Вулічнае асвятленне
Вулічнае асвятленне ці вонкавае асвятленне — комплекс сродкаў, прызначаных для штучнага асвятлення вулічна-дарожнай сеткі, жылых кварталаў і мікрараёнаў, паркаў, ці тэрыторый любых іншых аб'ектаў праз або з дапамогай пераўтварэння электрычнай энергіі ў светлавую.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Самыя першыя вулічныя ліхтары з'явіліся ў пачатку XV стагоддзя. Па распараджэнні мэра Лондана Генры Бартана ў 1417 сталі вывешваць вулічныя ліхтары. У пачатку XVI стагоддзя жыхароў Парыжа абавязалі трымаць свяцільні ў вокнаў, якія выходзяць на вуліцу. Першая сістэма гарадскога вулічнага асвятлення была створана яшчэ ў XVII стагоддзі ў Амстэрдаме, па ініцыятыве Яна ван дэр Хэйдэна, які ў першую чаргу быў вядомы як арганізатар гарадской пажарнай аховы. У 1668 годзе ён прапанаваў усталяваць вулічныя ліхтары, каб па начах гараджане не падалі ў каналы, для барацьбы са злачыннасцю і для палягчэння тушэння пажараў. Праект Ван дэр Хэйдэна прадугледжваў ўстаноўку двух з паловай тысяч алейных ліхтароў, канструкцыя якіх была распрацавана ім самім.
У 1669 Ян ван дэр Хэйдэн атрымаў пасаду Дырэктара і інспектара гарадскога асвятлення (нідэрл.: directeur en opzichter van de Stadsverlichting), да якой прыкладалася штогадовае дараванне ў памеры двух тысяч гульдэнаў. Ліхтары сістэмы Ван дэр Хэйдэн выкарыстоўваліся ў Амстэрдаме да 1840 года, пасля чаго іх змянілі больш сучасныя свяцільні.
Вельмі хутка амстэрдамскае новаўвядзенне запазычылі і іншыя гарады. У 1682 горад Гронінген замовіў 300 ліхтароў канструкцыі Ван дэр Хэйдэн. Не адставала і замежжа: у тым жа годзе гарадское асвятленне сістэмы Ван дэр Хэйдэн было ўведзена ў Берліне.
Спачатку ліхтары давалі адносна мала святла, паколькі ў іх выкарыстоўваліся звычайныя свечкі і алей. Прымяненне газу дазволіла значна павялічыць яркасць асвятлення. Газавыя ліхтары з'явіліся ў пачатку XIX стагоддзя. Іх вынаходнікам быў англічанін Уільям Мердок. У 1807 ліхтары новай канструкцыі былі ўсталяваныя на вуліцы Пэл-Мэлл і неўзабаве пакарылі ўсе еўрапейскія сталіцы. У канцы XIX стагоддзя — з вынаходствам электрычнасці і электрычнай лямпы на змену газавым ліхтарам прыйшлі ліхтары з электрычнымі лямпамі.
Класіфікацыя ліхтароў вулічнага асвятлення
[правіць | правіць зыходнік]Паводле крыніцы асвятлення
[правіць | правіць зыходнік]Паводле крыніцы асвятлення ліхтары бываюць:
- Свячныя;
- Алейныя;
- Газавыя (газа);
- Газавыя (прыродны газ);
- З лямпамі напальвання;
- З дугавымі лямпамі;
- Са святлодыёднымі лямпамі;
- З індукцыйнымі лямпамі;.
Паводле тыпу апоры
[правіць | правіць зыходнік]Паводле тыпу апоры ліхтары бываюць:
- На драўляных слупах;
- На жалезабетонных слупах;
- На металічных слупах;
- На мачтах;
- На крапежных тросах;
- На крапежных кабелях;
- На сценах будынкаў і збудаванняў.
Будова электрычнай сеткі
[правіць | правіць зыходнік]Сеткі вулічнага асвятлення выконваюцца з дапамогай кабельных або паветраных ліній з выкарыстаннем саманясучых ізаляваных правадоў. У абмежаваных выпадках для паветраных размеркавальных сетак дапускаецца выкарыстанне неізаляваных правадоў.
Па апорах кантактнай сеткі электрыфікаванага транспарту напругай да 660 В пастаяннага току, на якіх усталяваны свяцільні вулічнага асвятлення, для іх сілкавання дазваляецца пракладаць кабельныя лініі. Дапускаецца таксама выкарыстоўваць саманясучыя ізаляваныя правады.
Лініі сілкавання свяцільняў, падвешаных на тросах, павінны выконвацца з дапамогай саманясучых ізаляваных правадоў або неізаляваных правадоў, якія пракладзены па ізалятарах. Тросы для падвешвання свяцілень сілкавальных ліній сеткі дапускаецца мацаваць да канструкцый будынкаў, пры гэтым тросы павінны мець амартызатары.
Віды асвятлення
[правіць | правіць зыходнік]- Для асвятлення магістраляў і іншых буйных аўтадарог выкарыстоўваюцца ліхтары з рэфлектарам. Рэфлектар патрэбны для канцэнтрацыі святла ў напрамку аўтадарогі. Магутнасць лямпы, якая ўстанаўліваецца ў ліхтар складае 250-400 Вт.
- Для асвятлення другарадных дарог можа выкарыстоўвацца як рэфлектарнае, так і рассеянае асвятленне. Ліхтары забяспечваюцца рэльефнымі празрыстымі плафонамі, якія рассейваць прамяні святла на далёкую адлегласць. Магутнасць лямпаў складае 70-250 Вт.
- Для асвятлення пешаходных тратуараў, паркаў, веласіпедных дарожак і прыпынкаў грамадскага транспарту выкарыстоўваецца рассеянае асвятленне. Пры канструкцыі такіх ліхтароў асаблівая ўвага надаецца плафонам, якія рассейваюць промні святла. Звычайна яны робяцца альбо ў форме шара, альбо ў форме цыліндру. Магутнасць лямпаў, якія выкарыстоўваюцца ў такіх ліхтарах, складае 40-125 Вт.
- Для авятлення інфармацыйных аб'ектаў (нумароў дамоў, дарожных знакаў, вонкавай рэкламы) выкарыстоўваецца як унутраная падсветка, так і падсвятленне адмысловымі лямпамі і пражэктарамі.
- Архітэктурнае асвятленне выкарыстоўваецца для дэкаратыўнай падсветкі фасадаў будынкаў і іншых архітэктурных аб'ектаў.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Вулічнае асвятленне на Вікісховішчы |