Максімальная даўжыня каля 2 м, маса каля 10 кг. Цела падоўжанае, сціснутае з бакоў ці вугрападобнае.
Дыханне жабернае і лёгачнае (адсюль назва), замест плавальнага пузыра «лёгкае», што дазваляе дыхаць атмасферным паветрам. Прымітыўныя асаблівасці: целы пазванкоў адсутнічаюць, хорда захоўваецца ўсё жыццё, сэрца з артэрыяльным конусам, кішэчнік са спіральным клапанам, верхняя сківіца зрошчана з чэрапам (аўтастылія). Ёсць унутраныя ноздры (хааны), «лёгачны» кровазварот, ніжняя полая вена, перадсэрдзе часткова падзелена на правую і левую часткі.
Вядомы з сярэдняга дэвону. Жывуць у прэсных слабапраточных вадаёмах, якія перасыхаюць, Паўднёвай Амерыкі (амерыканскі лускаўнік, або лепідасірэн), трапічнай Афрыкі (віды пратоптараў) і Паўночна-Усходняй Аўстраліі (рагазуб).