доступу. Ён прымае сігнал Wi-Fi і перадае яго далей.
Стандарты
[правіць | правіць зыходнік]Самымі папулярнымі стандартамі для пунктаў доступу з'яўляюцца Wi-Fi (IEEE 802.11) і Bluetooth. У тэхналогіі Bluetooth існуе адмысловы профіль PAN (Personal Area Network) для гэтых мэт.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- "Белтэлекам" у 2015 годзе плануе павялічыць колькасць пунктаў доступу Wi-Fi да 300 тыс.(недаступная спасылка)