Прыродны газ

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Прыро́дны газ — газападобны карысны выкапень пераважна вуглевадароднага саставу, які ўтварыўся ў тоўшчы зямной кары, а таксама высокаэканамічнае паліва, цеплата згарання 32,7 МДж/м³ (7800 ккал/м³). Выкарыстоўваецца як паліва на электрастанцыях, у чорнай і каляровай металургіі, цэментнай і шкляной прамысловасці, пры вытворчасці будаўнічых матэрыялаў і для камунальна-бытавых патрэб. Сусветныя геалагічныя запасы газа на кантынентах, у зоне шэльфаў і мелкіх мораў, па прагнознай адзнацы, складаюць 10,000,000,000,000,000 м³, што эквівалентна 10,000,000,000,000 тонам нафты. У 1994 годзе галоўнымі газаздабываючымі краінамі з'яўляліся Расія, ЗША, Нідэрланды, Вялікабрытанія, Інданезія, Алжыр, Саудаўская Аравія, Іран, Нарвегія, Італія, Германія.

Агульныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

Прыродны газ утварыўся ў выніку катагенетэчнага пераўтварэння арганічнага рэчыва асадачных пародаў. Залежы газу ўтвараюцца ў натуральных поласцях на шляхах міграцыі газу. Міграцыя адбываецца ў выніку статычнай ці дынамічнай нагрузкі парод, выціскаючых газ, ці пры свабоднай дыфузіі газу з высокага ціску ў зоны меншага ціску. Адрозніваюць пазарэзервуарную рэгіянальную міграцыю скрозь магутныя тоўшчы парод рознай пранікальнасці па капілярах, порах, разломах і расколінах і ўнутранарэзервуарную лакальную міграцыю ўсярэдзіне добрапранікальных пластоў, якія збіраюць газ. Асноўны кампанент прыроднага газу – метан (да 98%), таксама ў яго састаў уваходзяць этан, прапан, бутан, пентан, гексан, вуглякіслы газ, азот, серавадарод, і інертныя газы. У некаторых выпадках, пры ўмовах вялікай тэмпературы і ціску, прыродны газ пераўтвараецца ў вадкую фазу, утвараючы кандэнсат.

Падземнымі натуральнымі рэзервуарамі для 85% агульнай колькасці газавых і газакандэнсатных залежаў служаць пясчаныя, пясчана-алеўрытавыя і алеўрытавыя пароды, часта змешаныя з глінамі; у астатніх 15% выпадкаў зборнікамі газу з’яўляюцца карбанатныя пароды. Структура радовішчаў розная для складчатых і платформенных умоў. У складчатых раёнах выдзяляюць дзве групы структур, звязаных з антыкліналямі і монакліналямі. У платформенных раёнах выдзяляюць чатыры групы структур: купальных і брахіантыклінальных узвышшаў, эразійных і рыфавых массіваў, манакліналяў, сінклінальных прагібаў.

Газавыя залежы дзеляць на пластавыя і масіўныя. У пластавых залежах радовішчы газа прывязаны да залежаў-калектараў. Масіўныя залежы не прывязаны да сваіх пластоў. Найбольш распаўсюджаныя сярод пластавых сводавыя залежы, якія захоўваюцца дзякуючы моцнай гліністай ці галагеннай накрыўцы.

Радовішчы прыроднага газа, якія знаходзяцца на глыбіні не больш за 1,5 км, складаюцца амаль з аднаго метану з невялікімі дадаткамі яго гамалогаў (этану, прапану, бутану), азоту, аргону, калі-некалі вуглякіслага газа і серавадароду; з павелічэннем глыбіні ўтрыманне гамалогаў метану звычайна павялічваецца. У газакандэнсатных радовішчах утрыманне гамалогаў метану значна вышэйшае за метан. Гэта характэрна для нафтавых газаў. У некаторых газавых радовішчах назіраецца павышанае ўтрыманне вуглякіслага газа, серавадароду і азоту. Прыродны газ сустракаецца ў адкладаннях усіх геалагічных сістэм пачынаючы з канца пратэразоя і на розных глыбінях, але часцей за ўсё да 3 км.

Прамысловыя радовішчы прыроднага газа сустракаюцца ў выглядзе аддзеленых збораў, не звязаных з іншымі карыснымі выкапнямі, у выглядзе газанафтавых радовішчаў, у якіх газападобныя вуглевадароды поўнасцю ці часткова раствораны ў нафце ці знаходзяцца ў свабодным стане і запаўняюць узвышаную частку радовішча (газавыя шапкі) ці верхнія часткі злучаных паміж сабой гарызонтаў газанафтавай світы; у выглядзе газакандэнсатных радовішчаў, у якіх газ узбагачаны вадкімі вуглевадародамі.

Завод па перапрацоўцы прыроднага газа

Вуглевадароды, якія ўваходзяць у састаў прыроднага газа, з'яўляюцца сыравінай для вытворчасці метылавага спірту, фармальдэгіду, ацэтальдэгіду, воцатавай кіслаты і іншых арганічных злучэнняў. Канверсіяй кіслародам ці вадзяной парай з метану (асноўнага элемента прыроднага газа) атрымліваюць сінтэз-газ (СО+Н2), які выкарыстоўваецца для вытворчасці аміяку, спіртоў і іншых арганічных прадуктаў. Піролізам і дэгідрагенізацыяй метану атрымліваюць ацэтылен, сажу і вадарод. Прыродны газ выкарыстоўваюць таксама для атрымання алефінавых вуглевадародаў, і ў першую чаргу этылену і прапілену, якія ў сваю чаргу з’яўляюцца сыравінай для далейшага арганічнага сінтэзу.

Беларусь[правіць | правіць зыходнік]

У 2008 г. доля прыроднага газу ў валавым спажыванні паліўна-энергетычных рэсурсаў у Беларусі склала 62%, у аб’ёме кацельна-пячнога паліва — 79%, удзельная вага ў электраэнергетыцы — 95%[1]. На 1 ліпеня 2016 г. узровень газіфікавання кватэр вырас да 73,9%, у тым ліку на вёсцы — да 33,4%. За 2015 г. на прыродны газ перавялі каля 30 тыс. кватэр[2].

Зноскі

  1. Інга Міндалёва. 9 мільярдаў долараў — на беларускую АЭС // Звязда : газета. — 13 кастрычніка 2009. — № 193 (26551). — С. 3. — ISSN 1990-763x.(недаступная спасылка)
  2. "Энергетыка стала драйвэрам росту для беларускай эканомікі - Патупчык". Беларускае тэлеграфнае агенцтва. 12 кастрычніка 2016. Архівавана з арыгінала 11 кастрычніка 2016. {{cite news}}: Шаблон цытавання мае пустыя невядомыя параметры: |trans_title=, |separator=, |month=, і |coauthors= (даведка)

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]