Дзмітрый Іосіфавіч Падрэз
Дзмітрый Іосіфавіч Падрэз | |
---|---|
Дата нараджэння | 25 красавіка 1987 (37 гадоў) |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | мастак, палітычны вязень |
Мастацкі кірунак | стрыт-арт[d] |
Дзмітрый Іосіфавіч Падрэз (нар. 25 красавіка 1987) — беларускі стрыт-арт мастак, вядомы як Дзіма Dream. Палітычны зняволены, абвінавачы і асуджаны падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе.
Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]
Мастацкую адукацыю Дзмітрый не атрымліваў, бо лічыць, што вучэльні не рыхтуюць сапраўдных мастакоў.
Выступаў як эксперт па гарадскім стрыт-арце ў журналісцкіх матэрыялах, прысвечанных нефармальнаму мастацтву[1][2].
Быў адным з куратараў і ўдзельнікаў выставы «Минск:[Ре]конструкция», якая праводзілася ў галерэі «ЦЭХ» у верасні 2013[3].
На момант затрымання Дзмітрый працаваў IT-спецыялістам.
Творчасць[правіць | правіць зыходнік]
Цікаўнасць да стрыт-арта, па словах самога Дзмітрыя, з’явілася пасля таго, як ён пабачыў трафарэты на вуліцах Мінску. Паступова ён ускладняў сваю тэхніку, таксама стаў больш увагі надаваць сэнсу малюнкаў: «трафарэты не заўсёды былі з ідэяй. І вось ужо ў 2011 вырашыў, што трэба рабіць беларускі стрыт-арт. Захацеў праз стрыт-арт расказаць беларусам пра Беларусь і яе культуру. У Беларусі цяпер ідзе культурны генацыд, інакш гэта не назавеш. Школы з беларускай мовай навучання пераводзяць на рускую… Перапісваюць падручнікі па гісторыі Беларусі такім чынам, што яна пачынаецца з СССР, а да гэтага нібыта ў нас гісторыі і не было»[4].
Як пісаў сам Дзмітрый, свае працы ён рабіў з мэтай уцягнуць гледача ў «мастацкія інтэрвенцыі»: не змяняючы яўна заўважна звыклай прасторы, ён пакідаў свае пасланні ў звыклых рэчах: на знаках, таблічках, рэкламных шчытах (Subvertising ), лайтбоксах, такім чынам, выпадковыя мінакі рабіліся гледачамі сэнсава новых паведамленняў, з выразным сацыяльна-палітычным падтэкстам, што таксама рабілася свядома[5].
Адным з такіх праектаў стала размяшчэнне радкоў беларускіх паэтаў, у тым ліку сучасных, на сцены Мінску, Гомелю, Гродна ды Віцебску з дапамогай трафарэтаў. Гэтыя працы Зміцер аб’яднаў пад назвай «Актуальныя рыфмы»[6].
Падобным чынам Дзмітрый упрыгожыў сцены беларускіх гарадоў выявамі беларускіх гістрарычных дзеячоў: «Серыя „Выбітныя сыны Беларусі“ — спроба вярнуць беларусаў да нашай культурнай спадчыны»[7].
Свае праекты Дзмітрый ладзіў не толькі ў Беларусі, але і ў Польшчы (Варшава і Катовіцэ), дзе яго працы пакінулі як аб’екты для ўвагі турыстаў. У Беларусі звычайна праекты хутка прыбіраліся камунальнымі службамі.
Сярод крыніц натхнення Дзмітрый называў француза Zevs , чэха Epos 257 , таксама польскіх мастакоў пасляваенных часоў[4].
