Бухарэсцкая архідыяцэзія
Бухарэсцкая архідыяцэзія | |
---|---|
лац.: Archidioecesis Bucarestiensis | |
Лацінскі абрад | |
Галоўны горад | Бухарэст |
Краіна | Румынія |
Дата заснавання | 1883 |
Кафедральны сабор | Сабор Святога Іосіфа |
Дыяцэзіі-суфраганы | Яская, Арадзьская, Сату-Марская, Тымішаарская |
Парафій | 83 |
Іерарх | Іаан Робу |
Плошча дыяцэзіі | 91 120 км² |
Насельніцтва дыяцэзіі | 9 779 000 чал. |
Колькасць каталікоў | 92 050 |
Доля каталікоў | 0,9 % |
Афіцыйны сайт | arcb.ro |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Бухарэсцкая архідыяцэзія (лац.: Archidioecesis Bucarestiensis, рум.: Arhidieceza de București) — каталіцкая архідыяцэзія лацінскага абраду з цэнтрам у горадзе Бухарэст, Румынія.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Бухарэсцкая архідыяцэзія ўтворана 27 красавіка 1883 года[1] праз два гады пасля ўтварэння незалежнага каралеўства Румынія. Архідыяцэзія не з'яўлялася мітраполіяй, ёй не былі падпарадкаваны ніякія суфраганныя дыяцэзіі. Яе папярэднікам быў апостальскі вікарыят Валахіі, які да 1883 года аб'ядноўваў каталіцкія парафіі поўдня сучаснай Румыніі, колькасць якіх у XIX стагоддзі значна павялічылася.
Пасля заканчэння Першай сусветнай вайны да Румыніі адышла Трансільванія і іншыя тэрыторыі са значным венгерскім насельніцтвам. Арадзьская (былая Варадская), Сату-Марская (былая Сатмарская) і Тымішаарская (былы Тэмешварская) каталіцкія дыяцэзіі, дзе пераважную большасць каталікоў складалі этнічныя венгры, працягвалі падпарадкоўвацца Калацкай мітраполіі на тэрыторыі Венгрыі да 1930 года, калі Бухарэсцкая архідыяцэзія была ўзведзена ў ранг мітраполіі. Бухарэсту былі перападпарадкаваны тры вышэйпералічаныя дыяцэзіі, а таксама Яская дыяцэзія.
Сучасны стан
[правіць | правіць зыходнік]Бухарэсцкая архідыяцэзія служыць мітраполіяй для чатырох суфраганных дыяцэзій — Яскай, Арадзьскай, Сату-Марскай і Тымішаарскай. Адзінай незалежнай ад Бухарэста структурай лацінскага абраду на тэрыторыі Румыніі з'яўляецца Алба-Юлійская архідыяцэзія, непасрэдна падпарадкаваная Святому Прастолу. З 1990 года архідыяцэзію ўзначальвае Іаан Робу. Кафедральны сабор дыяцэзіі — Сабор Святога Іосіфа. Паводле даных на 2012 год дыяцэзія налічвала 92 050 вернікаў, 83 парафій і 120 святароў[1].