Перайсці да зместу

Бітва пад Коркгаўзам (1298)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Бітва пад Коркгаўзам (на Трайдэні; 1298) — бітва ў Лівоніі паблізу Коркгаўза (сучасная Латвія), каля вытокаў Трэйдэна (Аа), у якой саюзнае войска Рыгі і ВКЛ пад камандаваннем вялікага князя Віценя ўзяло значную перамогу над войскам Інфлянцкага ордэна пад камандаваннем ландмайстра Бруна.

8-я з бітваў паміж Лівонскім ордэнам і сіламі Рыгі, рыжскага архіепіскапа і ВКЛ у час рыжска-ордэнскага канфлікту канца 13 ст.[1] Сілы бакоў вядомыя мала.

У сакавіку 1298 года гросмайстар Лівонскага ордэна ўзяў два замкі, што належалі архіепіскапу, Трайдэн і Кокенхузен, і зняволіў архіепіскапа ў Трайдэне; пазней таго перавялі ў Фелін. Каля Ноймюля Ордэн збудаваў моцную крэпасць з кідальнымі машынамі, з дапамогай якіх намерваўся перакрыць суднаходства па Дзвіне. Тады рыжскае войска, злучанае з прысланымі Віценем атрадамі літоўцаў і русінаў, заняло і разбурыла і спаліла ўмацаванні і машыны (2 красавіка 1298), па чым вярнулася ў Рыгу.[2]

На Сёмуху (25 мая) рыжскае войска, злучанае з войскам архіепіскапа і літоўскім атрадам[3] пад камандаваннем Віценя, перайшло Трэйдэн (Аа) і спустошыла тамтэйшыя ордэнскія ўладанні, забіваючы шмат людзей і беручы вялікі палон[1]; быў узяты і спалены ордэнскі замак Каркус-Коркгаўз[4], які абаранялі некалькі рыцараў Ордэна і малалікі гарнізон; загінулі ці былі забіты 4 рыцары і ўсе простыя воіны[5]. Нямецкія хронікі падкрэсліваюць шырокі абшар і бязлітаснасць спусташэнняў, якія чыніла літоўскае войска ў Лівоніі: пажары, апаганьванні цэркваў, забойствы святароў і пад.

На зваротнай дарозе (1 чэрвеня) саюзнае войска было нагнана і атакавана атрадам ландмайстра Бруна каля вытокаў Трэйдэна (Аа).[2]

У першым сутыкненні загінула 800 літоўцаў, і перамога хілілася на бок Ордэна; былі адбіты 3 тыс. палону. Аднак разгневаны Віцень загадаў новую атаку, у якой на дапамогу літоўцам прыйшло рыжскае войска; супраціўленне рыцараў было зломлена і літоўцы ўзялі вялікую перамогу. Загінула 1,5 тыс. крыжацкага войска, 22 ордэнскія рыцары (у некат. крыніцах — 60) і сам Бруна.[1][6] Пасля перамогі літоўскае войска ўчыніла новыя рабункі і гвалты ў наваколлі — калі перад тым страты Ордэна ацэньваліся як 10 тыс. сярэбраных марак, а пасля бітвы яны ацэньваліся ўжо як 20 тыс.[7]. Саюзнікі працягвалі развіваць свой поспех, але ў канцы чэрвеня былі разгромленыя пад Ноймюлем.

Зноскі

  1. а б в Рагальскі, С.392,393;
  2. а б Хранаграфія…, С.91,92 на падставе Comm. S. 130, 131. (Script. rer Pruss. I, p. 163, 283, 284.).
  3. У ранейшай нямецкай гістарыяграфіі — «незлічонае мноства» літоўцаў. Гісторыя Прусіі…, С.141.
  4. Каля р. Трэйдэн (Аа), на паўночным усходзе ад Рыгі, пазней — у прыбярэжным павеце Вік (Wieck) у Эстоніі. У розных крыніцах замак называецца па-рознаму: Karkus, Karkhus (хроніка Дзюнамюндэ), Karthus (у самбійскага каноніка), Carthusen (хроніка Прускай зямлі).
  5. Гісторыя Прусіі, С.141—143.
  6. СРП, С.163.
  7. Гісторыя Прусіі, С.142.
  • Russisch-Liwlandische Chronographie. Von der Mitte der Neunten Jahrhunderts bis zum Jahre 1410. — St.Petersburg, 1862.
  • L. Rogalski. Dzieje Krzyżaków oraz ich stosunki z Polską, Litwą i Prussami. T. 1. — Warszawa, 1846.
  • Scriptores rerum Prussicarum / herausg. von Theodore Hirsch, Max Toeppen, Ernst Strehlke. 1ter Band. — Leipzig, 1861.
  • (Гісторыя Прусіі) J. Voigt. Geschichte Preussens, von den ältesten Zeiten zum Untergange der Herrschaft des Deutschen Ordens. 4ter Band.— Königsberg, 1830.