Палітычны пераслед[правіць | правіць зыходнік]
Дзмітрый Падрэз быў затрыманы 15 ліпеня 2021 у сваёй кватэры ў Мінску, затрыманне ажыццяўлялі супрацоўнікі ГУБАЗіКа і САХР, два супрацоўнікі апошняга ведамства на вяроўках спусціліся з даху і праз вокны ўвайшлі ў кватэру Падрэза. На наступны дзень у тэлеграм канале ГУБАЗіКа было размешчана відэа, на якім Падрэз кажа, что неаднаразова прымаў удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, займаўся ідэнціфікацыяй супрацоўнікаў міліцыі, перадаваў асабістыя дадзеныя супрацоўнікаў у канал «Чорная кніга Беларусі», каб псіхалагічна ўздзейнічаць на апошніх. На момант затрымання Падрэза канал «ЧКБ» ужо быў прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім[8]. Пазней дэталі жорсткага затрымання Падрэза былі перададзены праваабаронцам былым сукамернікам Падрэза, з яго аповеду вынікае, што Падрэзу пагражалі згвалтаваннем, білі, абражалі і здзекваліся, парэзалі ды паламалі частку рэчаў, у тым ліку карціну мастака Захара Кудзіна. Пасля чаго адвезлі на допыт у ГУБАЗіК, дзе з пятай спробы запісалі відэа, на якім Падрэз чытае надрукаваны тэкст. Таксама пасля допыту Падрэза прымусілі падпісаць яўку з павіннай, тэкст якой яму таксама надыктавалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа[9].
Пасля затрымання Падрэз быў двойчы адміністрацыйна асуджаны за «непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі», адсядзеў 30 сутак на Акрэсціна, пасля якіх быў пераведзены ў СІЗА на Валадарскага, у сувязі з тым, што на яго была распачата ўжо крымінальная справа.
29 верасня 2021 шэрагам беларускіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў і Беларускі ПЭН-цэнтр, быў прызнаны палітычным зняволенным[10].
Праз восем месяцаў пасля затрымання, 15 сакавіка 2022 судовая калегія па крымінальных справах Мінскага гарадскога суда вынесла прысуд Дзмітрыю Падрэзу. Яго вінавацілі адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 130 (Распальванне варожасці ці варажнечы), арт. 364 (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), арт. 365 (Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў). Прысудам суда пад кіраўніцтвам суддзі Сяргея Хрыпача Падрэз быў прызнаны вінаватым і яму было прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 7 гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму, таксама на карысць траіх пацярпелых (прозвішчы невядомыя) было спагнана матэрыяльнае пакрыццё маральнай шкоды ў памеры 11 тысячы рублёў[11].
Судовы вырак Дзмітрый Падрэз адбывае ў турме № 4 у Магілёве.
Артыкулы[правіць | правіць зыходнік]
- Беларуские граффити и стрит-арт: лица, события, факты — Виталий Щуцкий и Дима Dream[12]
Зноскі
- ↑ Самые красивые граффити Минска: портреты горожан и начальника ЖЭСа, медузы и вытинанки (руск.)
- ↑ Гид по минскому стрит-арту (руск.)
- ↑ Каталог «Минск: [Ре]конструкция» (руск.)
- ↑ а б Новые нескучные: Дима Dream (руск.)
- ↑ Візуальныя дыверсii (бел.)
- ↑ Актуальныя рыфмы (бел.)
- ↑ Выбітныя сыны Беларусі (бел.)
- ↑ Силовики на веревках через окно вломились в квартиру айтишника, «который сливал личные данные телеграм‑каналу „ЧКБ“» Архівавана 9 чэрвеня 2022. (руск.)
- ↑ «Губазавец сказаў: „Добро пожаловать в гестапо“». Сталі вядомыя падрабязнасці затрымання мастака Дзмітрыя Падрэза (бел.)
- ↑ Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні чатырох новых палітвязняў (бел.)
- ↑ Яшчэ адзін жорсткі прысуд: айцішніка Падрэза асудзілі за зліў дадзеных пра сілавікоў (бел.)
- ↑ Беларуские граффити и стрит-арт: лица, события, факты (руск.)