Перайсці да зместу

Вязь

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Статут ВКЛ (1588)
Вязь

Вязь — старажытнае дэкаратыўнае пісьмо, пры якім літары звязаны ў непарыўны арнамент.

Запазычана ўсходне-славянскімі кніжнікамі ў канцы 14 ст. ад паўднёвых славян у двух стылях — прыродным і геаметрычным. Першы характарызаваўся наяўнасцю пры літарах раслінных і жывёльных арнаментальных элементаў, другі строга захоўваў геаметрычныя формы кірылаўскіх літар. Спалучэнне літар ў вязі рабілі рознымі спосабамі -- зліццём падобных частак суседніх літар, падпарадкаваннем адной літары другой, калі памер яе змяншаўся і яна пісалася ўнутры большай літары, не перасякаючы яе элементаў, памяншэннем абедзвюх літар і напісаннем іх адной пад другой і інш. Упрыгожванне арнаментальнымі элементамі служыла для запаўнення пустот, характэрных многім кірылаўскім літарам. Для пісання вяззю звычайна ўжывалі каляровыя фарба, часцей за ўсё кінавар. На Вялікім княстве Літоўскім у 15—17 ст. вяззю ўпрыгожвалі тытульныя лісты і загалоўкі кніг, ужывалі пераважна ў рукапісных кнігах рэлігійных жанраў («Псалтыр» 16 ст., «Пролаг» 17 ст.), зрэдку ў дзелавой і свецкай пісьменасці (Статут ВКЛ 1566). Друкаваная вязь вядома ў выданнях Ф. Скарыны, С. Буднага, у старадруках 16—17 ст. (Статут ВКЛ 1588, «Дзідаскалія» 1653). У вялікалітоўскай вязі пераважалі элементы расліннага і жывёльнага арнаменту, у маскоўскай -- геаметрычнага.