Дэйр эль-Медына
Дэйр эль-Медына (у старажытнасці Сэт-Маат, «месца ісціны») — адзін з групы фіванскіх некропаляў, а таксама паселішча рамеснікаў, якія працавалі над стварэннем храмаў Даліны Цароў і Даліны Царыц у «горадзе мёртвых». Размешчаны на заходнім беразе Ніла, насупраць Луксора, на паўдарозе паміж Медынет-Абу і Рамесеумам.
Як вынікае з матэрыялаў раскопак, паселішча ўзнікла пры Тутмосе I і праіснавала па меншай меры да праўлення Рамсеса XI. Пталамеі пабудавалі тут храм багіні Хатхор, які пазней быў пераабсталяваны ў хрысціянскую царкву. Заступніцай гэтага месца лічылася Мерытсегер, багіня рамеснікаў і будаўнікоў.
Археалагічная зона Дэйр эль-Медына ўпершыню была даследавана ў 1905-09 гг. пад кіраўніцтвам Эрнэста Ск'япарэлі . Пасля раскопкі праводзіліся на гэтым участку рэгулярна.
У Дэйр-эль-Медыне знойдзены тысячы папірусаў і астраканаў, якія адкрываюць карціну паўсядзённага жыцця старажытнаегіпецкага паселішча больш падрабязна, чым якія б то ні было іншыя крыніцы. Вялікая колькасць тэкстаў з «горада майстроў» да гэтага часу чакае свайго апублікавання.